Ей так хочется быть похожей на обычных людей...
Яе завуць гераіняй, а ёй так хочацца хоць крыху быць падобнай на звычайных людзей…Кожнаму чалавеку Бог дае несці крыж, суразмерны з моцай і сілай самога чалавека. Кажуць, што свая ноша не цяжкая… І нават тады, калі трываць боль больш не хапае моцы, і здаецца, што гэта канец жыццёвай дарогі, на фінішы – сілы знаходзяцца...
Яна ўпарта глядзіць наперад. Яна – баец, не з тых, хто здаецца ў палон бяссіллю – і робіць крок насустрач, які каштуе непамерных высілкаў. Самы складаны – першы крок. Затым лягчэй прымусіць сябе. Збіраецца ўся па драбніцах у адно, наступае на горла самой сабе і – усміхаецца. Усмешка не раз ратавала ў часы, калі ўнутры ўсё абрывалася.
Намагаецца сустракаць усмешкай кожны свой новы ранак і людзей – і ніхто не дагадваецца, якіх высілкаў гэта ёй каштуе.
Калі за акном пачынаецца світанне, і першыя сонечныя промні казычуць вочы праз не шчыльна занавешаныя фіранкі, яна вітае ранак думкай: “Дзякуй, Божа, табе за магчымасць сустрэць яшчэ адзін дзень!”.
Разам з крывёю ў скронях пульсуе “Жыць”, нягледзячы ні на што. Заўтра павінны прыехаць дачка з унукам Дзімкам – і ўсе перажыванні з трывогамі адыходзяць на другі план: “Перажыву… Ператрываю… Перанясу…”
Наталля Пятроўна Малышка нарадзілася ў вялікай і дружнай сям’і ў вёсцы Балюта Віцебскай вобласці Чашніцкага раёна. Маці і бацька працавалі на ферме, мелі свой дом.
Кажуць, што калі Бог хоча зрабіць жанчыне камплімент, то пасылае ёй дачок. У Паўлаўны былі тры дачушкі – і ніводнага сына. Самая маленькая, Наташка, была гарэзай, нягледзячы на тое, што з’явілася на свет з прыроджаным вывіхам бядра. Яна пастаянна патрабавала чыёйсьці прысутнасці: то ў вядро з вадой улезе, то зваліцца і абдзярэ каленкі. Вядома, на вёсцы шмат работы, асабліва ўлетку: і агарод, і хатняя гаспадарка, і гатаванне ежы, і мыццё адзення – адным словам, ад світання да змяркання. Дзе ж там угледзіш гэтую непаседлівую малую?
Вось і не ўгледзелі: двухгадовая дзяўчынка выбегла на дарогу. Наташа не памятае таго моманту – была яшчэ зусім малечай – калі вялікая грузавая машына збіла яе.
З таго моманту яе жыццё змянілася кардынальна: дзяцінства скончылася, не паспеўшы пачацца.
– Я не памятаю сябе такой, як усе: здаровай, з абедзвюмя нагамі. Усё жыццё, пачынаючы з ранняга дзяцінства, я адчувала сваю віну перад мамай, сваю непаўнавартасць. І – боль. Боль стаў спадарожнікам жыцця. Дзясяткі разоў у думках я вярталася назад і задавала сабе адно і тое ж пытанне: “Чаму? Чаму я тады выбегла на гэтую злашчасную дарогу?”
У той аварыі Наташа страціла нагу: урачы ампутавалі яе ніжэй калена. Тым не менш дзяўчынка занава вучылася хадзіць з дапамогай пратэза. Родныя сёстры, Таццяна і Ірына, саромеліся, што іх малодшая сястрычка – інвалід. Бацька, які, напэўна, любіў сваю дачушку, як умеў, не адчуваў жалю да яе. Да Наташы ён адносіўся, як да хлопчыка і патрабаванні прад’яўляў жорсткія: яна вучылася ўпраўляцца з малатком, пілавала дровы… Толькі мама ўсё часцей плакала па начах, а бацька крычаў невядомае ёй да гэтага моманту слова “інтэрнат”. Сёстры спалі спакойным сном і, напэўна, бачылі паветраныя шары ці лялек ў прыгожых сукенках – а маленькая Наташа чула ўсё і разумела, што тата злуецца на маму, і маці плача з-за яе…
Калі дзяўчынка скончыла трэці клас, мама адвязла яе ў інтэрнат для дзяцей з парушэннямі ў апорна-рухальным апараце, які знаходзіўся ў Андэеўшчызне, таму што траўма дзяўчынкі патрабавала асаблівага догляду.
– Памятаю, калі я пераступіла парог інтэрната, першае, што кінулася мне ў вочы, – гэта тое, што ўсе дзеткі тут здаровыя. Я намагалася хаваць сваю інваліднасць. Дзяўчаты, якія жылі са мной у пакоі – нас было дзевяць чалавек – чатыры месяцы не здагадваліся, што я – інвалід. Я мыла падлогу, прыбірала пакой… Вось толькі, калі хадзілі ў душ, я заходзіла апошняя і паспявала памыцца за дзесяць хвілін…
… Мама з татам не забываліся на мяне, летам забіралі на канікулы, але я не ведала, што такое сям’я, што такое святы за агульным сталом. Я прывыкла жыць па раскладзе… Я прызвычаілася да болю. Я жыла, насуперак усяму свету. Я была моцнай: ніхто ніколі не ведаў, што творыцца ў маёй душы. Ні адзін чалавек не ведаў, нават не здагадваўся, што я адчуваю і як мне даецца адсутнасць мамы і сям’і.
Але я сябе не шкадавала. Самае разбуральнае, што можа рабіць чалавек – гэта шкадаваць сябе. І я не расслаблялася ні на хвілінку, бо ведала, калі дам слабіну, – зламаюся.
Наташа сустракала дні і ночы ў інтэрнаце – а сям’і, якую яна памятала ў далёкія шчаслівыя дні, ужо не было. Бацька кожны вечар прыходзіў дахаты нападпітку і вінаваціў маці, што ў іх жыцці з’явіўся інвалід. І зрываўся, не кантраляваў сябе. Ён тапіў у віне сваю неаплаканую і да канца не перажытую віну – а Наташка адчувала ўсё праз кіламетры дарог і тоўшчу доўгацякучых дзён. Яна ведала, што маме вельмі балюча – але нічога не магла зрабіць.
Сям’я распалася: бацька сышоў у невядомым накірунку. І маці, каб уратавацца ад дрэнных думак і пачаць жыццё з чыстага ліста, пераехала ў Варняны: там жыла яе сястра.
Маці хацела, каб яе дачушкі не ведалі горычы скандалаў і мулкасці чужых ложкаў. Наташа пакінула казённыя сцены і пайшла ў 8 клас Варнянскай школы.
– Я ўпершыню спазнала, што такое сям’я. Што такое: есці не па раскладзе, а калі хочацца, бо інтэрнат, па сутнасці, быў сапраўднай арміяй.
Уяўляеш, – мне было пятнаццаць гадоў – а я спала з мамай. Я не магла нацешыцца пачуццём гэтай свабоднай бяспекі, я не магла паверыць, што мы ізноў усе разам!
Яе цётка ў часопісе “Аганёк” прачытала пра хірурга-артапеда Г.А. Ілізарава, які маленькаму хлопчыку аднавіў нагу, і напісала ліст, дадаўшы фотаздымкі Наташынай нагі.
Праз тры месяцы прыйшоў адказ: накіраванне ў Інстытут траўматалогіі ў Мінску. У дзяўчынкі-падлетка з’явілася сапраўдная магчымасць нарэшце пазбавіцца ад пратэза.
– Ноччу клалася спаць і марыла аб тым, каб да мяне прыйшоў добры чараўнік і зрабіў мяне крыху падобнай да вас, здаровых.
Раніцай, калі расплюшчыла вочы, перада мной стаяў высокі, у акулярах, з закасанымі рукавамі белага халата мужчына. Я прызналася яму, што ён мне сніўся.
Так у маім жыцці з’явіўся цудоўны ўрач Аляксандр Якаўлевіч Журкоў, цвёрды і моцны духам чалавек. Ён ніколі мяне не шкадаваў – і я паверыла яму.
