Аляксандр Якіменка пачаў работу над мюзіклам для дзяцей

17:35 / 20.06.2011

Самадзейны астравецкі  кампазітар Аляксандр Якіменка  пачаў работу над  мюзіклам для дзяцей  “Арэлі дзяцінства”. Ён складаецца з чатырох карцін: “Вясна”, “Лета”, “Восень”, “Зіма”. Усіх музычных нумароў  трыццаць чатыры. Музыка напісана на  вершы вядомага паэта, сакратара  Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхаіла Пазнякова.


Ідэя  стварэння беларускамоўнага мюзікла  належыць не менш вядомаму кампазітару і паэту Віктару Радзіонаву – сябру саюзаў пісьменнікаў і кампазітараў Беларусі, якога звязваюць з нашым земляком даўнія творчыя сувязі.
 Варта сказаць, імя Аляксандра  Якіменкі ўжо досыць вядомае ў кампазітарскіх колах.  За трыццаць гадоў сваёй  творчай дзейнасці ён  напісаў больш за 250 песень, якія часта гучалі не толькі з раённай сцэны, але і з абласной, рэспубліканскай. Выхаванцы яго дзіцячай музычнай студыі годна прадстаўляюць Астравеччыну  на песенных конкурсах рознага ўзроўню. Таму заяўка на стварэнне дзіцячага мюзікла была ўспрынята  з адабрэннем, а музыка будучага спектакля  атрымала  станоўчыя водгукі падчас нядаўняга праслухоўвання ў Доме пісьменнікаў.
Наперадзе яшчэ карпатлівая работа па завяршэнні мюзікла і пошуку калектыву, які ажыццявіць яго пастаноўку на сцэне.
Парадуемся за нашага земляка і пажадаем шчаслівага сцэнічнага жыцця яго  мюзіклу.


Таіса СЯМЁНАВА.