Хто "пачысціў" гаражы астраўчан і банкаўскую картку жыхаркі Гудагая расследуюць астравецкія міліцыянеры

16:44 / 29.03.2012
2

ЭЛЕКТРОННЫЯ ГРОШЫ ТАКСАМА МОГУЦЬ ЗНІКАЦЬ


Здаецца, што можа быць лепш, чым захоўваць грошы на банкаўскай картцы: нават калі ты згубіў яе – грошы з яе ўсё роўна нікуды не дзенуцца. Але, як паказвае практыка, з-за легкадумнасці некаторых грамадзян, злодзеі ўсё ж могуць “пакарыстацца” электроннымі грашыма.
16 сакавіка ў адносінах да 26-гадовага жыхара раённага цэнтра ўзбуджана крымінальная справа. Хлопец абвінавачваецца ў тым, што 9 і 10 сакавіка ён выкарыстаў раней украдзеную банкаўскую картку, якая належыць загадчыцы фермы СВК “Гудагай”, і зняў з яе рахунку ў Астраўцы і ў Ашмянах 3 мільёны 900 тысяч рублёў.
Цяпер міліцыянеры высвятляюць усе нюансы гэтай справы.


БАЦЬКОЎСКІЯ АБАВЯЗКІ…

Супраць чарговых ухілістаў ад выплаты сродкаў на ўтрыманне дзяцей у раённым аддзеле Следчага Камітэта ўзбуджаны крымінальныя справы.
Як стала вядома, на гэты раз на свае бацькоўскія абавязкі махнулі рукой А.В. Жаброўскі з вёскі Індрубка і А.А. Дарашкевіч з райцэнтра.
Вельмі шкада, што зноў з-за раўнадушша і глупства дарослых цярпець даводзіцца дзецям.


І ЗАКАПАЛА...

Першыя цёплыя дзянькі адразу ж вывелі са сну гаспадароў лясных бровараў, якія пачалі актыўную вытворчасць “хатняй” гарэлкі...
Так, 22 сакавіка ў лясным масіве каля хутара Павакша супрацоўнікамі раённага аддзела ўнутраных спраў і Ашмянскага Дэпартамента аховы быў знойдзены самагонны апарат і 800 літраў брагі.
Цяпер супрацоўнікі праваахоўных органаў заняты пошукам гаспадара міні-завода.


НА ДРОБЯЗЬ НЕ РАЗМЕНЬВАЛІСЯ

Напэўна нейкія злодзеі сваім дэвізам вырашылі зрабіць словы Астапа Бэндэра: “Красці, дык мільён” і ў ноч на 24 сакавіка яны “паднялі” некалькі гаражоў і аўтамабіляў.
Як стала вядома, усе гаражы знаходзяцца каля дома №23а па вуліцы Валадарскага. Злодзеі не сталі доўга ламаць галаву над замкамі і проста іх пазрывалі. Ад іх дзеянняў пацярпелі мантажнік РУП ЖКГ, у якога былі ўкрадзены акумулятарная батарэя, дзве шыны “Матадор”, аўтамагнітола і прарызінены плашч, загадчык майстэрань аўтапарку №4 – 3 палімерныя каністры, у якіх захоўвалася 60 літраў дызельнага паліва і майстар астравецкага лясгасу – акумулятарная батарэя, каністры і 10 літраў бензіну. Акрамя таго, з аўтамабіля пенсіянера “Аудзі-80”, што стаяў непадалёку, злодзеі знялі “каўпакі”.
Зараз супрацоўнікі міліцыі заняты зборам доказаў і пошукамі злодзеяў.


Антон ЧЫК.