Хор "Польскае рэха Астраўца" высоко оценили на Международном конкурсе в Литве

14:00 / 30.11.2014
2
У Доме настаўніка ў Вільнюсе 22 лістапада прайшоў 12 Міжнародны фестываль «Песні памежжа», удзел у якім прынялі і артысты з Астраўца: аркестравая група, салісты і хор «Польскае рэха Астраўца».


У другі раз фестываль праходзіць у Вільнюсе. У мінулым годзе хор «Польскае рэха Астраўца» таксама браў удзел у гэтым песенным мерапрыемстве. І сёлета з задавальненнем «астравецкія палякі» адгукнуліся на прапанову аднаго з арганізатараў фестывалю, старшыні Міжнароднай грамадскай арганізацыі «Клуб Гервячай» Альфонсаса Аўгуліса стаць удзельнікамі песеннага конкурсу.

Сёлета на фестываль у Вільнюс завіталі 14 калектываў, 12 салістаў, некалькі дуэтаў і трыа з Літвы, Латвіі і Беларусі.

– Папярэдне мы правялі завочны адбор калектываў, – расказаў Альфонсас Аўгуліс. – Жадаючых стаць удзельнікамі песеннага конкурсу было значна больш. Выбралі лепшых – яны і сустрэліся ў суботу на фестывальнай сцэне.

Большасць калектываў прадстаўлялі Літву. Але фестываль можна назваць міжнацыянальным: беларуская, руская, польская, татарская дыяспары, якія пражываюць у Літве, прадставілі творчасць сваіх народаў. Да іх дадаліся два калектывы з суседніх краін – Беларусі і Латвіі.

На фестываль з'ехаліся апантаныя людзі, якія жывуць песняй і могуць зацікавіць ёю іншых, таму мерапрыемства прайшло на высокай ноце – нягледзячы на тое што гучалі ў асноўным літоўскія песні, усё было зразумела, бо на сцэне гаспадарыла сапраўднае мастацтва.

Народныя песні на беларускай, рускай, польскай і літоўскай мовах, харавое выкананне ў жывым музычным суправаджэнні і акапэльна, салісты, дуэты і трыа – песня паланіла кожнага артыста і гледача. Узрост удзельнікаў фестывалю не абмяжоўваўся: выступалі і школьнікі, і людзі паважанага ўзросту – і ўсе рабілі гэта шчыра і пранікнёна.

Так сталася, што астравецкія артысты прыехалі на фестываль са спазненнем. Нягледзячы на тое што адлегласць паміж Астраўцом і Вільнюсам складае ўсяго 50 кіламетраў, раздзяляюць іх дзве мяжы, і пераадоленне іх – справа не хуткая. Таму адкрыццё фестывалю і выступленне большасці ўдзельнікаў конкурснай часткі нам убачыць не давялося.

Ледзь астравецкія артысты паспелі пераапрануцца, а спецыялісты школы мастацтваў настроіць свае інструменты (сёлета “Польскае рэха” паехала на фестываль, “узмацніўшыся” прафесійным музычным акампанементам), як прыйшла чарга выходзіць на сцэну.

І, не паспеўшы як след аддыхацца, “рэй узяла” Ірына Волчэк – яе “Ой, у полі груша” і “Чабарок” выклікалі гарачыя апладысменты гледачоў. Большасць прысутных цудоўна разумела і рускую, і беларускую, і польскую мовы – і гэтак жа добра на іх размаўляла.

А потым на сцэну падняўся хор “Польскае рэха Астраўца” – і грымнула “Пойдзем, жонка”, а затым – “Выбудуем дом” – пачуліся “Брава” і “Біс”! І яны б праспявалі яшчэ, каб не конкурснае патрабаванне – не больш чым дзве песні.

А калі на сцэне засталося трыа ў складзе Аксаны Юркойць, Наталлі Такарчук і Алены Такарчук, якім па-заліхвацку падыгрываў Генрых Волчэк, і зацягнула “Купалінку” – стала падпяваць уся зала.

А потым пачалася фестывальная частка “Песні Памежжа” – на сцэну мог падняцца кожны ўдзельнік мерапрыемства і выканаць любую песню. Вось дзе было раздолле для душы!

А пакуль самадзейныя артысты дэманстравалі свае таленты ўжо не ў конкурсным фармаце, прыйшла чарга працаваць журы – менавіта ім давялося выбіраць лепшых з лепшых.

...І вось журы падымаецца на сцэну. Яго старшыня, прафесар Нацыянальнай акадэміі музыкі і тэатра Тадас Шумскас гаворыць па-літоўску – але час ад часу чуецца назва нашага калектыву… На шчасце, неўзабаве знайшоўся “перакладчык” – хлопец з Беларусі, які сёння жыве ў Вільнюсе.

– Ваш калектыў адзначылі, сказалі, што яму ўжо і ў філармоніі можна выступаць, – гаворыць мой добраахвотны памочнік – і сэрца перапаўняецца радасцю за землякоў.

А ён дадае – ужо ад сябе:

– Напэўна, недарэмна прыехалі – штосьці атрымаеце.

Аказалася, што астраўчане засвяціліся ва ўсіх намінацыях. Дыплом ІІІ ступені і падарунак ад Альфонсаса Аўгуліса атрымала Ірына Волчэк за сольнае выступленне. Астравецкае трыа дзяўчат таксама было ўзнагароджана Дыпломам і падарункам за песню “Купалінка”.

А хор “Польскае рэха Астраўца” стаў пераможцам 12 Міжнароднага песеннага фестывалю «Песні Памежжа» – і сваёй невялікай канцэртнай праграмай закрыў фестывальны дзень.

Дарэчы, у спіс пераможцаў трапіла таксама Ксенія Мілаш – дзяўчынка, якая таксама мае дачыненне да Астравеччыны: тут нарадзілася і вырасла яе матуля, добравядомая пастаянным чытачам “Астравецкай праўды” Леакадзія Мілаш, тут, у Соргаўцах, у бабулі бегалі босыя ножкі і самой звонкагалосай Ксеніі. У Ксеніі Дыплом ІІ ступені за сольны нумар.

Трэцяе месца заваяваў хор “Сузор’е” з Вісагінаса, Дыпломам быў адзначаны калектыў “Раніца” з Шальчынінкая, якія прадстаўлялі творчасць беларусаў у Літве.

– Мы з задавальненнем адгукаемся на ўсе запрашэнні да ўдзелу ў конкурсах, фестывалях, канцэртах, – расказвае па дарозе дамоў старшыня Астравецкага аддзела Саюза палякаў на Беларусі Тарэса Мароз. – У мінулым годзе таксама ездзілі ў Літву – атрымалі Дыплом ІІ ступені. А сёлета нарэшце заваявалі першае месца! Канешне, мы ўдзячны за падтрымку, якую нам аказала Астравецкая дзіцячая школа мастацтваў. З сольным нумарам выступіла яе педагог Ірына Волчэк. А аркестравая група ў складзе Алены Капыловай,  Ірыны Валейка, Вольгі Гульбіцкай, Аксаны Сяўко, Таццяны Сяўко і Генрыха Волчэка дапамагла нам падняцца на першую прыступку і стаць пераможцамі фестывалю “Песня памежжа”.

Ну што ж, нам застаецца павіншаваць землякоў. Так трымаць!


Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.