Астравецкія алімпіёнікі вярнуліся з узнагародамі

09:14 / 30.03.2011

Наша газета ўжо паведамляла, што шэсць вучняў з нашага раёна ўвайшлі ў склад абласной зборнай, якая будзе ўдзельнічаць у рэспубліканскай алімпіядзе.


На мінулым тыдні ў алімпіядзе па рускай мове, якая праходзіла ў горадзе Брэсце, удзельнічала Аксана Аўгуль, вучаніца гімназіі №1. Аксана выступіла даволі ўдала і ў Астравец вярнулася з дыпломам ІІІ ступені.
У гэты ж час у Гродна праходзіла рэспубліканская алімпіяда па хіміі. У абласную каманду ўвайшлі тры нашы школьнікі – Уладзіслаў Міхно і Канстанцін Лябецкі з гімназіі №1 і Аляксей Мацкела з Міхалішкаўскай школы. Тут найлепшы вынік паказаў Уладзіслаў Міхно – у яго І месца і дыплом І ступені.
У мінулым годзе Уладзіслаў Міхно, які тады вучыўся ў восьмым класе, ужо прымаў удзел у алімпіядзе па хіміі за дзявяты клас і заваяваў дыплом другой ступені. У Аксаны Аўгуль таксама быў вопыт удзелу ў рэспубліканскай алімпіядзе. Выступіла яна тады добра, але да дыплома балаў не хапіла. Цяпер жа школьнікі яшчэ раз даказалі, што валодаюць ведамі і могуць прэтэндаваць на ўзнагароду.
Віншуем Аксану Аўгуль і яе настаўніцу Марыю Антонаўну Блізнік і Уладзіслава Міхно, з якім займаўся настаўнік хіміі Віталій Тадэвушавіч Стаціна, з удалым выступленнем і перамогай!


Алена ЯРАШЭВІЧ.