Алімпіяднікі сабралі “ўраджай”
На мінулым тыдні закончыўся абласны этап рэспубліканскай алімпіяды.
На гэты раз вучні спрабавалі свае сілы і змагаліся за права быць лепшымі ў ведах па геаграфіі, гісторыі і англійскай мове. Наш раён на абласной алімпіядзе прадстаўлялі Аркадзій Каржановіч, Алена Родзь і Эдзіта Трыбоцкая, вучні гімназіі №1, Юлія Сцефановіч з Гервяцкай школы і Аляксандр Саўко з Альхоўкі.
Перш чым атрымаць узнагароды, школьнікам прыйшлося пераадолець некалькі этапаў і даказаць, што яны на самой справе яе заслугоўваюць.
А ў выніку Юлія Сцефановіч, дзевяцікласніца Гервяцкай школы, якая на алімпіядзе па гісторыі выступала за дзясяты клас, атрымала дыплом ІІ ступені. З Юляй займалася настаўніца Надзея Станіславаўна Шатроўская.
Аркадзій Каржановіч з гімназіі №1, выхаванец Крысціны Браніславаўны Гіруць, які спаборнічаў на алімпіядзе па геаграфіі, стаў трэцім і заваяваў дыплом ІІІ ступені.
Усяго ж на працягу месяца ў абласным этапе ўдзельнічаў 21 вучань з Астравеччыны, восем з іх атрымалі розныя ўзнагароды.
Віншуем!
Алена ЯРАШЭВІЧ.