Дзень паэзіі ў Гудагаі

09:25 / 30.03.2012

На дзень паэзіі, які ва ўсім свеце адзначаўся 21 сакавіка, вучні і педагогі Гудагайскай школы запрасілі журналіста “Астравецкай праўды”, маладога і таленавітага паэта Антона Мальшэўскага.


Імя Антона Мальшэўскага вядома школьнікам – аб гэтым сведчыла тое, што дзеці ведаюць не толькі прозвішча Антона, але і яго журналісцкі псеўданім Антон Чык. Значыць, школьнікі чытаюць “Астравецкую праўду” – і гэта не можа не радаваць яе супрацоўнікаў.
Вучні да сустрэчы падрыхтавалі цікавую літаратурную праграму – чыталі вершы вядомых беларускіх і рускіх паэтаў і расказвалі пра развіццё сучаснай паэзіі. Праўда, чытаць вершы ўласнага сачынення з залішняй сціпласці адмовіліся. І тады на дапамогу прыйшла настаўніца беларускай мовы і літаратуры Г.Ч. Новікава. Галіна Чаславаўна расказала пра выпускнікоў школы, вершы якіх былі надрукаваны ў школьным альманаху “Вершаняты-птушаняты” і прапанавала прыносіць свае творы настаўнікам-філолагам.
А потым слова прадставілі госцю – Антону Мальшэўскаму. Антон расказаў пра свае школьныя і юнацкія гады, пра тое, як упершыню пачаў пісаць вершы і пазнаёміў прысутных з некаторымі з іх. Відаць, што сам юнак і яго творчасць сапраўды зацікавіла школьнікаў, бо яны засыпалі Антона пытаннямі. А на развітанне пажадалі яму дарасці да такога ўзроўню, каб вершы Антона Мальшэўскага былі ўключаны ў школьную праграму, а яго кнігі выдаваліся вялікімі тыражамі. А потым выстраіліся ў чаргу, каб узяць у Антона аўтограф. І паэт для кожнага са сваіх прыхільнікаў знайшоў цёплыя словы пажаданняў.


Алена СВЕТЛАЯ.