Развітальны акорд прагучаў у Варнянскай школе мастацтваў
Святочная ўрачыстасць прайшла ў Варнянскай школе мастацтваў. Яна была развітальным акордам для выпускнікоў, мінорную танальнасць якога не маглі выправіць нават шматлікія віншаванні, што прагучалі ў адрас юных музыкаў. А для астатніх выхаванцаў, каму пашчасціць пераступіць парог школы ў наступным навучальным годзе, свята гучала на радаснай ноце. Хваляваліся рабяты хіба што, калі выходзілі на сцэну са сваім канцэртным нумарам.
Цудоўныя гукі гітары зачароўвалі слухачоў, народны хор парадаваў сваім майстэрствам, баяністы начале з Эдгарам Шэмісам задалі баявы настрой. Іх падтрымалі акардэаністы. Пад фартэпіянную п’есу “Імгненне” ў выкананні Марты Блашкевіч – вучаніцы Ганны Сяргееўны Ялоўскай – было прыемна паразважаць. А колькі грацыі ў рухах танцораў! Аліна Едко, як сапраўдная балерына, выканала цудоўны класічны эцюд. У завяршэнне канцэрта выступіў выдатны вакальны дуэт выкладчыкаў “Мара”.
Радасць бацькоў была бязмежнай, шквал апладысментаў суправаджаў кожны нумар.
Выпускнікі Канстанцін Адула, Дзіяна Багдановіч, Дзіяна Бумбуль, Марыя Млынкоўская, Аліна Едко, Марта Блашкевіч выказалі шчырую падзяку сваім настаўнікам, асабліва дырэктару Аліне Вікенцьеўне Лянцэвіч. На вачах усіх блішчэлі слёзы: развітанне – рэч сумная. За столькі гадоў вучобы нават целам прырастаеш да свайго інструмента. Яшчэ ў верасні кожны з выпускнікоў жадаў хутчэй адвучыцца і забыць пра свае пакуты, а вось зараз …Як добра я іх разумею!
Вельмі хочацца, каб выпускнікі не забылі тыя навыкі, што дала ім школа, каб неслі іх далей, каб жывая музыка заўсёды гучала ў іх хаце. Мастацтва не бывае ўчарашнім, яно вечнае, таму што прарасце сёння і будзе нас радаваць заўтра.
Святлана ЕЎТУШЭНКА, настаўніца Варнянскай ДШМ.