Па аператыўных зводках міліцыі

07:12 / 09.06.2011
НЕ ТРЭБА ВАМ – СПАТРЭБІЦЦА НАМ

Грамадзянка Літоўскай Рэспублікі пакінула свой аўтамабіль “Фольксваген-Пасат” 1989 года выпуску, які пасля дарожна-транспартнага здарэння знаходзіўся ў няспраўным стане, непадалёк ад вёскі Слабодка. Калі ж жанчына вярнулася за сваім аўто, то аказалася, што за час яе адсутнасці знайшліся “майстры”, які змаглі яго “скрануць з месца”.
“Майстрамі” аказаліся два жыхары вёскі Трокенікі 1985 года нараджэння, якія адбуксіравалі аўтамабіль у гараж да аднаго з іх, дзе ён і быў знойдзены 23 мая следча-аператыўнай групай раённага аддзела ўнутраных спраў. Адзін з аўтазлодзеяў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі.
АД СЛОЎ – ДА СПРАЎ…

Супрацоўнікам аддзялення дазнання папярэдняга раследавання надакучыла няньчыцца са злоснымі неплацельшчыкамі аліментаў і ўгаворваць іх паклапаціцца аб сваіх дзецях.
Так, у парадку паскоранага выканання былі ўзбуджаны крымінальныя справы супраць непрацуючых жыхара Астраўца 1970 года нараджэння, жыхара вёскі Філіпаны 1969 года нараджэння і жыхара вёскі Гіры 1962 года нараджэння, якія ўхіляюцца ад уплаты сродкаў на ўтрыманне дзяцей.
НОЖ, ЯК АРГУМЕНТ

Што рабіць, калі словы скончыліся, а агульны пункт гледжання не дасягнуты? Некаторыя грамадзяне лічаць, што лепш зразумець іх дапамагаюць падручныя прылады.
Пенсіянер 1950 года нараджэння з хутара Бжэгі 24 мая, падчас сваркі з сужыцелькай 1966 года нараджэння ўдарыў жанчыну нажом у жывот. У выніку яна атрымала пранікаючае раненне з пашкоджаннем унутраных органаў.
Цяпер мужчына знаходзіцца ў камеры папярэдняга затрымання і чакае суда.
НЕ ДАНЁС…

30 мая супрацоўнікамі адзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Астравецкага РАУС сумесна з ваеннаслужачымі ваеннай часці 2044 і інспекцыі міністэрства па падатках і зборах па Астравецкаму раёну ў лесе каля хутара Кандраты знайшлі сховішча, якое абуладкаваў  невядомы жыхар раёна.
Тут былі знойдзены і канфіскаваны 2000 пачкаў цыгарэт “Прэм’ер” і 6000 пачкаў “Фэст” з акцызнымі маркамі Рэспублікі Беларусь агульным коштам 10 мільёнаў 400 тысяч рублёў. Відавочна, што груз быў падрыхтаваны для перапраўкі ў Літву.
Зараз высвятляецца асоба гаспадара гэтага сховішча.



УСПОМНІЎ БЫЛОЕ…

Цяжка перавыхавацца чалавеку ў сталым узросце. Нават калі гэта пагражае турэмным арыштам.
Такім “невыхоўваемым” аказаўся непрацуючы жыхар горада Ашмяны 1967 года нараджэння, які ўжо быў судзімы за крадзеж. Тым не менш ён зноў вырашыў абвесці вакол пальца Феміду і 26 мая  ўкраў з дома жыхаркі станцыі Гудагай прадукты харчавання. Каб залезці ў дом, мужчыне не прыйшлося нічога выбіваць ці ламаць – ён проста адчыніў дзверы ключом, які ўзяў з “патайнога” месца, куды яго паклала сама гаспадыня.



ДАРОГАЙ П’ЯНАЮ…

За два апошнія тыдні на дарогах раёна супрацоўнікамі ДАІ за кіраваннем аўтамабілямі ў нецвярозым стане былі затрыманы 4 чалавекі.
Першых дваіх, жыхароў Астраўца, спыніў жэзл ДАІшнікаў 27 мая. Адзін з іх, які працуе электразваршчыкам у РУП ЖКГ, кіраваў аўтамабілем “Аўдзі-100” на вуліцы Зарэчнай. Другі, механізатар СВК імя Гашкевіча, знаходзіўся за рулём трактара МТЗ-81.1 на прыфермскай тэрыторыі ў вёсцы Смілгі.
На наступны дзень вечарам у мястэчку Гудагай міліцыянеры спынілі трактар “Амкадор 332С-01”, за рулём якога яны ўбачылі п’янага механізатара СВК “Гудагай”, жыхара в. Індрубка.
3 чэрвеня на аўтадарозе Варняны-Гервяты быў затрыманы жыхар в. Дайлідкі, які ў нецвярозым стане кіраваў самаходнай касілкай “Е303”.
Супраць усіх затрыманых складзены адмінітстрацыйныя пратаколы.


Антон ЧЫК.