Выбіраем і ўпрыгожваем навагоднюю ёлку
Жывая ці штучная?
Навагодняя ёлка можа ўпрыгожыць нават самую сціплую кватэру. І гэта можа быць як натуральная елка ці сасна, так і штучнае дрэва.
Хаця большасць з нас усё ж такі аддае перавагу жывым елкам ці ў крайнім выпадку пахучым галінкам.
ПЛЮСЫ:
*непаўторны водар Новага года;
*жывыя елкі каштуюць менш, чым штучныя;
*пасля святаў дрэва выкідваюць – гэта зручна для маленькіх кватэр.
МІНУСЫ:
*штогадовыя затраты;
*клопаты, звязаныя з пошукам елкі;
*апалыя іголкі застрануць у дыване на доўгі час;
*у рэшце рэшт, шкада елачку: яна ж магла яшчэ расці і расці.
З іншага боку, сучасныя штучныя елкі выглядаюць не горш за натуральныя. А для таго, каб надаць сваёй кватэры навагодні водар, можна выкарыстоўваць спецыяльнае араматычнае масла. І пераваг у такой елкі, можа, яшчэ больш, чым у жывой.
ПЛЮСЫ:
*вы купляеце елку на многа гадоў;
*штучная елка не патрабуе догляду;
*ніякага смецця – штучныя іголкі не ападаюць;
*лёгка ўстанаўліваецца і лёгка захоўваецца;
*вы не наносіце ўрону навакольнаму асяроддзю.
МІНУСЫ:
*каштуе яна больш, чым жывая. Але гэты мінус можа ператварыцца ў плюс: адзін раз заплаціў – і 20 гадоў эканоміі;
*няякасная елка можа выдзяляць шкодныя рэчывы;
*сінтэтычная елка можа ў працэсе захоўвання памяцца і страціць таварны выгляд;
*штучная елка не мае водару Новага года.
Напэўна, кожны для сябе ўжо даўно вырашыў, якому дрэву аддаць перавагу.
А вось як правільна выбраць жывую ці штучную елачку?
Як выбраць жывую ёлку?
*Для таго, каб праверыць свежасць дрэва, адламіце галінку ад яго. Калі яна адломіцца лёгка і з трэскам – значыць, елка сухая і была ссечана за месяц да святаў ці перажыла рэзкае хістанне тэмпературы. У свежай елкі галіны эластычныя і зламаць іх будзе не так проста.
*Колер іголак павінен быць ярка-зялёным.
*Тонкі ствол елкі – прыкмета хваробы.
*Калі расцерці свежыя іголкі, то пальцы стануць масляністымі і вы адчуеце водар хвоі. Калі іголкі застануцца сухімі і без водару – елка абмарожана.
*Дрэва не павінна асыпацца, калі яго крыху патрэсці.
*Звярніце ўвагу, ці свежае ў дрэва месца ссячэння.
Як даглядаць яе?
*Калі вы купілі елачку за некалькі дзён да свята, пастаўце яе на балкон ці ў цёмнае месца ў вядро з вадой.
*Перад тым, як устанавіць елку, укараціце ствол на некалькі сантыметраў. Гэта дапаможа адкрыць поры дрэва для нармальнага ўсмоктвання вільгаці.
*Чым ніжэй тэмпература і вышэй вільготнасць паветра, тым даўжэй захаваецца святочны выгляд навагодняй прыгажуні.
*Старайцеся ўстанавіць дрэва далей ад батарэі ацяплення.
*Паліваць елку трэба гэтак жа часта, як і пакаёвыя расліны.
*Галінкі апырсквайце вадой.
*Трошкі солі, лыжка цукру і адна таблетка аспірыну на вядро вады – і ваша елачка прастаіць каля месяца.
Гісторыя навагодняй ёлкі
Мяркуецца, што традыцыя ўпрыгожвання ёлкі ўзнікла ў 16 стагоддзі ў Эльзасе. Як правіла, “каляднае дрэва” падвешвалася да столі, а пасля заканчэння свята дзецям дазвалялася стрэсваць прысмакі і плады, якімі ўпрыгожвалі ёлку. У гэты ж час з’яўляецца звычай умацоўваць на вяршыню дрэва зорку. А ў 18 стагоддзі ёлка ўжо існавала ў сучасным выглядзе.
У 1738 годзе жонка Людовіка XV загадала ўстанавіць ёлку ў Версальскім палацы. У Англію традыцыя ўпрыгожваць ёлку прыходзіць у 40-я гады 18 стагоддзя. Маладая каралева Вікторыя і яе муж кароль Альберт не толькі палюбілі гэтую традыцыю, але і распаўсюдзілі яе па ўсёй краіне.
У Расію навагоднія звычаі прывёз з Германіі Пётр I. Па яго загаду на ўсіх асноўных вуліцах трэба было паставіць ёлкі, сосны, ядловец. А простым людзям – упрыгожыць свае дамы яловымі галінамі. Спачатку гэта новаўвядзенне не атрымала шырокага распаўсюджання, як амаль усе смелыя рэформы Пятра I, але праз некаторы час рускім людзям усё ж такі спадабалася ставіць у сябе ёлку на Каляды.
Падчас Першай сусветнай вайны ёлка была забаронена як “нямецкі звычай”. А ў 1927 у ходзе антырэлігійнай кампаніі Каляды перастаюць быць афіцыйным святам, а “калядная ёлка” аб’яўлена “рэлігійным перажыткам”. Толькі ў 1935 годзе навагодняя прыгажуня вярнулася ў нашы дамы.
Ёлачны кірмаш
У Астраўцы ёлачны кірмаш пачаў дзейнічаць з 20 снежня. Навагоднія прыгажуні прадаюцца каля кінаканцэртнай залы “Астравец” і ў мікрараёне Валадарскага.
А цэны на елкі наступныя:
Елкі вышынёй да 1 м – 9000 рублёў;
вышынёй да 2 м – 12 000 рублёў;
вышынёй да 3 м – 15 000 рублёў.
А вось аматарам “дармавога” хлеба за незаконна спілаваную елачку давядзецца заплаціць ад 10 да 30 базавых велічынь.
Выбіраем штучную ёлку
Пры выбары штучнай елкі варта звярнуць увагу на матэрыял, з якога яна зроблена. Ёсць елкі з паперы з прамочваннем – выглядаюць яны нядрэнна, але пражывуць не больш за тры гады. Да таго ж ёсць небяспека ўзгарання. Самы хадавы матэрыял для штучных елак – ПВХ.
Улічыце, што няякасныя елкі з сінтэтычных матэрыялаў могуць выдзяляць шкодныя хімічныя рэчывы. Асабліва гэты эфект узмацняецца пад уздзеяннем цяпла – лямпачак і свечак. Папрасіце ў прадаўца сертыфікат.
Елка мусіць быць вогнетрывалай. І гэта таксама павінна быць адзначана ў сертыфікаце.
Перад пакупкай штучнай елкі праверце трываласць іголак: яны павінны трымаць форму пры любых умовах захоўвання.
Якіх толькі цяпер штучных елак не выдумалі – і белыя, і серабрыстыя, і з іголкамі, якія бліскацяць, і з гатовым уборам, і музычныя.
Канешне, у Астраўцы няма такой разнастайнасці штучных елак, але выбраць ёсць з чаго. У магазінах горада прадстаўлены елачкі розных памераў, і цэны вагаюцца ад 60 да 200 тысяч рублёў. Самая дарагая каштавала 210 тысяч рублёў з гатовым уборам і бліскучымі іголкамі.
А ў магазіне “Флора” прадстаўлены багаты выбар навагодніх сувеніраў і розных цікавых дызайнерскіх “штучак”: штучныя елачныя галінкі, ружы, абсыпаныя снегам, лятаючыя анёлы, залацістыя і серабрыстыя галіны, пры дапамозе якіх можна сваімі рукамі стварыць непаўторную навагоднюю кампазіцыю, якая стане лепшым упрыгожаннем вашага дома.
Як арыгінальна ўпрыгожыць ёлку?
Першапачаткова ёлкі ўпрыгожваліся прысмакамі, фруктамі і арэхамі. Лічыцца, што неўраджай яблык прымусіў хрысціян праявіць фантазію і знайсці ім замену ў выглядзе ёлачных цацак. І сёння можна сустрэць самыя розныя варыянты ўпрыгожвання навагодніх ёлак.
