Ученики и учителя Гудогайской школы трудятся в питомнике "Свитанак"

19:00 / 02.07.2013
“Тарнада сярэдняй рукі” – інакш пра Часлава Станіслававіча Лабачэўскага, кіраўніка і ўладальніка пладовага гадавальніка “Світанак”, і не скажаш. Ён не ўваходзіць у пакой, а ўбягае і адразу пачынае фантаніраваць навінамі: быў у Польшчы – што-нішто новае падгледзеў. Пра карысныя ўласцівасці абляпіхі чулі? А туманную ўстаноўку бачылі? Паспрабаваць абляпіхавага алею хочаце? Збіраюся на семінар у Германію – цікавая тэма…
Нарэшце, выгаварыўшыся, ён пераходзіць да мэты свайго візіту:
– Напішыце пра маіх памочнікаў – вучняў Гудагайскай школы. Працуюць – дай Бог дарослым: акуратна, рупліва, без нараканняў. І пра настаўнікаў таксама напішыце – унікальныя людзі. Не, сапраўды… Гудагайская школа не першая, з якой даводзілася супрацоўнічаць. Не першая, затое лепшая… На гарадскіх школьнікаў цяпер цяжка ўскладаць сур’ёзныя спадзяванні – не тое што да працы, нават да элементарнай дысцыпліны не прывучаны. Восенню паклікаў гарадскіх на зборку яблыкаў – адны нервы! – ледзь не палову гора-памочнікаў давялося прагнаць з сада.

– А сакрэт працавітасці гудагайскіх школьнікаў напалову ў працавітасці іх педагогаў, – разважае ўслых Часлаў Станіслававіч. – Дзе вы бачылі, каб настаўнік станавіўся на баразну побач з вучнем? Вось і я кажу: звычайна педагогі выконваюць ролю пасіўных наглядчыкаў. А гудагайскія працуюць на роўных.
Рабяты бачаць прыклад дарослых і стараюцца не адстаць – раўняюцца на настаўнікаў… Думаю, гэта ў разы больш дзейсны рычаг выхавання падрастаючага пакалення, чым самая дасканалая лекцыя пра любоў да працы.
…У гадавальніку сапраўды работа кіпіць – ідзе праполка.
– На гэты раз мы прадстаўляем не проста Гудагайскую школу, а летнік працы і адпачынку, які працуе на яе базе, – каменціруе сітуацыю начальнік летніка Галіна Іванаўна Бейдук. – Да “Світанка” мы ўжо паспелі плённа папрацаваць у лясгасе – і дапамаглі, і зарабілі пэўную суму грошай. Не застанёмся ў накладзе і тут – аплата нашых паслуг будзе зроблена ў адпаведнасці з дамоўленасцю паміж школай і “Світанкам”. Але Часлаў Станіслававіч не абмяжоўваецца “сухімі” пунктамі падпісанага дакумента – гэты чалавек умее паддаць ахвоты!
– Учора раніцай Часлаў Станіслававіч аб’явіў, што наш працоўны дзень будзе конкурсным – пераможца атрымае салодкі прыз, – расказвае Паліна Бурбуль. – Вядома, мы ўсе стараліся, як маглі, але па выніках агульнага галасавання (мы самі і “журылі” на конкурсе) лепшым у гэты дзень быў прызнаны Уладзімір Шэпко – ён атрымаў слоік мёду. Свежага. Майскага. Самага карыснага. А каб нам не было зайздросна, гаспадар “Світанка” кожнаму з нас уручыў па маленькай каробачцы мёду – кажуць, у такой “тары” іх падаюць у польскіх рэстаранах.
– А яшчэ Часлаў Станіслававіч арганізаваў для нас экскурсію ў Гервяцкі касцёл – другога ліпеня ён павязе нас туды абсалютна бясплатна, – дадае настаўніца Таццяна Аляксандраўна Ярмаковіч. – Як высветлілася, некаторыя з рабят да гэтага часу ні разу не былі ў гэтай жамчужыне хараства.
На маё пытанне, куды пойдуць заробленыя летнікаўцамі грошы, адказала Галіна Іванаўна Бейдук:
– Частку заробленых грошай мы аддаём школе – у агульную скарбонку, для выканання плана. Але і пра саміх сябе не забываем. У пачатку летніка мы ўжо адпачылі на Янаўскай ГЭС, а пад яго “занавес” у нас запланавана экскурсія ў Мінск з наведваннем цырка. А яшчэ кожны з рабят атрымае падарунак – набор школьных прылад.
– Калі ласка, ад майго імя перадайце праз газету вялікую ўдзячнасць за дапамогу дырэктару школы Ганне Мечыславаўне Капцюг, настаўнікам Галіне Іванаўне Бейдук, Таццяне Аляксандраўне Ярмаковіч, Таццяне Уладзіміраўне Грыва, Таццяне Іванаўне Вайцяховіч і ўсім вучням Гудагайскай сярэдняй школы, якія аднолькава добра ўмеюць і вучыцца, і працаваць, і адпачываць.


---------------------------------------
Ганна ЧАКУР, фота аўтара.