Першага ліпеня дзяўчынцы зрабілі аперацыю на бядры, а затым падоўжылі нагу на 15 сантыметраў. Яна ляжала ў гіпсе тры месяцы. Калі гіпс знялі – стала зразумела, што 6 сантыметраў аказаліся лішнімі. Лепшыя хірургі, артапеды і анестэзіёлагі на кансіліуме прынялі лёсавызначальнае рашэнне для Наташы – сфарміраваць стапу. Дзяўчына насіла доўгі час ілізараўскі апарат.
Пакуль яе аднагодкі пісалі адзін аднаму на лісточках са сшыткаў ананімныя прызнанні ў каханні, а дзяўчаты тайком ад бацькоў бегалі на спатканні; пакуль яны, сямнаццацігадовыя, марылі пра сваю будучыню і бачылі сябе будаўнікамі, настаўнікамі, урачамі, яна кусала вусны да крыві і сустракала свае дзявочыя вёсны ў бальнічным пакойчыку.
У рэдкія моманты, калі дзейнічала абязбольваючае, яна думала, што штосьці не так. Ёй мроілася, што ножка, якую, аднавілі хірургі–артапеды, знікла. Кроплі халоднага поту сцякалі па твары, а яна баялася нават паварушыцца. Баліць – значыць, ёсць.
На прафесарскім абходзе Аляксандр Якаўлевіч звярнуўся да Наташы:
– Ну што, будзем спрабаваць хадзіць!
Дзяўчына не верыла сваім вушам:
– Я баюся... А раптам яна зломіцца?
Ён толькі працягнуў рукі – і Наташа пайшла. Маленькімі крокамі, як аднагадовае дзіця, яна ішла да сваёй перамогі. Перамогі над болем, бяссоннымі начамі і адзінотай.
– Бальніца была для мяне сапраўдным домам, а ўрачы і медыцынскія сёстры – другой сям’ёй. За сваё жыццё я перажыла тры клінічныя смерці.
Ведаеш, калі паміраеш – перад вачамі праносіцца ўсё жыццё. Хвіліна даўжынёй у цэлае жыццё! І вяртанне…
Калі мне было 20 гадоў, мой урач прымусіў мяне пахрысціцца. Тады я не верыла ў Бога. Часта задавала яму пытанні: “Чаму? Чаму ўсе здаровыя, а я – інвалід?”.
Я вельмі хацела быць падобнай да вас. Не чуць гэтага скрыпу пратэза. Насіць, як і ўсе дзяўчынкі, сукенкі і спадніцы…
Быў выпадак летам (я тады была дома), калі сястра Іра папрасіла мяне схадзіць разам з ёю на рэчку. І я пайшла. Яна купалася, распырсквала ваду, ёй было так добра, а я сядзела на беразе і ўсміхалася. Яна не разумела, як мне балюча. І толькі ў 48 гадоў стала рэчаіснасцю мая мара: я спазнала пацалунак хваль і прахалоду вады.
…Пытанні, на якія я нідзе не магла знайсці адказаў, жылі ўнутры і раз’ядалі мяне. “Пад дулам пісталета” я прыняла святое хрышчэнне, таму што пяць папярэдніх аперацый былі беспаспяховымі. Дзве гадзіны малітваў, халодная вада – і я зразумела, што ўнутры ўсё перавярнулася. Я ўсёй душой адчула прысутнасць Бога ў сваім жыцці.
Звычайна дзяцей хрысцяць немаўляткамі, а калі атрымліваеш гэта таінства ва ўзросце – гэта вялікая падзея ў жыцці, адкрыццё, пераварот.
За жыццё Наташа перанесла 35 аперацый, урачы падоўжылі нагу на 25 сантыметраў. Яна даказвала не толькі сабе, але і іншым людзям, што яна моцная, што можа перанесці ўсе цяжкасці.
Пасля доўгіх месяцаў знаходжання ў бальніцы і складанай рэабілітацыі Наташа вярнулася дамоў у Варняны. Яна не магла сабе дазволіць сядзець на месцы, нягледзячы на пасведчанне аб трэцяй групе інваліднасці. Уладкавалася на працу на завод “Радыёдэталь”. Была брыгадзірам цэха, добра вязала жгуты. Пасля перайшла на працу ў калгас імя Чапаева, дзе і пазнаёмілася з будучым мужам.
– Уладзімір заляцаўся да мяне доўга. Кветкі часта прыносіў, маленькія падарункі. Праз год я ўжо насіла прозвішча Тапунова.
