"Бачыць сэрцам - і тварыць"

10:00 / 07.06.2014
Гродзенская абласная арганізацыя грамадскага аб’яднання Беларускага таварыства інвалідаў па зроку зноў сабрала сваіх членаў з усёй вобласці на творчы фестываль. Сёлета ён адбыўся ў Гродна пад дэвізам “Сэрцам бачым, творым і жывём”.

У склад журы ўвайшлі спецыялісты аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама, Гродзенскага абласнога ўпраўлення па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва і мастацкія кіраўнікі аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Смаргонскага і Дзярэчынскага раёнаў.
Аўтарская песня Людмілы Іванаўны Кухарэвіч “Бацькоўская хата” знайшла водгукі ў глядацкай зале – апладысменты доўга не сціхалі. А Святлана Іванаўна Мешкіс падарыла ў гэты дзень прыгожую песню “Рамонак”. За ўдзел у фестывалі і яркія нумары Л.І. Кухарэвіч і С.І. Мешкіс былі ўзнагароджаны дыпломамі і каштоўнымі падарункамі.
Акрамя песень, вершаў і тэатралізаваных пастановак, на фестывалі была прадстаўлена і выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Рукатворныя работы астаўчанак прынеслі сваім гаспадыням Ю.А. Адынец і С.І. Мешкіс дыпломы і памятныя прызы.
Прыемным сюрпрызам для ўсіх, хто прысутнічаў у зале, стала выступленне музыканта-балалаечніка Аляксандра Варанішчы і гродзенскіх артыстаў, якія прадставілі цэлую фальклорную праграму.


----------------------------------------------------------------
Ю.АДЫНЕЦ, старшыня Астравецкай раённай арганізацыі інвалідаў па зроку
.