Транспартная інспекцыя: людзі і справы

08:11 / 16.06.2011

З 1 красавіка гэтага года транспартны кантроль перанесены з беларуска-расійскай мяжы на знешні контур Мытнага саюза Беларусі, Казахстана і Расіі. Рашэнне аб адмене транспартнага кантролю на беларуска-расійскай мяжы было прынята на пасяджэнні камісіі Мытнага саюза 14 сакавіка ў Мінску. Чакаецца, што з 1 ліпеня ён будзе адменены і на мяжы Расіі з Казахстанам.
Пра асаблівасці работы транспартнай інспекцыі ў новых умовах – наша гутарка з начальнікам аўтадарожнага пункта пропуску “Катлоўка” Аляксандрам Браніслававічам РЭУТАМ.


—Аляксандр Браніслававіч, што змянілася ў рабоце вашай інспекцыі пасля прыняцця  рашэння аб перанясенні транспартнага кантролю на знешні контур Мытнага саюза?
—Раней, як вядома, гэты кантроль ажыццяўляўся на пунктах пропуску аўтамабільнага кантролю, размешчаных на маршрутах перасячэння мяжы Беларусі і Расіі. Пасля прыняцця вышэйзгаданага рашэння інспектарскі кантроль зняты на ўсіх 11 падобных пунктах пропуску. Гэта азначае, што праверыць грузавыя машыны на прадмет дапушчальных у нашай краіне вагавых і габарытных параметраў паблізу расійска-беларускай граніцы цяпер можна  толькі на вагавымяральных комплексах.
У сувязі з гэтым нагрузка на работнікаў транспартнай інспекцыі аўтадарожнага пункта пропуску “Катлоўка” вырасла практычна ў два разы. На нашым участку знешняй граніцы Саюзнай дзяржавы пасля адпаведнага эксперыменту ўведзена для выкарыстання сістэма інфармацыйнага абмену вынікамі транспартнага кантролю. Работнікамі нашай інспекцыі ўводзіцца ў базу дадзеных 28 параметраў па кожнаму аўтамабілю, якія затым перадаюцца расійскаму боку. Наладжана перадача дадзеных паміж пунктамі пропуску, якая дае магчымасць абменьвацца інфармацыяй у блізкім да рэальнага рэжыме часу.
—Чалавеку далёкаму ад дзейнасці прыгранічных службаў не вельмі зразумела, чым займаюцца работнікі транспартнай інспекцыі і ўвогуле — што яна сабой уяўляе, для чаго такая інспекцыя патрэбна? Праясніце, калі ласка, сітуацыю.
—На сённяшні дзень ў транспартнай інспекцыі міжнароднага пункту пропуску “Катлоўка” ў зменным рэжыме працуе калектыў з 31 чалавека. Мы правяраем у  суткі да 1300 легкавых транспартных машын і афармляем больш чым 500 грузавых. Пры ажыццяўленні транспартнага кантролю бярэцца плата за праезд цяжкавагавых буйнагабарытных транспартных сродкаў, выдаюцца дазволы на праезд і міжнародныя сертыфікаты ўзважвання. За пяць месяцаў гэтага года цераз наш пункт пропуску прайшла больш чым 71 тысяча грузавых машын, больш за палову якіх – транзітныя. І ўклад нашага калектыву ў бюджэт краіны даволі ўнушальны. Толькі зборы за праезд за гэты час склалі больш чым 626 мільёнаў беларускіх рублёў, плата за праезд цяжкавагавых буйнагабарытных транспартных сродкаў – каля 44 тысяч долараў ЗША, збор за выдачу дазволаў — больш за 18 тысяч долараў. Увесь час праводзіцца работа па адміністрацыйнай практыцы – за розныя правапарушэнні выпісана 112 пратаколаў і пастаноў на суму больш за 29 мільёнаў рублёў.
А ўвогуле спектр дзейнасці супрацоўнікаў транспартнай інспекцыі даволі шырокі. Гэта праверкі правамоцнасці праезду па тэрыторыі як нашай краіны, так і сумежнай дзяржавы, наяўнасць страхавога поліса, ліцэнзіі на страхавыя перавозкі, а таксама тахографа – спецыяльнага прыбора, які дазваляе фіксаваць захаванне рэжыму працы і адпачынку вадзіцеляў дальніх перавозак. Для грузавікоў абавязковы вагавы кантроль, які дазваляе вызначыць дапушчальнасць загрузкі машыны з мэтай захавання дарожнага палатна.
—І хто выконвае гэтыя шматлікія абавязкі? Раскажыце калі не пра ўсіх сваіх супрацоўнікаў, то хоць бы пра самых лепшых.
—Калі назіраеш за работай спецыяліста першай катэгорыі В.І. Раткевіча, старшага інспектара Е.В. Чэпінай, інспектараў А.І. Саленік, В.М. Станкевіча, Д.К. Мацэвіча, то разумееш, што ўсе яны – прафесіяналы і да выканання сваіх абавязкаў адносяцца больш чым добрасумленна, абслугоўваюць кліентаў ветліва і тактоўна. Хоць гэта і няпроста – усім вядома, што работа з людзьмі, у дадзеным выпадку — з перавозчыкамі – справа клопатная і складаная. І вагагабарытны кантроль, і праверка дакументаў ў транспартным кантролі, асабліва, калі выяўляюцца парушэнні, часам выклікаюць шквал эмоцый, і станоўчымі іх назваць цяжка. Ад супрацоўнікаў транспартнай інспекцыі, якія працуюць круглыя суткі, на вуліцы, патрабуюцца сапраўдная вытрымка і вынослівасць – і не без гонару магу сказаць, што яны валодаюць гэтымі якасцямі спаўна.


Гутарыла Ніна АЛЯКСЕЕВА.