Мастак Мікалай Карнілаў завітаў на Астравеччыну

10:52 / 14.06.2011

Даўно ў гасцёўню “Званы госць”, якая працуе пры Астравецкай цэнтральнай раённай бібліятэцы, не заглядваў мастак міжнароднага ўзроўню.


5 чэрвеня ў бібліятэцы адбылася сустрэча з заслужаным дзеячам мастацтваў Каракалпакіі, мастаком, пісьменнікам, журналістам, прафесарам усходніх культур, прэзідэнтам Міжнароднай асацыяцыі “Мастацтва народаў свету”, заснавальнікам галерэі “Никор”  ( г. Масква ) Мікалаем Ізосімавічам Карнілавым.
Мікалай Ізосімавіч падрыхтаваў аснову для 40 мастацкіх галерэй, сярод якіх “Музей пеўня” ў г. Петушкі ( Расія). У мінулым годзе намаганнямі Карнілава адкрылася мастацкая галерэя ў Ашмянах. А сёлета Мікалай Карнілаў прывёз вялікую калекцыю твораў мастацтва і рыхтуе чарговае адкрыццё галерэй ў Астравецкім і Смаргонскім раёнах.
На сустрэчы мастак расказаў пра свой цярністы, поўны жыццёвых калізій шлях да вяршынь мастацтва, чытаў свае вершы, прадставіў свае  кнігі, сярод якіх асобна вылучаецца твор “ Асколак каметы”.
З Мікалаем Карнілавым прыехалі яго жонка Серафіма Аронаўна і мастак Яўген Бачароў. Завіталі на сустрэчу з гасцямі не менш цікавыя і таленавітыя астраўчане – сям’я Варановічаў, Людміла Кухарэвіч, Данута Чарнушэвіч, Капіталіна Пятроўская і іншыя. Сустрэчу нітавала  сяброўская размова аб жывапісу, паэзіі, значэнні мастацтва ў нашым жыцці.
З удзячнасцю аб сустрэчы Мікалай Карнілаў падарыў бібліятэцы свае кнігі, а мы, у сваю чаргу, жадаем майстру захаваць пазітыўнае светаадчуванне і не пераставаць дзяліцца ім з людзьмі.


Наталля Ачарэтава, дырэктар Астравецкай ЦБС.