Исполнение мечтаний Виталия Статино

14:01 / 19.01.2013

У дзяцінстве, да класа чацвёртага, хлопчык Віталій, які на той час вучыўся ў Міхалішкаўскай школе, марыў стаць юрыстам.
А потым, калі мы пачалі вывучаць англійскую мову, я пазнаёміўся з нашай “англічанкай” Евай Яраславаўнай Родзь і адразу ж трапіў пад яе ўплыў. А яшчэ мне вельмі спадабаўся гэты “незразумелы” прадмет, – расказвае Віталій Тадэвушавіч. – Тады Ева Яраславаўна, сама таго не разумеючы, заклала ў маёй душы думку стаць настаўнікам.


Але ў 7 класе прыйшлі новыя падручнікі, у якіх былі высокія патрабаванні, і цікавасць да вывучэння прадмета прайшла сама сабой.
Потым Віталій зацікавіўся гісторыяй. Гісторык Ігар Рыгоравіч Усціменка прапанаваў юнаку паўдзельнічаць у алімпіядзе па прадмеце – Віталій згадзіўся. Праўда, і гэтае захапленне вельмі хутка прайшло.
У цэлым, праблем з вучобай у хлопца не было ніколі. Асабліва яму падабаліся біялогія і хімія, гэта і заўважыла яго класны кіраўнік. Менавіта Святлана Іванаўна Мацкевіч і прапанавала Віталію паступіць у Гродзенскі ліцэй. А ён доўга і не раздумваў, тым больш прадоўжыць вучобу ў Гродне рашылі і яго аднакласніцы.
– Утраіх – не страшна, вырашылі мы, і паехалі заканчваць 10 і 11 класы ў Гродна. Гэта былі самыя лепшыя гады школьнага жыцця. Яшчэ не ўніверсітэт, але ўжо нешта дарослае, незнаёмае, незвычайнае… 6-7 урокаў хіміі і біялогіі ў тыдзень, якія праводзілі выкладчыкі ўніверсітэта, здача сесій, выдатная база, дзякуючы чаму, выпускнікі ліцэя без дапамогі рэпецітара без асаблівых праблем паступалі ў любую профільную навучальную ўстанову. Пра што яшчэ марыць выпускніку?
Ужо ў канцы мая Віталій ведаў, што ён – студэнт Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта. Якраз у той год абітурыенты паступалі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы ў два патокі. І Віталій вырашыў паспрабаваць свае сілы яшчэ дзе-небудзь.
Бацькі бачылі яго ўрачом і ўпэўнівалі Віталія паступаць у медыцынскі ўніверсітэт. А ў ім усё яшчэ цеплілася дзіцячая надзея стаць настаўнікам, якая яшчэ больш умацавалася падчас вучобы ў ліцэі. І дзіцячая мара перамагла просьбы і перакананні бацькоў. Віталій стаў студэнтам Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Першы курс для Віталія, у адрозненні ад яго аднакурснікаў, быў вельмі простым. Залаты атэстат, атрыманы ў ліцэі, паказаў, што хлопец атрымаў выдатную базу. Ды і ўвогуле пяць гадоў прайшло неяк вельмі хутка і без асаблівых цяжкасцей. Больш складанасцей выклікалі летнія палявыя практыкі, якія студэнты праходзілі падчас першага і другога курсаў.
Летам адпачываць амаль не даводзілася. Але менавіта тады Віталій вызначыўся, што бліжэй яму батаніка. І з другога курса ўсе курсавыя работы і дыплом хлопец пісаў па батаніцы.
На чацвёртым курсе перад юнаком паўстала яшчэ адна праблема – пайсці ў навуку ці ўсё ж выбраць педагагічную дзейнасць, пра якую ён так марыў у школе. На той час Віталій ужо сур’ёзна захапіўся навукай і надрукаваў некалькі навуковых работ. І калі навуковы кіраўнік паставіў яго перад выбарам, хлопец рашыў: “Папрацую на практыцы ў школе і вырашу, што мне бліжэй”.
Педагагічная практыка адбывалася ў родным ліцэі і прайшла яна на “ўра”. На пятым курсе Віталій Тадэвушавіч не толькі вучыўся, але і працаваў у ліцэі. Гэта і стала вызначальным – Віталій рашыў, што будзе настаўнікам.
Праўда, у магістратуру ён усё ж такі паступіў. Вучобу ў ёй хлопец спалучаў з работай у гімназіі №1 Астраўца.
Калі я прыехаў у раён і прыйшоў у аддзел адукацыі на размеркаванне, канешне, было жаданне трапіць у адну з лепшых устаноў. Мне прапанавалі працу ў гімназіі. Гэта ўзрадавала. Але паведамілі, што выкладаць давядзецца хімію. Прызнаюся, спачатку гэта навіна мяне расчаравала, таму што я рыхтаваўся быць настаўнікам біялогіі. За час вучобы ўдалося назбіраць вялікую колькасць літаратуры, цікавых матэрыялаў. А тут хімія… Якая ва ўніверсітэце вывучалася толькі першыя тры курсы. І да размеркавання яе ўвогуле можна было забыць.
