Выбіраем прафесію: як стаць ваенным?
Пад дэвізам "Ёсць такая прафесія – Радзіму абараняць" прайшло прафарыентацыйнае мерапрыемства, арганізаванае аддзелам адукацыі і райваенкаматам для старшакласнікаў школ нашага раёна. Задоўга да правядзення мерапрыемства ў школах былі аформлены стэнды пра навучальныя ўстановы, у якіх можна атрымаць ваенную спецыяльнасць, прайшлі класныя гадзіны і сустрэчы з прадстаўнікамі гэтай мужнай прафесіі.
А ў суботу зала гімназіі №1 – а менавіта тут сабраліся юнакі дапрызыўнага ўзросту – была поўная. Былі тут і дзяўчаты. Некаторыя з іх у душы таксама бачаць сябе ў ваеннай форме, але дакладна з выбарам яшчэ не вызначыліся, іншыя прыйшлі проста падтрымаць хлопчыкаў і паглядзець.
На сустрэчу да школьнікаў былі запрошаны старшы выкладчык факультэта ваеннай разведкі Ваеннай акадэмі Рэспублікі Беларусь Леанард Зянонавіч Таўкінь, начальнік групы прызыву райваенкамата старшы лейтэнант Дзмітрый Зыгмундавіч Багуслаўскі, намеснік начальніка чацвёртага радыёлакацыйнага вузла горада Смаргонь старшы лейтэнант Леанід Леанідавіч Віткоўскі, намеснік начальніка аддзела пагранічнай службы “Гудагай” Віталій Аляксандравіч Субаткевіч і старшы афіцэр-псіхолаг аддзела пагранічнай службы “Гудагай” Ганна Аляксандраўна Пілецкая.
Перад гасцямі стаяла важная задача – зацікавіць сабраўшыхся сваёй прафесіяй і данесці да дзяцей і іх бацькоў інфармацыю пра паступленне на ваенныя спецыяльнасці. У дзяцей пакуль што задача была значна прасцейшая – паслухаць, падумаць і вызначыцца са сваім выбарам. Гэта пазней ім прыйдзецца праходзіць медкамісію, здаваць тэсціраванне і нарматывы.
Выкладчык Ваеннай акадэміі Леанард Зянонавіч Таўкінь паказаў рабятам і іх бацькам фільм пра ўстанову, у якой працуе, расказаў пра правілы прыёму і, канешне, запрасіў усіх паступаць на ваенныя спецыяльнасці.
Дзмітрый Зыгмундавіч Багуслаўскі агучыў спіс устаноў, у якіх можна атрымаць ваенную спецыяльнасць. А таксама нагадаў, што тыя, каму не пашчасціць стаць студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў, могуць звярнуцца ў райваенкамат за накіраваннем на розныя спецыяльнасці ў сярэднія спецыяльныя ўстановы.
Намеснік начальніка чацвёртага радыёлакацыйнага вузла горада Смаргонь старшы лейтэнант Леанід Леанідавіч Віткоўскі расказаў школьнікам пра паветраныя войскі Рэспублікі Беларусь і тыя ўстановы, дзе можна атрымаць спецыяльнасці для службы ў паветраных войсках.
Намеснік начальніка аддзела пагранічнай службы “Гудагай” Віталій Аляксандравіч Субаткевіч таксама прапанаваў паглядзець фільм пра будні пагранічнікаў. Абход граніцы, работа з сабакамі, служба, дагляд машын – ды ўсё цікава і пазнавальна. Акрамя таго, ён запрасіў усіх дзяўчат атрымліваць адукацыю, не абавязкова ваенную, і прыходзіць служыць на граніцу.
Мерапрыемства доўжылася больш за дзве з паловай гадзіны. За гэты час рабяты паспелі даведацца шмат новага пра службу ў арміі, пра паступленне на ваенныя спецыяльнасці, пра будні ваенных. Некаторыя, хто прыйшоў сюды, ужо даўно вырашылі, што звяжуць жыццё з ваеннай службай і толькі зацвердзіліся ў сваім выбары. А ў многіх на выхадзе з залы ў вачах свяцілася пытанне: “А можа, і мне паспрабаваць стаць ваенным?”.
Алена ЯРАШЭВІЧ.