Чаму і як вучаць у беларускай школе Вільнюса
13:35 / 22.03.2010

Тлумачальны слоўнік Ожагава паняцце “школа” трактуе лаканічна – як “вучэбна-выхаваўчую ўстанову”. Разумею, што падобная лаканічнасць можа выклікаць незадаволенасць. Прычым дваякую: адна эмацыйная частка чытачоў будзе даказваць, што школа – гэта яшчэ адзін родны дом, другая – што паўнацэнны філіял пекла. І ў пацвярджэнне выказанай думкі кожны з бакоў прывядзе процьму неабвяргальных аргументаў.
Мы ўсе вучыліся патроху – чаму-небудзь і як-небудзь… І з вышыні пражытых гадоў можна дазволіць сабе мець уласнае меркаванне. На маю думку, школа, у першую чаргу, усё ж – установа, у якой дзяржава рыхтуе ўласную будучыню. І мудрасць кіраўніцтва і педагагічных калектываў падобных устаноў заключаецца ў тым, каб, даючы вучню веды, не навязваць яму сваё ўласнае бачанне свету. Не ўсерадняць, не дзейнічаць пра прынцыпу ложа Пракруста. Максімальна магчыма даць маленькаму чалавеку шанс застацца самім сабой – унікальнай асобай.
Шмат гадоў у Вільні працуе беларуская школа, якая ўваходзіць у склад літоўскай адукацыйнай сістэмы. Нядаўна яе дырэктар спадарыня Галіна Сівалава (на здымку) запрасіла нас (прэзідэнта міжнароднага клуба “Гервечяй” Альфонсаса Аўгуліса і аўтарку гэтых радкоў) у госці.Не трэба быць асаблівым экстрасэнсам, каб амаль з парога адчуць атмасферу будынка (амаль кожнага – канторы, дома, нават крамы…). У паветры гэтай школы выразна адчуваўся дух… свабоды.
Яшчэ ў тамбуры нам давялося размінуцца са стайкай старшакласніц. “Добры дзень, спадарыня дырэктар”, – прабягаючы побач, павіталася кожная з дзяўчат.
Мне падабаецца літоўская (не толькі літоўская – наогул заходняя) манера звяртацца да чалавека па прафесіі: доктар, адвакат, настаўніца… Іраіда Дамінікаўна, Леанарда Браніславаўна, Ларыса Бярнардаўна – аб імёны маіх настаўніц можна было зламаць язык.
Мы ідзём па школе. На сценах – традыцыйныя для кожнай падобнай установы выставы малюнкаў. А яшчэ – насценгазеты. У большасці класаў яны звычайныя – з фотаздымкамі, з артыкуламі і вершамі ўласнай вытворчасці. 12-класнікі ( у літоўскіх школах навучанне адбываецца на працягу 12 гадоў) паставіліся да газеты арыгінальным чынам – на белым лісце ватману яны пакінулі абрысы ўласных далоняў.
–Выпускнікі! – з гонарам і відавочным шкадаваннем уздыхае дырэктар. – Заўтра іх свята – 100 дзён да выпускнога балю. Адзначаем яго ўсёй школай. Падрыхтоўка ідзе ўжо другі тыдзень. Бачыце?
Бачым: на чарговай сцяне прама пад крыху чопарным зашклёным здымкам выпускнікоў Віленскай беларускай гімназіі 100-гадовай даўнасці размясцілася фотачарада дзіцячых калясак, з кожнай з якіх выглядвае галава сённяшняга 12-класніка.
–Заўтра яны прыйдуць у школу разам са сваімі бацькамі. Як гэта было ў самым пачатку, – расказвае дырэктар. – У гольфачках, банціках, са “слюняўчыкамі” пад падбародкамі. Прынясуць свае любімыя цацкі, каб на ўрачыстай лінейцы аддаць іх першакласнікам. У 12 гадзін іх чакае спецыяльны школьны абед – апошняя ў жыцці манная каша. Пры гэтым за спіной кожнага выпускніка будзе стаяць першакласнік з разеткай варэння ў руках і лыжкай – малышы будуць падкладваць у кашу старшакласнікаў варэнне – “саладзіць” іх будучыню… Вечарам мы зноў збяромся ў школе – тут адбудуцца тры спектаклі: у выкананні адзінаццацікласнікаў – непасрэдных пераемнікаў нашых выпускнікоў, настаўнікаў (мы і сцэнарысты, і касцюмеры, і акцёры) і першакласнікаў. Сёння ўсе ў падрыхтоўцы і рэпетыцыях да заўтрашняга дня.
–Я лічу вельмі важным, каб у школе існавалі свае традыцыі, – працягвае спадарыня Галіна. – Гэта аб’ядноўвае куды больш, чым самыя палымяныя заклікі.
Час ад часу мы заходзім у нейкі клас, дзеці ўстаюць з-за сталоў і вітаюць нас традыцыйным “Добры дзень!” Размаўляюць яны, прынамсі, з намі, на чыста беларускай мове. Нават хлопчык-мулат, тата якога працуе начальнікам сталічнага аэрапорта ў далёкай афрыканскай краіне. На пытанне, чаму ён вырашыў вывучаць беларускую мову, другакласнік адказвае, не задумваючыся: “Таму што, калі вырасту, стану начальнікам аэрапорта ў Мінску”.
У другім класе адбываўся шашачны ўрок – тут рыхтаваліся да ўнутрыкласнага шашачнага турніру, які пройдзе праз тыдзень. Альфонсас Аўгуліс не стрымаўся: “Хто гатовы згуляць са мной проста зараз?” У адказ падняўся лес рук. У выніку супраць Аўгуліса стаў гуляць увесь клас.
Ведаю, што спадар Альфонсас – кандыдат у майстры спорту па шашках, але вочы малышні гарэлі такой ваяўнічасцю, што, калі мы з дырэктаркай пакідалі месца “бою”, недзе ўнутры ў мяне жыло апасенне: не скончылася б гэтая гульня падобна шахматнаму турніру ў фільме “Джэнтльмены ўдачы”…
У школе шмат кветак – на падаконніках, у калідорах, нават на лесвіцы. “Экалагічнае выхаванне”, – тлумачыць Сівалава.
Не толькі на кветках – замест прывычнай нам смеццевай урны ў куце стаяць адразу тры, кожная з іх падпісана: для шкла, для пластмасы, для паперы. Тут жа на сцяне пад пластыкавай вокладкай змешчана інфармацыя, што вырабляецца з другаснай сыравіны і якую карысць гэта прыносіць эканоміцы. Павучальна. Нават для дарослых.
Школа добра ўкамплектавана тэхнікай – камп’ютэры ў класах сучасныя, з вадка-крысталічнымі маніторамі. У бібліятэцы ўвесь дзень чатыры камп’ютэры падключаны да інтэрнету – за карыстанне ім плаціць не трэба ні настаўніку, ні вучню.
–Большасць аргтэхнікі мы набылі самі, – прызнаецца дырэктар. – Пішам праекты і атрымліваем пад іх рэалізацыю грошы з Еўрасаюза.
Як высвятляецца ў ходзе размовы, займаецца гэтым галоўным чынам сама дырэктар школы. Яна, дарэчы, шмат чым займаецца: у свае 50 з хвосцікам гадоў спадарыня Галіна купаецца ў возеры круглы год, ходзіць босымі нагамі па гарачым вуголлі, займаецца альпінізмам, а таксама скокамі з вяршыні высачэзнага дрэва – уніз галавой на спецыяльнай вяроўцы…
У яе – маса ведаў у самых нечаканых накірунках навукі, падзяліцца з якімі яна гатова з кожным.
Мы сядзім у школьнай сталовай, абед даўно скончыўся, але ўставаць ніхто не спяшаецца – не хочацца перапыняць цікавы расповед гэтай унікальнай жанчыны.
А калі нарэшце выходзім са сталоўкі, дырэктар прапануе нам зазірнуць яшчэ у адзін пакой, які сваім абсталяваннем нагадвае хутчэй кухню ў кватэры: электрапліта, мікрахвалёўка, сокавыціскалка, тостэр, электрачайнік, халадзільнік…–Сюды можа прыйсці любы настаўнік ці вучань, – тлумачыць спадарыня Галіна. – Разагрэць свой бутэрброд, заварыць кубак гарбаты, выціснуць сок… Школьнага тут – толькі электрапліта. Усё астатняе прынеслі мамы вучняў – хто чайны сервіз, хто кававарку… Падобны пакой у школе патрэбен. Так, мы двойчы кормім вучняў – даём снеданне і абед, але гэтага можа і не хапіць, бо школьны дзень часам доўжыцца да 16 гадзін. І потым кожны чалавек у сваім жыцці павінен мець выбар. У тым ліку і калі справа тычыцца яго страўніка.
Нарэшце мы дабіраемся да кабінета дырэктара школы. Вялізны дырэктарскі стол завалены паперамі. “Распрацоўваю чарговы праект, – тлумачыць гаспадыня. – Як правіла, заседжваюся на працы да цямна. А часам нават начую ў школе. У нас для гэтага ёсць умовы – і ложкі, і пасцельная бялізна. Калісьці нам прапанаваў яе интернет магазин постельного белья. Мы гатовы прымаць у сябе і забяспечваць начлегам гасцей з Беларусі. У першую чаргу гэта тычыцца школьных экскурсій. Запрашаем шчыра!”
Падобнае запрашэнне Галіна Сівалава аднойчы надрукавала ў “Настаўніцкай газеце”, думала – пасыплецца народ. Насамрэч не адгукнуўся ніхто. Калі пазней ёй давялося сустракацца на нейкай нарадзе са сваімі калегамі з беларускіх школ, яна пацікаваілася, чаму ніхто не зацікавіўся яе прапановай? “Чыталі ваша запрашэнне, – адказалі дырэктары. – Але не паверылі. Падумалі: занадта добра, каб быць праўдай”.
–Так што сваё запрашэнне школам Астравеччыны я перадаю праз вас, -– усміхаецца спадарыня Галіна. – Прыязджайце, дарагія настаўнікі! І прывозьце вучняў. У нас ёсць магчымасць прадаставіць нармальныя ўмовы для начлегу 15-18 чалавек. Бясплатна. Хаця не зусім – узамен мы папросім размаўляць з намі па-беларуску. І настаўнікам, і выхаванцам нашай школы вельмі хочацца мець зносіны з сапраўднымі носьбітамі нашай мовы.
Ехаць – варта. І ў Вільню, і ў беларускую школу – таксама. Тым больш, што і павучыцца ў школе ёсць чаму. Да прыкладу, той жа экалогіі.
– У міжнародным конкурсе “Праблемы вады”, які праходзіў у Швецыі, наша школа заняла другое месца, прапусціўшы наперад толькі школьнікаў Японіі, – паказвае ўзнагароды дырэктарка. – Вучні расстроіліся: ах, не першыя – другія! А я ім сказала: “Дзеці, гэта ж Японія! Астраўная дзяржава – каму, як не ёй лепш ведаць праблемы вады?!” Цяпер вось удзельнічаем у праекце па вывучэнню дрэнных уплываў на прыроду і здароўе чалавека. Па ўсёй школе расстаўлены прыборы для вымярэння рознага роду выпраменьванняў. Запісваем, падсумоўваем, апрацоўваем. Цікава не толькі дзецям – многае мы спасцігаем разам. Вынаходзім. Адкрываем. Дзелімся сваімі назіраннямі і вывадамі. Гэта няпраўда, што настаўнік вучыць, а вучань вучыцца – усе мы прыходзім на свет для таго, каб вучыцца. Да апошняй хвіліны жыцця. І, паклаўшы руку на сэрца, прызнаюся, што не хачу, каб школа была камусьці другім домам ці пеклам. Школа і ёсць школа. І самае галоўнае, каб у яе сценах было цікава і ўтульна. Каб вучыцца ў ёй хацелася і маглося. І вучням, і настаўнікам.
Ганна ЧАКУР