Цікавы госць пастукаўся нядаўна ў дзверы цэнтральнай раённай бібліятэкі

14:42 / 04.05.2011
11867

На гэты раз на сустрэчу з чытачамі завітаў аўтар 20-ці кніг, лаўрэат 6-ці прэстыжных прэмій, таленавіты паэт, вершы якога перакладзены на многія замежныя мовы… Не будзем зацягваць інтрыгу – па запрашэнню бібліятэкараў ў Астравец прыехаў паэт Сяргей Законнікаў. Так, той самы…


Той, што ў 1986 годзе стаў адным з першых ліквідатараў выбуху на Чарнобыльскай АЭС, прайшоў “праз зону”. На працягу паўтара года пасля ўбачанага і перажытага там Сяргей не мог выціснуць з сябе ніводнага паэтычнага радка. А потым, калі горыч, як радыёактыўны пыл Чарнобыля, асела, Законнікаў напісаў паэмы “Чорная быль” і “Зязюля”, якія большасць народаў свету ўжо даўно чытаюць на родных ім мовах. Пасля выхаду якой у свет паэт атрымаў ад чытачоў больш за 500 лістоў. І пасылку: трохлітровы слоік клубнічнага варэння, акуратна абкладзены ватай і зверху пісьмо, напісанае няпэўнай рукой старой жанчыны: “…Сынок, ты толькі не кідай, працягваць пісаць вершы. Такія – як пра Чарнобыль. Я прачытала тваю паэму і тры месяцы не магла заснуць… Твая чытачка”. І подпіс. –Кожную са сваіх прэмій (а можа, і ўсе разам!) я гатовы аддаць за гэты слоік клубніц, – кажа паэт. – Шчыраму і простаму падарунку ад маёй чытачкі няма цаны. У маіх вачах, у маім сэрцы… Падчас сустрэчы Сяргей Законнікаў чытаў свае вершы і адрыўкі з паэм, расказваў перадгісторыі іх напісання, адказваў на шматлікія пытанні прысутных. І зноў чытаў вершы. Двухгадзінная сустрэча праляцела імклівай ластаўкай. Як і ўсё самае лепшае, яна неўзабаве закончылася – паэт ад’ехаў, але яго цудоўныя паэтычныя радкі засталіся з намі – у нашых сэрцах.


Францішка КРАСКО.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений