"Прамая лінія": будаўніцтва АЭС у пытаннях і адказах

16:34 / 23.04.2010
1
На наша агульнае шчасце, “прамую лінію”, прысвечаную пытанням будаўніцтва АЭС і назначаную на 1 красавіка – дзень гумару і розыгрышаў – чытачы “Астравецкай праўды” ўспрынялі цалкам сур’ёзна. Непакоіла толькі адно – наколькі тэма мяркуемай размовы актуальная для жыхароў Астравеччыны? Ці не прыйдзецца гадзіну прасядзець у цішыні і адзіноце? Апасенні аказаліся марнымі. У першай хвіліне адзінаццатай гадзіны тэлефон нагадаў аб сваёй прысутнасці – і далей амаль не змаўкаў.

— Слухаю. Горын, – здымае тэлефонную трубку і прадстаўляецца Уладзімір Дзмітрыевіч Горын, намеснік галоўнага інжынера ДУ “Дырэкцыя будаўніцтва атамнай электрастанцыі”.
— Гэта “Прамая лінія”?
— Так!
— У мяне такое пытанне: як уладкавацца на будоўлю атамнай электрастанцыі?
— А хто вы па спецыяльнасці?
— Егер. Але мог бы працаваць, напрыклад, вартаўніком…
— Справа ў тым, што вартаваць пакуль няма чаго. Гэта неабходнасць з’явіцца некалькі пазней.

--------------------------
— У мяне некалькі пытанняў. Скажыце, падрыхтоўчыя работы будаўніцтва АЭС ужо вядуцца?
— Так, вядуцца.
— Тады адкажыце, ці знаходзіцца ў вашай кампетэнцыі пытанне працаўладкавання?
— Гледзячы куды. Сама дырэкцыя будаўніцтва АЭС — гэта ўстанова, якая ў будучым будзе займацца эксплуатацыяй станцыі. А яшчэ ёсць арганізацыі, якія будуць весці будаўніцтва і мантаж абсталявання. Таму, у залежнасці ад таго, якая спецыяльнасць у вас, трэба звяртацца альбо да будаўнікоў, альбо да нас...

--------------------------
Неўзабаве прагучаў другі званок.

— Я, дзякуй Богу, працаўладкаваная. Гаворка пра вадзіцеля з дваццаціпяцігадовым стажам. Ды ёсць адно “але”. Ён – грамадзянін блізкага замежжа. Ці ёсць у яго шанцы ўладкавацца да вас?
— На будаўніцтве спатрэбіцца вельмі многа людзей розных спецыяльнасцей. Канешне, будуць сярод іх і спецыялісты з замежжа. Грамадзянства ў гэтай сувязі – далёка не самае галоўнае. Важней за ўсё — кваліфікацыя, вопыт работы. Але ў любым выпадку весці гаворку на гэты конт трэба тады, калі будаўніцтва разгорнецца ў поўным аб’ёме і з’явяцца вакансіі.

--------------------------
— Станцыя Гудагай вас турбуе. Уладзімір Дзмітрыевіч, як уладкавацца на работу вадзіцелем альбо трактарыстам на піянерную базу, што будуецца ля Гудагая?
— Работы на гэтай будаўнічай пляцоўцы вядзе Гродзенская будаўнічая арганізацыя “Гроднапрамбуд”. На сённяшні дзень яны спраўляюцца ўласнымі сіламі. Але бліжэй да лета чакаецца павелічэнне аб’ёмаў будаўнічых работ. Трэба пачакаць.
— А як наконт АЭС? Будзе яна ў гэтым годзе будавацца ці не?
— Падрыхтоўчыя работы ідуць. А больш актыўная фаза будаўніцтва пачнецца з наступнага года.

--------------------------
— У гэтым годзе мой сын заканчвае сярэднюю школу. Мае жаданне паступаць на спецыяльнасць, звязаную з атамнай энергетыкай. Скажыце, ці ёсць магчымасць атрымаць ад вашай арганізацыі мэтавае накіраванне?
— Сэнс мэтавага накіравання заключаецца ў тым, што, падпісваючы пагадненне з выпускніком сярэдняй школы, дакладней, з яго бацькамі, арганізацыя тым самым замацоўвае за ім працоўнае месца, а будучы спецыяліст бярэ на сябе абавязак пасля заканчэння ВНУ прыбыць у гэтую арганізацыю на працу. Улічваючы той факт, што АЭС, будаўніцтва якой толькі пачынаецца, у нашай краіне адна, спецыяліст усё роўна прыйдзе да нас. Замацоўваць, звязваць яго якімі-небудзь дамовамі не мае сэнсу. Да ўсяго іншага, акрамя адпаведнага дыплома, вельмі вялікае значэнне у нас надаецца псіха-фізіялагічнаму стану работніка. Здараецца і такое, што атрымаўшы адпаведную “ядзерную” спецыяльнасць, зразумеўшы тую адказнасць, што кладзецца на яго плечы, выпускнік ВНУ не адчувае ў сабе неабходнага патэнцыялу для выканання ўскладзеных абавязкаў. Сваё слова можа сказаць і псіха-фізіялагічнае абследаванне работніка. Яго могуць элементарна не дапусціць да працы! Не, на вуліцу спецыяліста, канешне, ніхто не выкіне – прапануюць іншае, менш адказнае месца працы на той жа станцыі. Аднак і зараней трымаць месца, не ведаючы, у якім стане чалавек будзе напрыканцы вучобы ва ўніверсітэце і ці будзе ўвогуле дапушчаны да выканання абавязкаў, скажам, вядучага інжынера па кіраванню рэактарам – таксама не мае сэнсу. Таму вашаму сыну магу толькі пажадаць паспяховай здачы дзяржаўнага тэсціравання і паступлення на абраную спецыяльнасць! Ільгота ў яго толькі адна – уласныя веды.

--------------------------
— У мяне, мажліва, і не зусім сур’ёзнае пытанне... Кажуць, што пасля ўзвядзення АЭС каля Газы пабудуюць радыёлакацыйную станцыю і размесцяць побач ваенную часць супрацьпаветранай абароны.
— Пытанне ў вас вельмі сур’ёзнае! АЭС, як і любы іншы значны прамысловы аб’ект, – прадпрыемства рэжымнае і мае патрэбу ў надзейнай ахове. У тым ліку і супрацьпаветранай. Аднак мушу вас расчараваць – ні побач з Газой, ні побач з Варнянамі ці Міхалішкамі ніякіх часцей ПВА не ўзнікне. Ахоўваць станцыю будуць тыя ваенныя часці, як яшчэ іх называюць – проціпаветраны шчыт, агульны для Беларусі і Расіі – якія ўжо існуюць.

--------------------------
— Шмат розных чутак вакол будаўніцтва АЭС. Скажыце прама – будуць у нас будаваць станцыю ці не?
— Ідуць перамовы з расійскім бокам. Па іх выніках плануем у першым паўгоддзі бягучага года падпісаць два важнейшыя дакументы: міжурадавае пагадненне аб будаўніцтве атамнай электрастанцыі на тэрыторыі Рэспубліцы Беларусь і кантрактнае пагадненне аб будаўніцтве канкрэтна самой станцыі. Да завяршэння перамоў, канешне, назіраецца пэўнае зацішша ў будаўніцтве. Таму што спачатку падпісваюцца дакументы, а ўжо затым выконваюцца нейкія работы. Пасля падпісання гэтых дакументаў будаўніцтва АЭС уступіць у больш актыўную фазу. Хоць зацішша гэта досыць умоўнае. Падрыхтоўчыя работы ідуць і сёння. Будуюцца дарогі. На піянернай вытворчай будаўнічай базе адбыліся выпрабаванні загрузачных прыстасаванняў бетоннага завода, працягваецца распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі... Толькі ўсё гэта справы не вельмі прыкметныя. Няма катлавана, апалубкі... Усё гэта будзе, але некалькі пазней.
— А крэдыт на будаўніцтва Расія дасць?
— Гэта пытанне не майго ўзроўню. Таму штосьці гаварыць на гэты конт з майго боку будзе несур’ёзна. Навошта рабіць меркаванні, якія не будуць мець пад сабой ніякіх падстаў? Магу толькі сказаць, што ідуць перамовы на вельмі высокім, міжурадавым узроўні.
-------------------------------
“Прамая лінія” атрымалася надзвычай прамой. Калі б не пытанні, якія неаднойчы задавалі нашы землякі падчас наведвання інфармацыйнага цэнтра АЭС і якімі аўтар гэтых радкоў прадбачліва падстрахаваўся, адказаць Уладзіміру Дзмітрыевічу, прыйшлося б, па сутнасці толькі на адно пытанне: “Як уладкавацца на будоўлю атамнай электрастанцыі?” Гэта тое, што набольш хвалюе жыхароў Астравеччыны. Прынамсі, на сённяшні дзень.
Адчуваецца ў пытаннях і пэўная крыўда. Яе эмацыянальна выказаў жыхар станцыі Гудагай: “Панаехалі да нас са сваімі “лыжкамі”, а местачкоўцам уладкавацца на працу немагчыма!” Зразумець яго можна. Кожны, хто тут жыве, жадае – і справядліва, трэба прызнаць — мець дачыненне да вялікай будоўлі. Толькі вось гэтая самая вялікая будоўля, па сутнасці, яшчэ і не пачыналася. А 90%, калі не больш, з тых, хто звяртаецца ў дырэкцыю будаўніцтва АЭС у пошуках работы – вадзіцелі. Іншым разам складваецца ўражанне, што акрамя вадзіцеляў у Беларусі іншых спецыялістаў і няма. Прафесія, няма чаго казаць, патрэбная. Але як усіх кіроўцаў адначасова уладкаваць на будоўлю станцыі? Ды і выснова аб “чужых лыжках” не адпавядае рэчаіснасці. На той жа піянернай базе працуе больш за палову нашых землякоў. Праўда, людзі звычайна мяркуюць інакш: я не працую – значыць, ніхто не працуе!
Праца будзе! І хопіць яе ўсім і на доўгія гады. Былі б жаданне і адпаведная кваліфікацыя.
Што да “Прамой лініі”, то падобны дыялог з чытачамі “Астравецкай праўды”, маем надзею, будзе не апошнім.

Эдуард СВІРЫД.