Урачыстасць у гонар Маці Божай Шкаплернай прайшла ў мястэчку Гудагай

14:06 / 20.07.2010
11911


Ліпень – гэта цвіценне. Буйства траў і кветак, разгул колераў і іх незлічоных адценняў. Гэта размякчэлая пад гарачымі промнямі сонца, разняволеная радасць існавання, калі ад спёкі з галавы выпараюцца трывожныя думкі, і ты нарэшце прымаеш жыццё такім, якое яно ёсць.
Ліпень – гэта даспяванне. Доўгачаканыя з пупырышкамі агурочкі з ўласнай градкі, і чырвань першых памідораў, галоўка ранняй капусты і свежая бульбачка з тоненькай смачнай скуркай. Бліскучыя гронкі парэчак – чырвоных і чорных, вішні, цёмныя і сакавітыя – як вочы буйваліцы. Першыя раннія яблыкі, духмяныя і салодкія.
Ліпень – гэта збор. Хлеб новага ўраджаю, які паслухмяна аддаецца ў рукі свайму гаспадару – земляробу. Духмянай ракой цякуць мірыяды яго зярнятак з поля ў засекі.
А яшчэ ліпень – гэта час наталення прагі. Не столькі фізічнай, колькі духоўнай. Таму што менавіта ў ліпені штогод адбываецца галоўны фэст Астравеччыны – урачыстасць у гонар Маці Божай Шкаплернай. Свята, якога мы заўсёды чакаем з нецярпеннем.
У Гудагайскага касцёла Наведання Маці Божай асаблівая аўра – кожны, хто наведвае яго ўпершыню, адчувае гэта, ледзь пераступіўшы яго парог. І адчуўшы, прасякнуўшыся глыбокай шчырасцю і цеплынёй, вяртаецца сюды зноў і зноў. Як вяртаюцца да маці. Да роднага дома. На радзіму…


ПЯТНІЦА. НАПЯРЭДАДНІ


Пачатак фэсту быў прызначаны на суботні вечар, а напярэдадні было вырашана арганізаваць сустрэчу моладзі. З усіх канцоў Беларусі заструменініліся ў Гудагайскі санктуарыум пілігрымкі. Пад спякотным сонцам пераадольвалі кіламетры і ўласную інертнасць хлопцы і дзяўчаты з Мінска, якія вырашылі прыйсці да Панны Марыі пешшу. Адна частка пілігрымаў з Нарачы таксама дабіралася да Гудагая пяшком, а другая – прыехала на веласіпедах. Пешшу ішла моладзь з Астраўца. З дапамогай розных сродкаў камунікацыі дабіраліся жадаючыя памаліцца перад цудадзейным абразам Маці Божай Гудагайскай. Акрамя ўжо пералічаных, на фэст прыбылі пілігрымы з Ліды, Брэста, Шуміліна (Віцебская вобласць), Нясвіжа, Іўя, Варнян, Кямелішак, Дайлідак, Гродна, з Літвы…
Да іх сустрэчы парафія старанна рыхтавалася. Непадалёк ад мужчынскага кляштару быў разбіты вялізны намёт, побач – перасоўная палявая кухня, якую прадставілі Гудагайскія пагранічнікі, і яшчэ адна гэткая ж – з Ашмян. Прадукты і грошы на іх набыццё збіралі літаральна ўсім мірам. Везлі і неслі – хто што меў: бульбу, буракі, агуркі, памідоры… Хто мог, дапамагаў грашыма. Сваю “прадуктовую” лепту ўнеслі ў добрую справу СВК “Гудагай”, фермерская гаспадарка “Астравецкая”, Ашмянскі мясакамбінат і інш.
Пакуль у катлах булькацела нешта смачнае, прыбыўшыя пілігрымы абуладкоўваліся – тыя, хто меў свае палаткі, разбівалі іх у выдзеленым братамі-кармелітамі месцы, астатніх размясцілі ў пустуючых дамах мястэчка, у якіх, ясная справа, парафіянкі напярэдадні зрабілі ўборку і праветрыванне.
Сустрэча моладзі распачалася ў 20 гадзін са спявання Нешпараў у гонар Найсвяцейшай Дзевы Марыі і своеасаблівых ці то разважанняў, ці то медытацый – аб ролі чалавека на зямлі, аб сэнсе веры, аб любові да Бога і да бліжняга…
Айцам-кармялітам не давялося двойчы паўтараць запрашэнне на вячэру – палявую кухню лёгка было знайсці па апетытных пахах, якія даляталі да самага касцёла. На 10-15 хвілін змоўклі ўсе размовы – чуўся толькі дружны грукат лыжак. Кашавары ледзь паспявалі абслугоўваць жадаючых атрымаць дабаўку.
Нарэшце вячэра скончана. Пасля некалькіх дзён дарогі, пасля сытнай вячэры кожнаму з нас хочацца аднаго – выцягнуцца ва ўвесь рост і смачна заснуць. Аб гэтым марылі і маладыя пілігрымы, асабліва тыя, хто дабіраўся да Гудагая пешшу. Не тут-то было! За справу ўзяўся вакальна-інструментальны ансамбль, у склад якога ўваходзяць навучэнцы Пінскай духоўнай семінарыі, і пілігрымы забыліся і пра стому, і пра крывавыя мазалі. Пазней семінарыстаў змянілі музыканты групы “Маранатха” – маладыя вернікі грэка-каталічнага веравызнання з Брэста, якіх іх духоўны павадыр айцец Ігар прывозіць у Гудагай хіба ў чацвёрты раз…


