Ірына Родзь з Астравецкай СШ №1 стала "Піянерам года-2012"
Піянерскі рух трывала ўтрымлівае лідарскія пазіцыі буйнейшага дзіцячага аб’яднання ў краіне. Арганізацыя мае сваю сістэму каштоўнасцей, праграмы дзейнасці і арганізацыйную структуру.
Канешне, сённяшнія піянеры адрозніваюцца ад піянераў мінулых гадоў. Але яны такія ж актыўныя, мэтанакіраваныя і працавітыя. Пра гэта сведчыў і раённы конкурс “Піянер года-2012”.
Праводзіцца падобнае мерапрыемства ў раёне не першы раз, і заўсёды на яго прыязджаюць самыя актыўныя школьнікі. Сёлета пазмагацца за права называцца галоўным піянерам раёна рашыліся толькі чатыры лідары – Ангеліна Антановіч з Гудагайскай школы. Дар’я Касцюк з Мальскага НПК, Ірына Родзь з СШ №1 і Вольга Бабіч са Спондаў.
Дзяўчатам давялося прайсці некалькі выпрабаванняў.
Самым лёгкім аказаўся першы тур пад гучнай назвай “Да спраў на карысць Радзімы!”, у якім школьніцы прадстаўлялі відэапрэзентацыі аб дзейнасці сваёй піянерскай дружыны. Лёгкім таму, што прэзентацыю кожная са школьніц рыхтавала яшчэ дома, а на конкурсе толькі заставалася паказаць яе членам журы.
У другім туры пад назвай “Піянеррынг” дзяўчатам неабходна было прадэманстраваць свае веды аб піянерскай арганізацыі. Што з’яўляецца піянерскім прывітаннем, з якога ўзросту можна ўступаць у рады БРПА, калі адзначаецца дзень піянерскага сяброўства, законы піянераў, праграмы, па якіх працуюць піянеры, і шэраг іншых пытанняў не выклікалі вялікіх цяжкасцей у юных лідараў. Аказалася, ёсць шмат агульнага ў цяперашніх і былых піянераў. А самай эрудзіраванай піянеркай стала Ірына Родзь, яна набрала 8,5 балаў, Ангеліна Антановіч фінішыравала з сумай 7,5 , Вольга Бабіч набрала 6,5, і Дар’я Касцюк – 5,5 балаў.
У наступным туры школьніцы расказвалі пра сябе. Ангеліне дапамаглі гэта зрабіць школьныя сяброўкі і малодшая сястрычка. Дарэчы, у 2008 годзе дзяўчынка ўжо перамагала ў падобным раённым конкурсе, толькі тады стала “Акцябронкам года”.
Дар’я Касцюк спачатку расказала пра сябе, а потым прадставіла ўвазе гледачоў пастаноўку казкі “Чырвоная Шапачка на новы лад”, дзе юныя піянеры выратавалі бабку ад злога ваўка.
Вольга Бабіч расказала пра сябе ў гумарыстычнай форме. А Ірына Родзь разам са сваімі сябрамі выканала песню “Піянерскае дзяцінства”.
У чацвёртым конкурсе “Я – піянер!” школьніцы змагаліся ў мастацтве прыгожа гаварыць. Праўда, у большасці з іх пад аратарскім майстэрствам хавалася справаздача аб зробленым за апошні год.
Ангеліна Антановіч разважала над тым, што значыць быць піянерам і як яна сябе рэалізавала ў школе. Дар’я Касцюк падвяла вынік сваёй работы за тры гады, пакуль яна з’яўлялася старшынёй савета дружыны. Вольга Бабіч расказала пра сваю дружыну і тое, што найбольш цікавіць яе аднагодкаў. А Ірына Родзь паведаміла пра дзейнасць атрада “Агеньчык”, які жыве пад дэвізам: “Дарыце людзям радасць!”.
У выступленнях кожнай з удзельніц былі як плюсы, так і мінусы. Усё ж вырашыла набраная дзяўчатамі колькасць балаў. Згодна з імі, трэцяе месца з уручэннем дыплома адпаведнай ступені заняла Вольга Бабіч са Спондаў. Другое месца падзялілі Ангеліна Антановіч з Гудагайскай школы і Дар’я Касцюк з Мальскага НПК – дзяўчаты набралі па 19,5 балаў. І з 20,2 баламі перамагла Ірына Родзь з СШ №1, якая і стала “Піянерам года-2012” і будзе прадстаўляць наш раён на абласным конкурсе.
Алена ЯРАШЭВІЧ.