Жыхары Гервяцкага краю – на прыёме ў Прэзідэнта Літвы
16:47 / 19.03.2010
Напярэдадні аднаўлення Дня незалежнасці Літвы 9 сакавіка прэзідэнт Літоўскай Рэспублікі Даля Грыбаўскайтэ прыняла дэлегацыю жыхароў і выхадцаў Гервяцкага краю – першага пасла Літвы ў Беларусі, старшыню міжнароднага клуба “Гервячай” Альфонсаса Аўгуліса, ксяндза-пробашча Гервяцкага касцёла Леаніда Несцюка, старшыню Гервяцкай суполкі літоўцаў Святлану Петрык, ураджэнку вёскі Гіры, былую настаўніцу Мальвіну Мешкінене.Спадар Альфонсас Аўгуліс, які завітаў да нас у рэдакцыю неўзабаве пасля візіту, расказаў, што гэтая сустрэча праходзіла ў цёплай, шчырай, сардэчнай абстаноўцы. Прэзідэнт Даля Грыбаўскайтэ цікавілася, як жывецца літоўцам у Беларусі, справамі і клопатамі суайчыннікаў. Яна выказала вялікае задавальненне, што на тэрыторыі Гервяцкага краю літоўцы – грамадзяне Беларусі – маюць усе магчымасці задавальняць свае духоўныя і культурныя запатрабаванні — тут працуюць літоўская школа і культурны цэнтр, набажэнствы ў найпрыгажэйшым касцёле Святой Тройцы вядуцца ў тым ліку і на літоўскай мове. Каб можна было пераканацца, што ўсё гэта менавіта так, гервятцы выказалі пажаданне, каб прэзідэнт Даля Грыбаўскайтэ калі-небудзь сустрэлася ў Гервятах з прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Прэзідэнт Літвы паабяцала абмеркаваць гэтую прапанову са сваім беларускім калегам.
На сустрэчы ўздымалася і набалелая для мясцовых жыхароў праблема выезду ў Літву і кошту віз, а таксама бясплатнай іх выдачы жыхарам 50-кіламетровай зоны, пра што ўжо доўгі час вядуцца размовы на самым высокім узроўні, але справа пакуль не вырашана. Прэзідэнт Даля Грыбаўскайтэ паабяцала даць даручэнне сваім саветнікам разабрацца ў сутнасці праблемы і па магчымасці паскорыць гэты працэс.Мальвіна Мешкінене, якая падчас наведвання Гервят прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам уручыла яму льняны ручнік з вытканым на ім тэкстам беларускага гімна, зрабіла такі ж падарунак і прэзідэнту Далі Грыбаўскайтэ – толькі на гэты раз на ручніку яна выткала гімн Літвы. Прэзідэнт прыняла падарунак з удзячнасцю і доўга распытвала пра сакрэты апрацоўкі лёну, працу папрадух і майстрых ткацтва – і было відаць, што цікавасць яе шчырая і непадробная.
Па словах спадара Аўгуліса, на працягу ўсёй сустрэчы чырвонай ніткай праходзіла думка, што два нашы народы – беларускі і літоўскі — спрадвеку жылі ў міры, дружбе і добрасуседстве, гэта – адна з асноўных каштоўнасцей жыцця, і сучаснаму пакаленню трэба захоўваць і развіваць гэтыя традыцыі.
Ніна АЛЯКСЕЕВА.