СУБОТА

Працягласць Гудагайскай Кальварыі – каля 5-ці кіламетраў. Па балоцістай мясцовасці, па скошаных травах, па лесе. З адной крутой гары на другую – яшчэ больш крутую. Пад джалячымі промнямі саракаградуснага сонца адолець такую не проста складана – вельмі цяжка. “Будзем маліцца, каб на гэты час Бог падарыў нам прахалоду”, – у тэлефоннай размове сказаў за некалькі дзён да фэсту айцец Казімір. Усявышні прахалоды не паслаў, але вырашыў справу па-свойму: даў сілы і вынослівасць кожнаму з 250-ці чалавек, якія адправіліся ў Крыжовую дарогу. Кіламетры дарогі скарыліся і старым, і маладым, так што ля апошняй стацыі людзі нават здзівіліся: няўжо мы ўжо прыйшлі?
Бліжэй да паўночы касцёл запоўніўся людзьмі да адказу. Нягледзячы на тое, што ўсе дзверы былі шырока расчынены, вельмі хутка ў храме літаральна не стала чым дыхаць. Але надышоў час Нешпараў, браты і сёстры кармяліты выстраіліся ля алтара і ад іх чыстага і магутнага спеву духата паслухмяна адступіла.
І ўсё ж кожны ўдзельнік начной службы з нецярпеннем чакае начной працэсіі – самага прыгожага і кранальнага моманту фэсту. Палаючыя паходні высвятляюць аскетычныя твары манахаў, іх карычневыя фартухі развяваюцца пры хадзьбе – першы такі калісьці падарыла заснавальніку ордэна кармелітаў сама Божая Маці. На гары Кармэль. У Зямлі Запаветнай. Як знак даверу і адрознення. За манахамі ідуць святары – залатыя колеры іх убранства патройваюць водбліскі полымя факелаў. Кожны манах і кожны ксёндз нясе ў руках паходню – асвячае дарогу сабе і людзям, якія ідуць за ім скрозь густую цемру – ночы і жыцця.
Далей працэсія зіхаціць, пераліваецца процьмай агеньчыкаў меншых памераў – гэта кожны вернік славіць Найсвяцейшую сваім святлом запаленай знічкі. І над гэтымі незлічонымі (тысяча? паўтары тысячы?) агнямі плыве смуглатварая Мадонна, трымае ў руках Божае Дзіця, якому наканавана стаць Адкупіцелем – тваім, маім, ягоным, яе… І святло паходняў іграе на рубінах папскіх каронаў, што ўпрыгожваюць Іх галовы. Каронаў, якія для абраза, як пячатка для дакумента – Святы Айцец Ян Павел ІІ уласнаручна пацвердзіў цудадзейную моц абраза Маці Божай Гудагайскай.

Працэсія выходзіць з касцёла і па вялікаму кругу абыходзіць касцёл і могілкі за ім. Усе разам адмаўляюць ружанчык. Цудоўны абраз кармяліты выстаўляюць на спецыяльна для яго падрыхтаваным месцы ля алтара, зробленага на вуліцы. “Маці Кармэлю, мы – Твае дзеці” – спецыяльная падсветка высвечвае своеасаблівы дэвіз сёлетняга фэсту. І пакуль удзельнікі працэсіі рассядаюцца (каму хапіла месца – на лаўкі, астатнія – проста на вільготную ад начной расы траву, дзяўчынка з “Маранатхі” заспявала “Аве, Марыя”, і ад гукаў гэтага марыйнага гімна паветра завібрыравала, і сярод цёплай ночы па спіне прабег халадок захаплення.
Начную імшу служыў біскуп Аляксандр Дзям’янка. Інтэнцый у літургіі было многа: галоўная з іх, вядома ж, услаўленне Маці Божай Шкаплернай, а яшчэ 20-годдзе душпастырскай службы на Беларусі адзначаў ордэн кармялітаў. Свае прычыны дзякаваць Панне Марыі былі і ў біскупа Аляксандра – сёлета ён адзначае свой 50-гадовы юбілей, 20-годдзе святарскай дзейнасці і 12-ую гадавіну біскупства.
Дарэчы, пра тое, што ён стаў біскупам, ксёндз Дзям’янка даведаўся ў Гудагаі. Ля Маці Божай Гудагайскай ён пазней адбываў і рэкалекцыі (духоўную падрыхтоўку) для таго, каб годна прыняць біскупскую сакру.
І тут не можа не ўзгадацца іншы фэст – той незабываемы, што адбываўся ў Гудагаі, калі цудадзейны абраз каранавалі папскімі каронамі. Тады арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падчас навукі расказаў, што пра сваё біскупства ён дазнаўся ў Гудагаі ля Маці Божай Шкаплернай. Ці ж і гэта не цуд? Два з сямі беларускіх біскупаў атрымалі сваё высокае прызначэнне ля нашай Мадонны – няўжо гэта простае супадзенне?
Казанне Аляксандр Дзям’янка прысвяціў Маці Божай. А яшчэ пакліканасці і гатоўнасці кожнага з нас адчуць і прыняць яго. У гэтую ноч Айцец Нябесны паклікаў людзей у Гудагаі, і яны адгукнуліся – больш за тысячу чалавек сабраліся тут, каб памаліцца разам. І каб нішто не перашкаджала засяродзіцца на малітве, Бог апусціў на мястэчка цёплую спакойную ноч, так што свечкі ў людскіх руках палалі ярка і роўна. “Брава Богу за такую цудоўную ноч”, – усклікнуў пробашч Гудагайскага касцёла айцец Казімір Мараўскі, і гучныя апладысменты панеслі ў Неба нашу ўдзячнасць. Брава ўсім ксяндзам, сёстрам і братам законным! Брава парафіянам! Брава пілігрымам! Брава ўсім, хто рыхтаваў гэтае свята! Брава ўсім, хто сабраўся на сённяшняй малітве! Айцец Казімір прапаноўваў нам інтэнцыі, а мы весела пляскалі ў далоні. У дзве (ці больш?) гадзіны ночы.

