Бацькоўскі сход: кожная сям'я шчаслівая па-свойму

12:18 / 26.03.2011

Раённыя бацькоўскія сходы, якія штогод праводзяцца аддзелам адукацыі, сталі ўжо папулярнымі сярод бацькоў, яны наведваюць іх, каб даведацца нешта новае, паглядзець, у якіх умовах вучацца іх дзеці, атрымаць адказы на цікавячыя пытанні, звязаныя з выхаваннем дзяцей.


У мінулую суботу ў кінаканцэртнай зале “Астравец” сабраліся бацькі і  педагогі з усіх школ раёна, каб разам абмеркаваць праблемы выхавання.
У фае працавала выстава дзіцячых малюнкаў “Мая сям’я – мой гонар” і стэнды з фотаздымкамі, прывезеныя з усіх школ раёна, якія  прысвячаліся рабоце з бацькамі. Бацькі з задавальненнем разглядвалі фотаздымкі і шукалі на іх сябе ці сваіх дзетак. Многім гэта ўдавалася – і тады твар свяціўся ўсмешкай. Але былі сярод іх і такія, якія,   сумна пазіралі на фотаздымкі і апускалі вочы – такіх мамаў і татаў  на бацькоўскіх сходах  і школьных мерапрыемствах сустрэнеш не часта. Як ні сумна пра гэта гаварыць, гора-бацькі ўсё яшчэ сустракаюцца ў нашым грамадстве. Таму і тэма бацькоўскага сходу была выбрана невыпадкова – “Сям’я без насілля”.
Пачаўся сход з відэапрэзентацыі “Дзеці – наша будучыня”. Усе яны – вельмі розныя: маленькія і амаль дарослыя, радасныя і з сумнымі вочкамі, напоўненымі слязьмі, шчаслівыя і не вельмі. Але ўсім ім патрэбна адно – любячыя мама і тата, да якіх можна звярнуцца з просьбай ці падзяліцца радасцю, якім можна расказаць пра ўсё-усё і якія абавязкова зразумеюць і падтрымаюць.
Пра тое, што работа з бацькамі ў школах раёна вядзецца, сведчыў даклад начальніка аддзела адукацыі Віктара Віктаравіча Млечкі і прэзентацыя, якой ён суправаджаўся. У прыватнасці, Віктар Віктаравіч  расказаў, што ў школах раёна вучацца дзеці з 3036 сем’яў, для іх арганізаваны факультатывы па гендэрнаму і сямейнаму выхаванню, пры кожнай школе створаны і працуюць папячыцельскія саветы, бацькоўскія камітэты. У гэтым навучальным годзе 165 дзецям аказана матэрыяльная дапамога на 15 мільёнаў рублёў. У школах вучацца дзеці, якімі ганарыцца ўвесь раён – гэта прызёры і пераможцы алімпіяд і спаборніцтваў.
І разам з усімі станоўчымі момантамі, ёсць такія, што выклікаюць засмучэнне – правапарушэнні і злачынствы школьнікаў. Толькі за тры месяцы гэтага года непаўналетнімі здзейснены 2 злачынствы і 9 правапарушэнняў.  Вялікую трывогу выклікае і становішча дзяцей, якія выхоўваюцца ў сацыяльна небяспечных сем’ях. Сёння на ўліку стаяць 74 такія сям’і, у якіх жывуць 150 дзяцей. Толькі за гэты год з пяці сем’яў былі забраны 9 дзяцей. І нягледзячы на работу, якую праводзяць усе зацікаўленыя арганізацыі, колькасць бацькоў, якіх пазбаўляюць бацькоўскіх правоў, і, адпаведна, колькасць абяздоленых дзяцей расце.
Па статыстыцы каля 50% дзяцей падвяргаюцца насіллю, 37% бацькоў б”юць сваіх дзяцей за любыя праступкі. А між іншым у кожнага дзіцяці ёсць правы – пра іх дарослым расказалі выхаванцы дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці №1.
Мінорную нотку ўнесла выступленне  намесніка старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Тарэсы Мар’янаўны Драган. Тарэса Мар’янаўна пачала з жыццёвых гісторый. Некалькі гадоў назад у Лідзе ў дзіцячым доме  праходзіў семінар. Цікавая праграма, прыгожыя дзеці, якія  расказвалі пра свой дом, жыццё.  А ў канцы ўсе разам яны спявалі  гімн, які склалі самі. Гімн  пра тое, як добра ў дзіцячым доме, але якімі б залатымі ні былі сцены і крэслы, усе яны чакалі сваю маму: “Мама, дзе ты? Дзе твае рукі? Дзе твая ласка?..”  Плакалі дзеці, плакалі і дарослыя. І такіх гісторый шмат… У жанчыны забралі чацвярых маленькіх дзяцей, яе пазбавілі бацькоўскіх правоў. За той час, пакуль мама адумалася і стала на шлях выпраўлення, дзеці падраслі. І вось яна едзе ў Ваўкавыск на сустрэчу са сваімі, амаль чужымі для яе дзецьмі. Яны на той час збіраюцца ад’язджаць у Італію. А ўбачыўшы маму, яны з радаснымі воклічамі бягуць да яе і просяць: “Мамачка, забяры нас! Ты нам патрэбна!”
За час дзеяння Дэкрэта №18 з няўдалых сем’яў забрана 93 дзіцяці. Калі за шэсць месяцаў бацькі не выпраўляліся, іх пазбаўлялі бацькоўскіх правоў. Дзевяноста тры  збалелыя сэрцы і пакалечаныя лёсы самых родных людзей…
– Многія нас асуджаюць, аднак лепш папярэдзіць бяду, чым узяць на сябе грэх за жыццё дзіцяці, – працягвае Тарэса Мар’янаўна. – Шмат гадоў назад нарадзіла малыша маці-адзіночка. Яна піла і  гуляла – і перад выпіскай перад урачамі паўстала пытанне: аддаць ёй дзіця ці пазбавіць бацькоўскіх правоў? Выбар зрабіць было цяжка, але маці ўдалося ўпэўніць усіх, што яна зможа выгадаваць сваю крывінку сама. І што ж? Фінал гэтай гісторыі вельмі сумны – да васьмі месяцаў выгадавала, а потым ноччу ў п’яным чадзе прыдушыла. Пасля гэтага ёсць апраўданне таму, што мы робім? Можа, лепш няхай бацькі спачатку дакажуць, што ім можна даверыць жыццё дзіцяці, а потым мы яго ім вернем.
Падчас выступлення Тарэсы Мар’янаўны ў зале некаторыя плакалі, а пасля таго, як увазе сабраўшыхся быў паказаны відэафільм пра Варнянскі дзіцячы сацыяльны прытулак, раўнадушных не засталося – усе: і мамы, і таты, і педагогі  адкрыта выціралі слёзы.
Шчымлівая нотка чулася і ў выступленні прыёмнай мамы Леакадзіі Міхайлаўны Івашкевіч. Яны з мужам вырасцілі і выхавалі траіх дзяцей – цяпер адна дачка жыве ў сталіцы, другая – у Германіі, сын – ваенны… Вялікі дом з усімі выгодамі, які калісьці поўніўся дзіцячымі галасамі, апусцеў,  у ім стала сумна. І Леакадзія Міхайлаўна прапанавала мужу ўзяць дзяўчынку, але… з’явіўся хлопчык Валодзя, якому толькі 12 гадоў і які па волі лёсу застаўся без апекі бацькоў.
–Валодзя рос на хутары – цыганская, свабодная душа… Не адразу ўсё стала ладзіцца – пакуль хлопчык прывык да новай сям’і, новага класа, настаўнікаў… Але хутка мы зразумелі, што ён – наш. І ён таксама змяніўся.
Леакадзія Міхайлаўна падтрымлівае сувязь з Валодзевымі бацькамі – маці па стану здароўя знаходзіцца на сацыяльным ложку ў Міхалішках. Але свята Восьмага сакавіка яна правяла разам са сваім сынам і яго прыёмнымі бацькамі. І гэта быў, напэўна, самы шчаслівы дзень у жыцці яе самой і яе сына.
Знайшлося месца падчас бацькоўскага сходу і відэарубрыцы “Знайдзі мяне, мама!” У Астравецкай бальніцы зараз знаходзіцца дзяўчынка Вікторыя. Ёй толькі год і шэсць месяцаў. Добрая і абаяльная, якая можа пахваліцца добрым апетытам, шчыры і цудоўны маленькі чалавечак, якому патрэбна сям’я.
Вельмі добра, калі ў сям’і ўсё складваецца найлепшым чынам – бацькі даглядаюць малыша, займаюцца з ім, цікавяцца яго поспехамі ці няўдачамі. Хаця іншым часам здараецца і так, як паказалі выхаванцы драматычнага гуртка “Непаседы” цэнтра развіцця дзіцяці №1 у сцэнцы “Выхаванне” – усе ў сям’і заняты справамі і на маленькага сына ні ў кога няма часу.
Алена Іванаўна Змітровіч, метадыст па сацыяльна-псіхалагічнаму  суправаджэнню аддзела адукацыі, гаварыла пра вынікі анкетавання “Сям’я вачыма дзяцей”. Як сцвярджае статыстыка, бацькі любяць дзяцей, але 70% праводзяць з імі толькі адну гадзіну ў суткі і менш, і толькі 30% – дзве гадзіны і больш. Адну гадзіну з 24? Сумная статыстыка. Няўжо гэта выхаванне? І чым далей, тым страшней: 80% дзяцей пакрыўджаны на сваіх бацькоў. За 2011 год 38 падлеткаў звярнуліся на “пошту даверу” з самымі рознымі праблемамі і пытаннямі. І гэта толькі тыя, хто рашыўся адкрыцца і расказаць пра выхаванне ў іх сям’і.
А вось выхаванцы гуртка “Музычная капель” ясляў-садка № 2 – наадварот, паспрабавалі пасяліць ва ўсіх надзею на лепшае і праспявалі пра добрыя ўзаемаадносіны маленькіх хлопчыка і дзяўчынкі.
Ганна Іосіфаўна Ціток, дырэктар цэнтра карэкцыйнага развіцця і навучання дзяцей, расказала пра жыццё і навучанне дзяцей-інвалідаў і пра тое, што ў нашым раёне робіцца для таго, каб падтрымаць  дзяцей і бацькоў. Яна ж падзякавала індывідуальным прадпрымальнікам, якія аказваюць падтрымку і дапамогу дзецям-інвалідам.
Пра каштоўнасці сямейнага выхавання гаварыў і настаяцель храма Святых апосталаў Пятра і Паўла, благачынны Астравецкага раёна айцец Георгій Савіцкі. Ён пагадзіўся з думкай, што бацькі павінны адказваць за выхаванне дзяцей. Што б ні гаварылі настаўнікі ў школе, якія б добрыя якасці яны ні прывівалі сваім вучням, калі дзіця прыходзіць дамоў і бачыць п’янкі і сваркі,  нічога добрага не атрымаецца.
Напрыканцы бацькоўскага сходу начальнік аддзела адукацыі Віктар Віктаравіч Млечка ўручыў падзячныя пісьмы лепшым бацькам за клапатлівыя адносіны да дзяцей у сям’і  і адказнае выкананне грамадзянскага абавязку па іх дастойнаму  выхаванню. Падзякі  аддзела адукацыі атрымалі:  В.Ф. і Г.Ф. Каржановічы, І.Э. і Ю.І. Андралойці, С.І. і Л.І. Кармазы, А.І. і Л.І. Шаўчэнкі, І.З. і Ч.І. Пашукі, І.В. і А.У. Блашкевічы, А.І. Юркойць, І.У. і В.С. Сцефановічы, С.І. і Т.М. Раўдановічы, Г.С. і А.В. Жытковічы, В.Б. і Х.І. Букелі, В.І. і В.І. Сакалоўскія, А.І. і Л.А. Мачэль, І.І. і А.М. Кармазы, В.М. і Н.І. Мажэйкі, В.А. і А.Й. Жвагінісы, Р.А. Чарняўская, Г.А. і А.У. Мацкелы, В.Р. і А.Г. Захарэвічы, Э.І. і В.Э. Шыманелі, Л.У. і В.І. Лукашэвічы, М.І. Пляўга, Ю.Я. Бабіч, Т.М. і І.У. Буйко, В.К. і І.М. Юргелянцы, Г.У. Тубіс, М.Д. і М.А. Дашыны, Л.С. і А.В. Барташэвічы,  Ж.Г. і І.І. Шылько, Н.Ч. і А.Ф. Ількевічы, Я.І. Філіповіч, В.С. Субаткевіч, А.Ф. Юркойць, Я.І. Васілеўская, Т.Р. Стэх, Т.В. Качкан, Г.І. Сцефанавічэне і Л.М. Івашкевіч.
А потым бацькоў і педагогаў чакаў канцэрт “Цеплыня дзіцячых сэрцаў”, падчас якога  песні і танцы бацькам і настаўнікам падарылі выхаванцы яслей-садка №2, гуртка “Вакальна-эстрадная песня” Аліса Шадура, харэаграфічны ансамбль “Астравок” гімназіі №1 і метадыст цэнтра пазашкольнай работы С.С. Ластоўская.
Бацькоўскі сход закончыўся… Хочацца верыць, што пачутае прымусіла задумацца гора-бацькоў. Ды і добрыя сем’і, магчыма, таксама па-іншаму паглядзяць на ўзаемаадносіны паміж дарослымі і дзецьмі. А ў кагосьці, магчыма, узнікла думка даць любоў і шчасце яшчэ аднаму абяздоленаму сэрцу…


Алена ЯРАШЭВІЧ.