Хто такія валанцёры і чым яны займаюцца?

15:32 / 20.04.2010
6
Адказы на гэтыя пытанні шукалі на раённым форуме

Іх дэвіз – дабрачыннасць, іх стымул – бескарыслівасць, іх мэта – дапамагаць бліжнім. Хто такія валанцёры, зараз ведаюць многія. “Прамень”, “Крэатыў”, “Ветразь” – думаю, гэтыя назвы таксама чулі неаднойчы. Канешне, валанцёрскі рух у нас не так распаўсюджаны, як у буйных гарадах ці за мяжой, але галоўнае, што ён ёсць, дзейнічае, прыносіць свае вынікі і развіваецца. Да прыкладу, у Астраўцы прайшоў першы раённы форум валанцёраў, які сімвалічна ў Дзень здароўя сумесна правялі Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, аддзел адукацыі райвыканкама і Цэнтр пазашкольнай работы.
На форум былі запрошаны вучні ўсіх школ раёна. І пакуль рабяты збіраліся ў актавай зале, на тварах некаторых выразна чыталася: “Ну вось, зноў на нейкую “туфту” прывезлі, ад якой толькі спаць хочацца. І што, цікава, тут можна новага пачуць? А пачуць, пабачыць і паўдзельнічаць было ў чым!
Адкрыла форум начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Л.У. Янкоўская, якая вывела сваю формулу здароўя, а таксама расказала, што ў Францыі і Германіі вялікую ўвагу надаюць валанцёрскаму руху. Метадыст па выхаваўчай рабоце І.А. Міхновіч паведаміла, хто такія валанцёры і чым яны займаюцца. Выконваючая абавязкі старшыні РА “Чырвоны Крыж” В.І. Руднік расказала аб дзейнасці “Чырвонага Крыжа” ў раёне.
А пасля справу ў свае рукі ўзялі валанцёры! Яны хуценька падзялілі прысутных з дапамогай выцягвання каляровых квадрацікаў на каманды сініх, зялёных і чырвоных, стварыўшы такім чынам зборныя розных школ. Пасля ўручылі кожнай з каманд ватман, стос старых часопісаў і далі заданне: скласці міні-прэзентацыю, дзе павінны быць адлюстраваны назва, дэвіз і накірунак дзеянняў. Для дапамогі ў каманды накіраваліся і самі валанцёры. І работа закіпела! Дарэчы iх можа таксама зацiкавiць работа в Великом Новгороде. Рыпелі фламастэры і папера, шамацелі старонкі часопісаў, не спыняліся нажніцы, узнікалі і ўвасабляліся розныя ідэі. Пад рукамі творцаў на вачах нараджалася нешта новае і цікавае. Канчатковы вынік сваёй фантазіі праз адведзены час каманды прадэманстравалі ўсім. Жыць заўсёды ў тонусе з акружаючымі і ўласным здароўем, дапамагаць дзеткам з прытулку, клапаціцца пра бліжніх і проста радавацца жыццю – вось толькі некаторыя пункты з заяўленых праектаў.
Наступнае заданне для каманд было не менш цікавым, карысным і вясёлым адначасова. Тут рабяты пабывалі ў ролях і мастака, і фантазёра, і сцэнарыста-рэжысёра. Надзьмуць некалькі паветраных шарыкаў, размаляваць іх, стварыць персанажаў, а пасля – сюжэт – такія вось умовы. Аднак і з гэтым каманды справіліся на выдатна. І хоць творчыя задумы былі ў кожнага розныя, але ва ўсіх галоўнымі лейтматывамі сталі дабрачыннасць і здаровы лад жыцця.
Трэці этап форума складаўся з навучальных майстар-класаў па трох тэмах: дыскрымінацыя людзей, якія жывуць з ВІЧ (СНІД) (кіраўнік І. Стэх), прафілактыка ўжывання наркотыкаў (В. Клімчэня) і процідзеянне гандлю людзьмі (П. Букель). Вучні самі выбралі секцыі, якія іх найбольш зацікавілі. Я ж, прызнаюся шчыра, планавала пабываць на ўсіх майстар-класах. Але, трапіўшы ў секцыю, дзе гаспадарыла Вольга Клімчэня, так і не змагла выйсці. Гэта і блізка не было падобна на нудную лекцыю пра смяротна небяспечны “кайф”. Усё адбывалася ў форме гутаркі, пабудаванай на ўзаемным даверы, дзе прысутныя маглі шчыра, не саромеючыся, выказаць сваё меркаванне, паслухаць іншых, задаць хвалюючыя пытанні. Праводзіліся псіхалагічныя гульні і тэсты. Мяне асабліва ўразіў прыём з пустой пластыкавай шклянкай, куды мы ў думках складвалі ўсе радасці і пазітыў жыцця і які адным рэзкім ударам ператварыўся ў смецце. Гэтак і з жыццём – адной зацяжкай, уколам хвіліннага шчасця можна ператварыць яго ў нікчэмнае існаванне дзеля жаданай дозы. Словам, было супер!
Не менш цікавыя і неардынарныя падзеі разгортваліся і ў іншых секцыях. Напрыклад, на майстар-класе ад Ірыны Стэх дзеці адчулі сябе на месцы ВІЧ-інфіцыраванага, якому ў адведзены час неабходна было прыняць таблетку і абавязкова запіць яе сокам. Вучні дружна бегалі па ўсёй гімназіі ў пошуках жаданага напітку – і далёка не ўсе справіліся з заданнем. Затое яны адчулі, як гэта няпроста – быць заражаным страшнай хваробай. А Павел Букель акрамя інфармацыі па гандлю людзьмі паспеў правесці са сваёй аўдыторыяй і псіхалагічна-забаўляльную гульню “Мафія”.
Пасля ўсе зноў сабраліся разам, каб паслухаць і паглядзець невялікія прэзентацыі ад валанцёрскіх атрадаў Кямелішкаўскай, Варнянскай і Гудагайскай СШ. А ў завяршэнні ўсе ўзяліся за рукі і пажадалі адзін адному здароўя, дабра і ўсяго найлепшага.
“Слухай, а прыкольна было. Мне спадабалася!” – я выпадкова падслухала размову двух хлопчыкаў. Значыць, валанцёры на форуме пасеялі зярняты зацікаўленасці ў актуальнасці сваёй справы. Якія, спадзяёмся, вельмі хутка дадуць свае парасткі і ў школах узнікнуць-закаласяцца новыя валанцёрскія атрады. А значыць, памножацца і добрыя справы.

Марына МАЦКЕВІЧ.