Хацеў адпомсціць за забітага бацьку...
16:14 / 16.03.2010

ДАМОЎ, У ПЕКЛА
Летам мінулага года, кінуўшы вучобу ў каледжы, у невялікую вёсачку на Астравеччыне прыехаў, а дакладней – вярнуўся ў бацькоўскі дом — 19-гадовы Андрэй Пухаў (тут і далей імёны ўдзельнікаў падзей зменены – аўт.). Традыцыйнай радаснай сустрэчы ніхто яму не наладжваў. І не таму, што вярнуўся недавучкай, а па той простай прычыне, што рабіць гэта не было каму. У гэтым жорсткім свеце хлопец застаўся адзін. Сваю маці ён не памятаў, бацьку-алкаголіка забіла восем назад мачыха Алена Пухава, якая таксама добра сябравала з “зялёны зміем”. Да таго часу, як Толік вярнуўся ў “родныя пенаты”, гэтая жанчына ўжо вызвалілася з няволі і сужыцельствавала з раней судзімым за кражу Валянцінам Брылевічам. Жылі яны ў доме, што размяшчаўся насупраць дома Пухавых.
Зразумела, што пры такім раскладзе добрых адносін паміж гэтай тройцай быць не магло ў прынцыпе. Анатоль ненавідзеў мачыху, адкрыта абураўся тым, што яна не дабыла свой тэрмін за кратамі “ад званка да званка”, а яе сужыцель зневажае яго нябожчыка-бацьку. Хлопец прама заявіў былой родзічцы, што заб’е яе. Гэтую пагрозу жанчына ўсур’ёз не ўспрыняла, мяркуючы, што яе ёсць каму абараніць. І яна не памылілася. Варта было Толіку неяк падпільнаваць на вуліцу Алену і ўдарыць яе, як Валянцін, якому “сяброўка” пажалілася на колішняга пасынка, добра намяў хлопцу бакі.
Аднак быў у Толіка з ненавіснай яму парачкай і агульны інтарэс. Бацькава спадчыннасць плюс адпаведнае выхаванне выпрацавалі ў хлопца неадольную цягу да алкаголю. І таму нават непрыкрытая няпрыязь да Алены і Валянціна не перашкодзіла яму праз некаторы час пасля гэтай разборкі сысціся з імі за пляшкай гарэлкі, і не раз. Хлопец стаў перыядычна з’яўляцца ў доме сваіх кроўных ворагаў і прымаць удзел у папойках, якія адбываліся ледзь не штодня. Але – гэта паказалі далейшыя падзеі — нават сумесна выпіты алкаголь не “спаяў” кампанію і не змог прымусіць былога пасынка забыць крыўду на мачыху.
ВЯСКОВАЯ ВЕНДЭТА
У той злашчасны вечар Анатоль сам прыйшоў у госці да Алены і Валянціна. Па яго словах, каб папіць вады. Якая вада мелася на ўвазе, зразумець няцяжка, бо прынёс ён з сабой бутэльку віна. Яшчэ дзве было ў гаспадароў. Пасля таго, як два “фаўсты” апусцелі, Валянцін зваліўся спаць у прыбудоўцы, а захмялеўшыя Пухавы засталіся ўдваіх. Анатоль папрасіў былую мачыху паказаць пашпарт. Па яго словах, ён хацеў яшчэ раз упэўніцца, што яна — менавіта тая, што некалі жыла з яго бацькам, а затым забіла яго.
Жанчына працягнула былому родзічу дакумент. Цяжка сказаць, на які працяг вечара яна разлічвала, але Анатоль вярнуў пашпарт са ловамі, што раз яна і ёсць яго былая мачыха, то ён сёння згвалтуе яе, каб адпомсціць за смерць бацькі. Гэтыя словы не былі пустымі “страшылкамі”. Піхнуўшы Алену на канапу, Толік ад слоў перайшоў да справы. Але дужая вясковая баба, якая ўжо скруціла шыю аднаму мужыку, здолела вырвацца з рук былога пасынка. Яна выскачыла з хаты, разбудзіла сужыцеля і расказала яму, што адбылося. Пасля гэтага пайшла спаць да суседзяў, каб не прымаць удзел у п’янай разборцы двух мужыкоў.
ЖЫВЫ ТРУП
Праследаваць аб’ект сваіх сексуальных жаданняў Толік не стаў — ён палічыў за лепшае легчы спаць. Колькасць выпітага зваліла яго з ног імгненна.
Разбуджаны Аленай Валянцін прыйшоў у шаленства ад таго, што яна расказала, і вырашыў разабрацца з малакасосам. Мужык падышоў да канапы, на якой спаў, як пшаніцу прадаўшы, Анатоль, і стаў мясіць яго кулакамі. Не разумеючы, што адбываецца, Толік спрабаваў вырвацца, але Брылевіч, прыціснуўшы хлопца адной рукой, схапіў са стала кухонны нож і пусціў яго ў ход. Біў куды папала, але ў асноўным – у твар і ў шыю. Спыніў разню толькі тады, калі ахвяра абмякла і перастала супраціўляцца.
Гледзячы на акрываўленае цела, Брылевіч не сумняваўся, што зарэзаў крыўдзіцеля. Ён выйшаў з дому і накіраваўся да суседзяў па сужыцельку. Калі сказаў ёй, што “замачыў” Толіка, тая не паверыла. Якім жа было здзіўленне абодвух, калі ў залітым крывёю пакоі яны не знайшлі нябожчыка. “Напэўна, справа рук нячысціка”, вырашылі яны. Але хрысціцца не сталі – ці не ўмелі: дапілі віно, што яшчэ заставалася, І леглі спаць.
ВІНАВАТЫ... САТАНА
З ложка ранкам іх выцягнулі супрацоўнікі міліцыі. Яны ўжо раскрылі “таямніцу” знікнення трупа Антоля. Аказалася, што, нягледзячы на шматлікія колата-рэзаныя раны твару і шыі з пашкоджаннямі глоткі і падсківічнай сліннай залозы, рану ў вобласці каленнага сустава, якія адносяцца да катэгорыі цяжкіх цялесных пашкоджанняў, хлопец цудам застаўся жывы. Ён дапоўз да акна, разбіў шкло і вылез з хаты. Перамагаючы боль, дабраўся да седняй хаты і паведаміў аднавяскоўцам, што яго парэзаў Брылевіч.
Даведаўшыся пра гэта, Валянцін не ўзрадаваўся і не засмуціўся. Ён як ні ў чым ні бывала, заявіў, што яго віны ва ўсім, што адбылося, няма. Аказваецца, гэта справа рук сатаны, які ноччу ўсяліўся ў яго, паралізаваў волю і кіраваў усімі дзеяннямі, што прывялі да такіх трагічных наступстваў.
Але ні пазбегнуць адказнасці, ні “закасіць пад псіха” ў яго не атрымалася. Эксперты хутка выгналі з абвінавачваемага “сатану” і прызналі, што ён псіхічна здаровы і можа адказваць за свае ўчынкі. А вось дыягназ “алкагалізм” пацвердзілі, адлюстраваўшы ў сваім заключэнні неабходнасць прымусовага лячэння ад цягі да выпіўкі. Яго “ахвяра сатаны” будзе праходзіць у калоніі ўзмоцненага рэжыму, дзе пра прыгавору суда за замах на наўмыснае забойства, зроблены з асаблівай жорсткасцю, ён правядзе бліжэйшыя адзінаццаць гадоў.
Сяргей ШАРШАНЕВІЧ,
Аляксандр МАРЦІНЧЫК, пракурор Астравецкага раёна.