Творчыя калектывы Астравеччыны пацвердзілі ганаровае званне

10:37 / 27.04.2011

У нашым раёне ёсць 8 творчых калектываў, якім прысвоена ганаровае званне “народны” ці “ўзорны”. Такое званне з’яўляецца не толькі пацверджаннем высокага майстэрства і таленту выканаўцаў, але і вынікам іх карпатлівай працы, бясконцых рэпетыцый, нястомнага адточвання тэхнікі выканання. Яны дасягнулі высокай планкі, але ж гэта зусім не значыць, што цяпер можна расслабіцца і спачываць на лаўрах: раз у тры гады высокае званне трэба пацвярджаць.


19 красавіка ў кінаканцэртнай зале “Астравец” прайшоў зводны канцэрт творчых калектываў Астравецкага раёна для пацверджання звання “народны”, “узорны калектыў аматарскай творчасці”. Падобнае мерапрыемства з’яўляецца важным стымулам для павышэння мастацкага ўзроўню ўдзельнікаў і іх выканаўчага майстэрства.
“Судзіць” нашых артыстаў прыехала камісія з Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці у складзе намесніка дырэктара Таццяны Рыгораўны Капітан, вядучага спецыяліста па харэаграфічным жанры Ларысы Віленаўны Галалобавай і вядучага спецыяліста па вакальна-харавым жанры Алега Міхайлавіча Комара. Толькі, на мой погляд, ім даводзілася не судзіць, а хутчэй атрымліваць асалоду ад выступленняў самых таленавітых калектываў нашага раёна.
Вышыні вакальнага майстэрства прадэманстравалі дзіцячы ўзорны хор “Ветразь” з Астравецкай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам І.А. Волчак, дзіцячы ўзорны фальклорны ансамбль “Міхалінка” з Міхалішкаўскай музычнай школы пад кіраўніцтвам С.Ч. Шаблінскай. Зачаравалі публіку народны ансамбль народнай песні “Світанак” Варнянскага СДК (кіраўнік Н.В. Літвін). Народны ансамбль народнай песні “Кемяліна” Кямелішкаўскага СДК (кіраўнік С.В. Дзям’янчык) даўно стаў візітнай карткай нашага раёна. Ён узнік у 1995 годзе і аб’яднаў самых таленавітых людзей вёскі – культработнікаў, прадаўцоў, медыкаў, школьнікаў. Сёння “Кемяліна” вядзе актыўную канцэртную дзейнасць, калектыў пакарыў сэрцы не толькі астравецкай публікі, але і суседніх раёнаў.
Віртуознае валоданне інструментамі прадэманстравалі настаўнікі Астравецкай школы мастацтваў з народнага ансамбля народных інструментаў “Скарбніца” пад кіраўніцтвам Н.П. Шарэйка. Вялікіх поспехаў дасягнуў і дзіцячы ўзорны духавы аркестр Астравецкай школы мастацтваў. Многія выхаванцы кіраўніка аркестра А.М. Антановіча звязваюць сваё жыццё з музыкай.
Таленавітыя акцёры з народнага тэатра Астравецкага РДК пад кіраўніцтвам В.Р. Турубаравай парадавалі публіку пастаноўкай п’есы нашага славутага земляка Казіміра Сваяка “Янка Канцавы”.
Ёсць яшчэ адзін народны калектыў у нашым раёне – хор ветэранаў, які пацвердзіў сваё званне крыху раней, таму ў зводным канцэрце не ўдзельнічаў. Усе астатнія калектывы напрыканцы канцэрта атрымалі пасведчанні аб пацверджанні званняў “народны” і “ўзорны”.
А дзіцячы харэаграфічны калектыў “Астравок”, што працуе ў гімназіі №1 пад кіраўніцтвам Н.К. Шукяловіч і А.І. Уласенка, прадэманстраваў камісіі свае здольнасці і ў бліжэйшым будучым будзе рыхтаваць дакументы, каб атрымаць званне “ўзорны”. Дарэчы, госці адзначылі яркія касцюмы рабят і цікавую пастаноўку танцаў. Будзем спадзявацца, што ў хуткім часе ў нашым раёне скарбніца астравецкіх талентаў папоўніцца яшчэ адным узорным калектывам.
Таццяна Рыгораўна Капітан падзякавала аддзелу культуры за добрую арганізацыю канцэрта і ўсім удзельнікам творчых калектываў раёна за цікавую і насычаную праграму.


Вольга ШОЎКУН.
Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ.