Як становяцца пераможцамі?

15:12 / 20.04.2010
У школьных прадметных алімпіядах існуе жорсткая адборачная сістэма. Вучань спачатку праходзіць школьную алімпіяду, затым – раённую, і калі ў яго ёсць выключныя веды і пэўная доля шанцавання, то ён можа трапіць на абласны і рэспубліканскі ўзровень.
Перамагчы імкнецца кожны, аднак не кожны можа стаць пераможцам. Як стаць лепшым сярод роўных? Пра гэта наша гутарка з вучнямі гімназіі №1 –васьмікласнікам Уладзіславам Міхно, які на рэспубліканскай алімпіядзе па хіміі атрымаў дыплом ІІ ступені, і дзесяцікласнікам Аркадзіем Каржановічам, які на рэспубліканскай алімпіядзе па геаграфіі стаў трэцім.




– Калі ўзнікла цікавасць да прадмета? Як вы думаеце, чаму гэта адбылося?
Уладзіслаў: Адразу ж, як толькі пачалося вывучэнне хіміі. Зацікавіўся доследамі, рэакцыямі, а потым настаўнік прапанаваў працаваць над алімпіяднымі заданнямі. Тады ўпершыню паўдзельнічаў у раённай алімпіядзе – і заняў першае месца. Вось з гэтага і пачалося. А потым захапіўся і планую працаваць і далей.
Аркадзій: Цікавасць да геаграфіі ў мяне з дзяцінства. З татам часта гуляў у “Гарады”, разглядваў карты, цікавіўся інфармацыяй пра розныя краіны. Тата вельмі любіў геаграфію і цяпер ён часта мне гаворыць: “Мабыць, ты ажыццявіш маю дзіцячую мару і станеш геолагам”.
– Што вы робіце для таго, каб займаць прызавыя месцы?
Уладзіслаў: Вучуся, вучуся і яшчэ раз вучуся! На ўроках, пасля ўрокаў і дома таксама. Чытаю навуковую літаратуру, вывучаю розныя тэмы, рашаю задачы. Не без падтрымкі настаўніка, канешне. Настаўнік – вельмі важнае звяно, без яго стаць пераможцам ці прызёрам немагчыма.



Аркадзій: Геаграфія для мяне – самы цікавы школьны прадмет. Я вучу яе і ў школе, і дома. У школе – з настаўнікам, дома – па падручніках. А на алімпіядзе выкладваюся поўнасцю. Але гэта не азначае, што, акрамя геаграфіі, я больш нічога не вучу. Каб перамагчы, трэба мець добрыя веды па астраноміі, фізіцы, матэматыцы і нават выяўленчаму мастацтву.
– Што на рэспубліканскай алімпіядзе было самым складаным?
Уладзіслаў: Самай складанай для мяне выдалася другая задача на міжпрадметныя сувязі – неабходна было ўспомніць веды па фізіцы. Складаным быў этап апеляцыі, калі нам самім, без настаўніка, трэба было даказаць, што ты маеш рацыю, і дабавіць да свайго выніку пераможныя балы.
Аркадзій: Алімпіяда праходзіла ў Баранавічах, усіх удзельнікаў было 38. Але гэта зусім не азначае, што мы былі канкурэнтамі. Наадварот, за час збораў і алімпіяды сталі сапраўднымі сябрамі-аднадумцамі. Алімпіяда складалася з чатырох этапаў, і ў кожным з іх былі нейкія складаныя і спрэчныя пытанні, якія трэба было вырашаць. Без пераадольвання цяжкасцей перамогі не атрымаеш.
– Што для вас перамога?
Уладзіслаў: Я ўпэўніўся ў сабе і сваіх ведах, у тым, што нядрэнна ведаю хімію. А яшчэ рады, што не падвёў настаўнікаў і бацькоў, якія ў мяне верылі, і змог праславіць сваю гімназію.
Страшна не было, але хваляваўся. Пасля заканчэння двух этапаў разлічваў на ІІІ месца. Але ў выніку аказаўся на другім, чаму вельмі рады.
Аркадзій: Перамога – перш за ўсё самаацэнка. Алімпіяда дала мне магчымасць упэўніцца ў сваіх ведах. Перамагаць, канешне, важна. Хаця б для таго, каб парадаваць бацькоў, настаўнікаў, аднакласнікаў, усіх тых, хто ў мяне верыў.
– Чым яшчэ, акрамя вашага любімага прадмета, вы цікавіцеся?
Уладзіслаў: Мне падабаюцца інфарматыка і фізіка. Цікаўлюся спортам, люблю пагуляць у баскетбол. Падабаюцца рэп і поп-музыка, вечарам люблю пасядзець ля тэлевізара. А ўвогуле стараюся сумяшчаць вучобу і адпачынак – без гэтага нельга.
Аркадзій: Люблю біялогію. Захапляюся вырошчваннем разнастайных кветак і развядзеннем хатніх жывёл. Праводжу эксперыменты і стаўлю доследы, займаюся навуковай дзейнасцю – усё гэта мне вельмі цікава.
– Кім марыце стаць у будучым?
Уладзіслаў: Па праўдзе кажучы, дакладна не вызначыўся – усё яшчэ наперадзе. Але адназначна адно – мая будучая прафесія будзе звязана з хіміяй. Настаўнікам быць не вельмі хочацца, а вось фармацэўтам можна паспрабаваць.
Аркадзій: Напэўна, эканамістам (убачыўшы маё здзіўленне, прадаўжае – аўт.) Па-першае, геаграфія – гэта хобі, да таго ж эканамістам яна таксама патрэбна. Але гэта яшчэ і запасны варыянт – калі з паступленнем на эканаміста “пралячу”, то звяжу сваё жыццё з геаграфіяй.

Алена ЯРАШЭВІЧ.