Икона Матери Божьей "Всецарица" в Островце

14:00 / 31.08.2012

Цэлы тыдзень у праваслаўным храме святых апосталаў Пятра і Паўла знаходзілася вялікая святыня – копія іконы Маці Божай “Усецарыца”, напісаная манахамі Ватапедскага манастыра на Святой гары Афон у Грэцыі. Знамянальна, што прыбыў абраз у дзень вялікага свята – Праабражэння Гасподняга, каб умацаваць вернікаў у малітве, пасадзейнічаць нашаму духоўнаму абнаўленню.


Святыню даставіў у Астравец благачынны Смаргонскага благачыння настаяцель храма – протаіерэй Анатоль Рэзановіч. Жыхары горада сустракалі яго хлебам-соллю. Па высцеленай кветкамі дарожцы абраз уносіцца ў царкву і ўскладваецца на аналой. Настаяцель храма святых апосталаў Пятра і Паўла іерэй Георгій Савіцкі і настаяцель храма прарока Іліі вёскі Альхоўка іерэй Ігар Пятроўскі служаць падзячны малебен. Шматлікія вернікі выстраіліся ў чаргу для пакланення святыні.
Храм быў адчынены на працягу тыдня з 14 да 19 гадзін, і кожны дзень да абраза выцягваўся жывы людскі ланцужок.
Абраз “Усецарыца” ўшаноўваецца і праваслаўнымі, і католікамі за яго гаючую сілу. Усе яго копіі, а нам найбольш вядомы той, што знаходзіцца ў царкве-крэпасці вёскі Сынковічы Зэльвенскага раёна, – цудатворныя. Вядомы выпадкі шматлікіх вылечванняў ад цяжкіх, найперш анкалагічных захворванняў. Да Маці Божай Усецарыцы людзі звяртаюцца з апошняй надзеяй, шчырай слёзнай малітвай і па веры сваёй атрымліваюць дапамогу. Верыцца, што і малітвы астраўчан былі пачутыя.
Пабываў святы абраз і ў Варнянах, а пасля адбыў у далейшае падарожжа па храмах Навагрудскай епархии.


----------------------------
Таіса СЯМЁНАВА,
фота аўтара.