Так, гватэмальцы выкарыстоўваюць фігуркі з біблейскіх сцэн, ірландцы – каляровыя ліхтарыкі, мішуру і розныя забаўкі. У Бразіліі новы год выпадае на лета, таму жыхары гэтай краіны ўпрыгожваюць ёлкі маленькімі камячкамі бавоўны – нібыта гэта падаючы снег. А вось у Швецыі аздабляюць зоркамі, цацкамі ў выглядзе сонца, фігуркамі жывёл з саломы і дрэва.
Але заўсёды можна адысці ад традыцыі, праявіць трошкі фантазіі - і ваша ёлка будзе выглядаць “ад куцюр”.
Натуральная
Заўсёды актуальным упрыгожаннем ёлкі будзе ўсё натуральнае – пер’е, футра, драўляныя пацеркі, ягады рабіны. Цацкамі таксама могуць стаць маткі шэрсці, абрэзкі скуры, пучкі саломы. А традыцыйныя шышкі можна з дапамогай пластыліну сабраць у шар і абвязаць бліскучай тасьмой.
Элегантная
Для таго, каб ваша ёлка атрымала стыльны еўрапейскі выгляд, дастаткова будзе яе ўпрыгожыць аднолькавага памеру шарамі аднаго-двух колераў, замацаваных пры дапамозе атласных ці гіпюравых бантаў. На макаўку вешаюць вялізны бант ці не вешаюць нічога – міс элегантнасць гатова!
Тэматычная
Калі вы чалавек з пачуццём гумару і ў вас ёсць жаданне пажартаваць, то можна зрабіць тэматычную ёлку. Так, ёлку “па-джэнтльменску” ўпрыгожваюць запінкамі, гальштукамі, запальніцамі, яркімі бляшанкамі з-пад піва, пачкамі ад цыгарэт.
“Дамскую” ёлку “апранаюць” у яркія пацеркі, ланцужкі, калье, буйныя кліпсы, флакончыкі з-пад духоў, бутэлечкі з рознакаляровымі лакамі.
Тым, хто адзначае Новы год на дачы, спадабаецца ёлка ў стылі кантры, упрыгожаная пернікавымі домікамі ў глазуры, пячэннем у выглядзе снегавікоў, ледзянцамі на палачцы і шышкамі.
Па-дамашняму будзе выглядаць ёлка, упрыгожаная невялікімі мяккімі цацкамі. Пажадана, каб яны нагадвалі самаробныя, а са швоў нават можа тырчаць вата.
Лёгка зрабіць ёлку, якую можна назваць “сямейны альбом”. Вазьміце вашы сямейныя фатаграфіі і змайструйце дрэва ўспамінаў.
Дзецям цiкавыя мультфильмы. Усе памятаюць, як у мультфільме “Канікулы ў Прастаквашына” героі ўпрыгожвалі ёлку, якая расла каля дома. Сапраўды, у ход можа пайсці ўсё, што вы знойдзеце ў каморы, на антрэсолях, у дальніх кутках вашай кватэры – старыя гадзіннікі, статуэткі, рамкі для фотаздымкаў, нажніцы, шпулькі з ніткамі, ліхтарыкі і іншыя непатрэбныя рэчы.
Самаробная
Канешне, у магазінах можна набыць самыя розныя ўпрыгожванні ўжо ў гатовым выглядзе. Але больш прыемна стварыць штосьці непаўторнае сваімі рукамі. “Самаробкі” для ёлкі можна зрабіць з тканіны, паперы, пенапласту, салёнага цеста, фольгі. Ёлку можна ўпрыгожыць пампонамі, лялькамі з тканіны ці вязанымі цацкамі, вышыўкамі на навагоднюю тэматыку. А зрабіць ажурныя шары вельмі проста: дастаткова наматаць рознакаляровыя ніткі з клеем ПВА на надзьмуты паветраны шарык, а калі клей засохне, выпусціць з яго паветра.
Шчаслівага Новага года побач з вашай любімай унікальнай ёлачкай!
Вольга ШОЎКУН.