Але і тут, калі я была шчаслівай у сямейным жыцці, злыя языкі не давалі спакою. Хтосьці пусціў плётку аб тым, што я не змагу нарадзіць… І мой муж, такі пяшчотны і ласкавы, ператварыўся ў звера. Ён вінаваціў мяне ва ўсіх існуючых і неіснуючых грахах. Той, які даваў клятву перад Богам быць са мной у здароўі і хваробе, адвярнуўся ад мяне. Тады я была ўжо цяжарная.
Я памятала словы свайго ўрача, што мне нельга нараджаць – але я моцна хацела дзіця. Я была згодна пайсці на ўсё, каб толькі стаць маці.
Наташа сышла ад мужа. Яна не магла бачыць побач з сабою п’янага і агрэсіўнага чалавека. Цяпер усе думкі жанчыны былі толькі пра дзіця.
Праз некалькі месяцаў на свет з’явілася здаровая дзяўчынка. Калі жанчына ўбачыла сваю маленькую крывіначку, з ручкамі і ножкамі, яна заплакала наўзрыд. Яна не стрымлівала свае слёзы, не хавала сваёй радасці ад навакольных. Ёй хацелася крычаць на ўвесь свет, што яна стала мамай. Бо гэта была яшчэ адна перамога над сабой, над сваім неміласэрным лёсам, над болем.
– Я адчувала шчасце другі раз за жыццё…Упершыню гэта здарылася, калі пратэз змяніўся “чаравікам”, і я змагла самастойна хадзіць, хоць шлях да гэтага “хаджэння” каштаваў мне сямі гадоў жыцця – столькі я ляжала ў бальніцах.
Маленькая Волечка патрабавала шмат увагі і сіл. Нягледзячы на тое, што даглядаць дзяўчынку Наташы дапамагала мама, жанчына вельмі стамлялася. Яна яшчэ доўга хавала ад маці пашкоджаную астэаміэлітам нагу. Калі трываць боль было ўжо немагчыма – Наташа ўсё ж паехала ў бальніцу. Каб толькі яна ведала, што праляжыць там паўтара года, што ад сваёй маленькай дачушкі пачуе “цёця Наташа”, а не “мама” – яна б і далей хавала свой боль, каб чуць кожнае дзіцячае слоўца, каб увачавідкі бачыць першыя крокі…
Мінула больш за дваццаць гадоў. У Наташы з’явіўся галоўны мужчына яе жыцця – унук Дзімка, які без любімай бабулі не можа прабыць і хвілінку. А дачка Оля толькі тады, калі сама стала мамай, зразумела ўсе цяжкасці мацярынства:
– Мая мама – яна гераіня, сапраўдная пераможца, у першую чаргу – пераможца над сабой і гэтым светам, у якім так шмат людской злосці, зайздрасці і раўнадушша, – гаворыць Оля. – Яе адрознівае ад астатніх менавіта тое, што яна ніколі не сумуе і не падае духам – сапраўдны аптыміст. Яна ніколі не будзе сварыцца, а разбірае канфліктныя сітуацыі толькі спакойным голасам. Яна вельмі жаноцкая, нягледзячы на тое, што ніколі не насіла спадніцы і сукенкі. Яна выдатная гаспадыня: самыя смачныя дранікі – у яе, у гэтым я ўпэўненая на ўсе сто працэнтаў..
Як і ў кожнай сям’і, у нас з ёй здараліся непаразуменні: некалі я злавалася, замыкалася ў сабе… Толькі тады, калі сама стала маці, зразумела, што матчына любоў прабачае, зберагае і вядзе па жыцці.
Наташа сама сячэ дровы, гародзіць плот і ўскопвае агарод. Вельмі часта ў свабодныя хвілінкі яна бярэ веласіпед і едзе вудзіць рыбу на стаў, каб зліцца з прыродай у адно цэлае, набрацца энергіі.
Яна пранесла праз усё жыццё свой аптымізм і веру ў светлае. Яна ніколі не скардзіцца, а толькі ўсміхаецца і дапамагаць людзям.
Але ж жанчына, якая праз усё жыццё крочыць пераможцай, з дзяцінства так хацела быць хоць крыху падобнай да нас…
-----------------------
Алена ГАНУЛІЧ.