В Островце прошли районные олимпиады среди учащихся 3-9 классов

13:00 / 27.05.2014
Раённыя алімпіяды сярод вучняў 3-9 класаў прайшлі ў Астраўцы. Сёлета яны праводзіліся разам з раённым этапам абласной алімпіяды, удзельнікамі якога сталі старэйшыя школьнікі з восьмага і дзявятага класаў.

Прадэманстраваць веды па рускай, беларускай, англійскай і нямецкай мовах, матэматыцы, гісторыі, працоўным навучанні, грамадазнаўству, інфарматыцы, астраноміі, біялогіі, хіміі, фізіцы, геаграфіі і прадмету “Чалавек і свет” мог кожны школьнік. Праўда, для гэтага трэба было стаць пераможцам школьнай алімпіяды.
На раённы этап у астравецкія школы – менавіта на базе СШ №1 і гімназіі №1 праходзілі алімпіяды – прыехаў 271 вучань. 169 з іх па выніках алімпіяд былі ўзнагароджаны Дыпломамі аддзела адукацыі, спорту і турызму. Так, 74 школьнікі атрымалі Дыпломы І ступені, 39 юных алімпіёнікаў былі ўзнагароджаны Дыпломам ІІ ступені і 56 вучняў – Дыпломам ІІІ ступені.
Па-за канкурэнцыяй аказаліся школьнікі з гімназіі №1. Яны паклалі ў скарбонку сваёй установы ажно 56 дыпломаў. 34 узнагароды заваявалі вучні СШ №1, 21 – варнянскія школьнікі, 11 – міхалішкаўскія і 10 – гудагайскія.
– Прыемна, што з кожным годам жадаючых стаць удзельнікамі прадметных алімпіяд становіцца больш. Яшчэ больш задавальняе тое, што вучні дэманструюць добрыя веды і якасную падрыхтоўку, – расказвае намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Н.В. Баніцэвіч. – Прозвішчы многіх пераможцаў паўтараюцца з году з год, а гэта значыць, што падрастае змена сённяшнім пераможцам абласной і рэспубліканскай алімпіяд.
Больш за ўсё балаў па нямецкай мове набралі шасцікласніца гімназіі №1 Аліна Мацкевіч і дзевяцікласніца гэтай установы Вераніка Анімуцкая.
Не было роўных гімназістам у веданні англійскай мовы – найлепшыя вынікі паказалі шасцікласніца Аліна Вайшнаровіч (дзяўчынка правільна выканала 98% заданняў), сямікласніцы Дар’я Юцкевіч і Юлія Станкевіч і дзевяцікласніца Вікторыя Сідаровіч.
На алімпіядзе па гісторыі лідарам таксама стаў гімназіст – сямікласнік Іван Віткевіч.
Лепшы вынік па прадмеце “Чалавек і свет” у вучня 4 класа гімназіі №1 Данііла Казака.
А вось беларускую мову, як паказала алімпіяда, лепш за ўсё ведаюць у СШ №1 – найлепшы паказчык у трэццякласніцы Эльміры Жукоўскай.
Нядрэнна выступілі школьнікі і ў алімпіядзе па матэматыцы – 90 і больш працэнтаў тут набралі трэццякласніца СШ №1 Аляксандра Старцава, вучаніца 4 класа гімназіі №1 Паліна Мілешка, пяцікласніца гэтай жа ўстановы Анастасія Філістовіч і пяцікласнік СШ №1 Расціслаў Гудойць (у хлопчыка, зрэшты, як і ў мінулым годзе, абсалютны рэкорд – 100 балаў!)
На алімпіядзе па рускай мове “засвяціліся” школьнікі з гімназіі №1 – Яна Цэйка (3 клас), Кірыл Герман (4 клас), Вера Сівец (5 клас) і вучні СШ №1 – Арына Селікоўская (3 клас) і Яна Урбановіч (7 клас).


---------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.