Любімым прадметам Віталія хімія не была ніколі, але вучыў ён яе старанна. Зрэшты, як і ўсё. Віталій Тадэвушавіч спадзяваўся, што ў гімназіі яму перападзе хаця б адзін клас, у якім бы ён змог выкладаць біялогію. І калі тут яму далі толькі хімію, у тым ліку – адзін клас з паглыбленым вывучэннем, то ён, гаворачы хімічнай мовай, “выпаў у асадак”.
Першы год працы ў гімназіі быў складаным. Праз два месяцы мне ўсё, шчыра кажучы, надакучыла, – усміхаецца Віталій Тадэвушавіч. – Выратавала маю педагагічную кар’еру толькі тое, што на месяц давялося паехаць на вучобу ў магістратуру. Гэта паездка пайшла мне на карысць. Я паспеў засумаваць па дзецях. А як толькі прыехаў з сесіі, тагачасны дырэктар гімназіі Вольга Тадэвушаўна Лябецкая прапанавала “выставіць” кандыдатуру на алімпіяду па хіміі. Я згадзіўся, праўда, як яна праходзіць – нават не ўяўляў.
Для падрыхтоўкі да алімпіяды заставаўся роўна тыдзень. Профільны клас, у якім працаваў Віталій Тадэвушавіч, быў моцным. Але чамусьці яму падалося, што справіцца з алімпіядай атрымаецца ў Жэні Праўко. І малады настаўнік прапанаваў дзяўчыне паспытаць свае сілы. Тады пашанцавала – на алімпіядзе трапіліся якраз тыя тэмы, якія яны паспелі разабраць – Жэня заваявала ў раёне другое месца. Гэта натхніла – і Віталій Тадэвушавіч з Жэняй узяліся за працу. У наступным годзе яна стала лепшай ў раёне і другой у вобласці. На рэспубліканскую алімпіяду Жэня тады не трапіла, але і дзяўчыну, і яе настаўніка запрасілі на трэніровачныя зборы.
Я як сёння помню той поспех. Стаяць масцітыя хімічныя “раёны” – Слонімскі, Лідскі, Гродна. І тут мы. “Адкуль? З Астраўца?” – на тварах нашых канкурэнтаў ці то здзіўленне, ці то непаразуменне.
Пасля поспеху на вобласці Віталій яшчэ больш заняўся самаадукацыяй. Ды так, што многія былыя аднакурснікі спрабавалі жартаваць: “І трэба было табе пяць гадоў вучыцца ва ўніверсітэце, каб цяпер самастойна дзень і ноч вучыць хімію!?”
Але Віталій ужо паставіў сабе мэту. І накіравана ішоў да яе ажыццяўлення. Потым была яшчэ перамога. І не адна. У алімпіядны рух уключыліся Уладзіслаў Міхно і Косця Лябецкі, якія таксама паклалі ў скарбонку поспехаў маладога настаўніка не адну ўзнагароду. Цяпер у настаўніка новыя “алімпійцы” – васьмікласнікі Ілья Карповіч і Ангяліна Пятровіч, якія, як калісьці і Уладзіслаў Міхно, вучачыся ў восьмым класе, сёлета выступаюць за дзявяты.
З 2010 года Віталій Тадэвушавіч трэнер абласной каманды па падрыхтоўцы да рэспубліканскай алімпіяды, штогод лета ён праводзіць у абласным летніку “Навука”. А цяпер да ўсіх заваёў дадалася яшчэ адна – ён стаў членам журы абласной алімпіяды.
Планы ў маладога настаўніка размеркаваны на некалькі гадоў наперад.
Калі я вучыўся на пятым курсе, мне пашанцавала пазнаёміцца з “Настаўніцай года-2006” Ірынай Рамуальдаўнай Клявец. Яна расказвала нам, тагачасным студэнтам, будучым настаўнікам, пра свой удзел у конкурсе. Тады і ў мяне зарадзілася жаданне паспрабаваць свае сілы. Пакуль што яно не рэалізавалася. І рана, ці позна я ўсё ж такі рашуся на гэты крок. Калі? – Віталій Тадэвушавіч на імгненне задумваецца і дадае: – Калі знайду якую-небудзь “фішку”, тады і паспрабую!
Калі я слухала Віталія Тадэвушавіча, раз-пораз прабягала думка, што ён з “пароды” тых людзей, якія поўнасцю прысвячаюць сябе рабоце. І сапраўды, ці шмат вы ведаеце маладых спецыялістаў, якія за пяць гадоў пасля заканчэння ўніверсітэта змаглі заявіць аб сабе, як аб сапраўдным прафесіянале, якія прызнаны “Чалавекам года Гродзенскай вобласці” і чый партрэт занесены на раённую Дошку гонару?
Працаваць у такім напружаным рэжыме цяжка. Урокі, вучні, праверка сшыткаў, падрыхтоўка да алімпіяд, трэніровачныя зборы… Але нягледзячы на ўсё гэта, яму хапае часу і на сябе.
Віталій Тадэвушавіч вывучае іспанскую мову – марыць паехаць у Іспанію, шмат часу прысвячае чытанню твораў сваіх любімых аўтараў – Жуль Верна і Эдгара По. І здаецца, што ён ужо знайшоў сябе. Але Віталій Тадэвушавіч упэўнены, што працаваць ёсць над чым. Прычым, ва ўсіх накірунках. Да таго ж, успамінаючы вядомую прыказку, ён яшчэ не паспеў пасадзіць дрэва, пабудаваць дом і вырасціць сына. Але верыцца, што ў гэтага мэтанакіраванага чалавека абавязкова ўсё атрымаецца!


-------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.