Статус гімназіі пацвердзілі

09:34 / 06.06.2011

1 верасня 2004 года на базе СШ №2 г.п. Астравец была ўтворана гімназія №1.
Педагогам і вучням гімназіі ёсць  чым пахваліцца – за апошнія гады яна, дзякуючы падтрымцы райвыканкама,  набыла  новае аблічча, а яе вучні  і настаўнікі заявілі пра сябе не толькі ў раёне і вобласці, але і ў рэспубліцы, і нават на міжнародным узроўні.


Наша інтэрв’ю з дырэктарам гімназіі №1 Ірынай Антонаўнай Лях прысвечана акрэдытацыі, якая тут нядаўна прайшла.

– Раскажыце нашым чытачам, што маецца на ўвазе пад  словам  “акрэдытацыя”?
– Акрэдытацыя праводзілася дэпартаментам кантролю якасці адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь на адпаведнасць зместу і якасці адукацыйнай дзейнасці і ўзроўню падрыхтоўкі выпускнікоў патрабаванням адукацыйных стандартаў і ўстанаўленне права гімназіі на выдачу выпускнікам дакументаў устаноўленага адзінага ўзору аб адукацыі.
Калі гаварыць коратка, то акрэдытацыя – гэта вялікая комплексная праверка на змест і якасць адукацыі і адпаведнасць гімназіі таму тыпу навучальнай установы, які  яна носіць.
– Як ўся гэта працэдура праходзіла?
– Акрэдытацыя праводзілася ў сакавіку  бягучага года. У склад камісіі ўваходзілі работнікі ўпраўлення адукацыі, дырэктары, намеснікі дырэктараў гімназій з усёй рэспублікі. Мэтай было вывучыць узровень адукацыйнага працэсу і ўмовы яго ажыццяўлення ў нашай гімназіі, захаванне патрабаванняў Законаў Рэспублікі Беларусь  “Аб адукацыі”, “Аб агульнай сярэдняй адукацыі” і іншых нарматыўных і прававых актаў, а таксама адпаведнасць вынікаў дзейнасці крытэрыям, устаноўленым для заяўленага тыпу, зместу і ўзроўню адукацыі – патрабаванням адукацыйных стандартаў.
– Як вы рыхтаваліся да  вялікай комплекснай праверкі?
– Тое, што мы дастойна прайшлі акрэдытацыю, – заслуга ўсяго педагагічнага і вучнёўскага калектываў. Вялікая работа была праведзена  адміністрацыяй гімназіі па выкананню адукацыйных праграм, аб’ектыўнасці ацэньвання інтэлектуальнай працы нашых вучняў і адпаведнасці выстаўляемых адзнак крытэрыям ацэньвання, удзялялася ўвага і рабоце з кадрамі.
Перад педагогамі таксама стаяла складаная задача: неабходна было даваць вучням якасныя веды, заявіць пра  сябе як пра прафесіяналаў. І нашым настаўнікам, як адзначыла камісія,  гэта ўдалося – урокі праводзіліся на добрым метадычным узроўні, педагогі выкарыстоўвалі нестандартныя формы іх правядзення, выкарыстоўваўся дыферэнцыраваны падыход пры арганізацыі адукацыйнага працэсу, што  адбілася і на паспяховым выступленні нашых вучняў на раённых, абласных, рэспубліканскіх і нават міжнародных алімпіядах, а таксама ў конкурсах, спартыўных мерапрыемствах і спаборніцтвах. Усё гэта  пацвярджае паспяховасць работы гімназіі з адоранымі вучнямі.
Вучні павінны былі на дастойным узроўні напісаць кантрольныя работы. Аналіз пацвердзіў, што ім гэта ўдалося.
– Ці лёгка было дасягнуць жаданага?
– Канешне, нялёгка. Гэта штодзённая карпатлівая работа ўсяго педагагічнага калектыву на працягу ўжо многіх гадоў.
І зразумела, што працавалі мы не толькі той тыдзень, пакуль нас правяралі, а ўсе гады, што прайшлі з  моманту адкрыцця гімназіі.
18 мая мы атрымалі сертыфікат аб акрэдытацыі гімназіі – і гэта вынік нашай шматгадовай працы.
– Вы задаволены вынікамі акрэдытацыі?
– Канешне. Мы атрымалі заключэнне, у якім амаль няма адмоўных момантаў. А невялікія заўвагі, якія былі дадзены, у хуткім часе мы пастараемся выправіць.
Адной з галоўных умоў для акрэдытацыі гімназіі з’яўляецца высокая выніковасць работы. А ў нас яна ёсць. Узяць, да прыкладу,  алімпіядны рух. Імёны Насці Вайшнаровіч, Веранікі Дземеш, Уладзіслава Міхно, Аркадзія Каржановіча, Аксаны Аўгуль і іншых гімназістаў на слыху ва ўсім раёне і за яго межамі. Была адзначана і выхаваўчая работа – праводзімыя мерапрыемствы, накірункі ў рабоце,  арганізацыя шостага школьнага дня.
– А з якімі паказчыкамі гімназія заканчвае вучэбны год?
– Па выніках года 60 вучняў сталі  выдатнікамі. Пяць  вучняў пры ўмове паспяховай здачы экзаменаў за 9 клас атрымаюць пасведчанні аб базавай адукацыі з адзнакай. Сярод выпускнікоў-адзінаццацікласнікаў  адзін прэтэндуе  на атрыманне залатога медаля, і пяць атрымаюць дыпломы выдатнікаў.  Плануем, што  24 вучні атрымаюць пахвальныя лісты.
Сёння ў гімназіі  вучыцца 71 пераможца і прызёр раённых алімпіяд,   5 пераможцаў і прызёраў абласной і 3   пераможцы і прызёры рэспубліканскай алімпіяд.  І мы гэтым ганарымся.
– Думаю, што вы не збіраецеся спыняцца на дасягнутым. Якія планы на будучыню?
– У перспектыве мы хацелі б стварыць уласнае тэлебачанне.
Сёлета таксама збіраемся адкрыць першы алімпіядны клас. Сюды  будуць залічаны выпускнікі 4 класаў пасля здачы ўступных экзаменаў у гімназію.
Вялікую работу праводзім па аснашчэнню апорных кабінетаў. Сёння іх у гімназіі  дзесяць  па розных прадметах – сюды стараемся набыць і тэхнічныя сродкі навучання, і неабходныя метадычныя дапаможнікі. Цяпер галоўнай задачай з’яўляецца стварэнне рэсурсных цэнтраў, якія будуць абсталяваны самай сучаснай тэхнікай. Напрыклад, у кабінеце замежнай мовы абавязкова павінен быць лінгафонны кабінет – а гэта дзесяць ноўтбукаў, якія можна перанесці ў іншыя кабінеты.
А яшчэ – добраўпарадкаванне і заканчэнне рамонту ў гімназіі. Самае крыўднае – тэрыторыя нашай гімназіі, як прахадны двор. У мінулым годзе  было зроблена многае, але людзі не цэняць тое, што зроблена не іх рукамі – і выкопваюць, вырываюць кветкі, саджанцы. Таму хочам абгарадзіць нашу тэрыторыю плотам. Бізнес-план у нас ужо складзены і будзем яго выконваць.
– Дзякуй га гутарку.


Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.