А калі начная імша завяршылася, і пробашч накіраваўся ў касцёл, людскі натоўп расступіўся, каб даць яму дарогу, і нехта з вернікаў крыкнуў: “Брава айцу Казіміру!” І крыху збянтэжаны такой нечаканасцю ксёндз Мараўскі ішоў да даручанай яму святыні пад удзячныя апладысменты.
Брава і айцу Бярнарду Радзіку, кіраўніку згуртавання кармялітаў на Беларусі. Ён так і не дайшоў да прыгатаванага яму ў амфітэатры крэсла – да самай фінальнай кропкі імшы айцец Бярнард спавядаў людзей проста на вуліцы.
Вядома, Найсвяцейшы Сакрамэнт не застаўся ў адзіноце – усю ноч ля яго спявалі, маліліся, разважалі, медытавалі.


НЯДЗЕЛЯ

Раніца пачалася з Гадзінкаў у гонар Божай Маці. Потым надышоў час імшы на польскай мове – яе адслужыў ксёндз Леанард, а казанне меў дыякан брат Аляксандр Стока.
Цэнтральная імша фэсту пачалася ў 12 гадзін, калі сонца ўжо распачало сваю неміласэрную справу. Але бываюць моманты, калі знешнія фактары перастаюць мець значэнне, калі на першы план выходзіць нешта больш глыбокае і духоўнае.
Імшу вёў біскуп Велікаселец. І ў самым пачатку яму на дапамогу прыляцеў… бусел. Пакружыў над натоўпам і знік, каб потым, у самы кульмінацыйны момант вярнуцца і прывесці з сабой яшчэ трох сваіх супляменнікаў. Людзі, вядомыя біскупам, маліліся – шчыра і аддана, а чатыры буслы, расправіўшы крылы на ўсю шырыню, стараліся засланіць іх ад спякотных сонечных промняў…
На першы погляд, сваю навуку біскуп Велікаселец казаў простымі зразумелымі словамі. Разважаў пра алкагалізм, пра іншыя заганы, якія ўсё мацней пускаюць карані ў нашым грамадстве. Не проста разважаў – адразу ж прапаноўваў проціяддзе, імя якому – ВЕРА. Не варта прабіваць сцяну ўласнай галавой, дастаткова бывае памаліцца, адкрыць душу Богу, і ў адказ ты атрымаеш палёгку і яснасць, і сам зразумееш (адчуеш!) накірунак свайго руху.
Простыя, здавалася б, словы біскупа Велікасельца пакінулі ў душах вернікаў няпросты след, прараслі парасткамі дабрыні. І апладысменты, якімі ў канцы імшы прысутныя аддзячылі святара, былі шчырымі.
Шчырасць і цеплыня… Імі былі прасякнуты ўсе гэтыя тры дні. Шчырасць і цеплыня… А яшчэ – родная мова. І начная, і дзённая імшы адбываліся цалкам на беларускай мове. І нябёсы пры гэтым не абрынуліся на галовы вернікаў. І Бог прыняў нашы маленні гэтак жа радасна, як прымае іх на французскай, англійскай, польскай… мовах. Так, Хрыстус умее размаўляць і па-беларуску. Мы ёй яшчэ толькі вучымся, а ён умеў заўсёды. Умеў і чакаў. Як радасна, што дачакаўся!


Ганна ЧАКУР.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений