Cвята сям'і, кахання і вернасці

15:35 / 06.07.2010
12391

У хрысціянскай традыцыі святыя Пётр і Фяўронія Мурамскія іграюць асаблівую ролю. Іх жыццё – гісторыя ўзаемаадносін мужа і жонкі, якія здолелі пераадолець усе складанасці доўгага і цяжкага зямнога шляху, паказаўшы ідэал хрысціянскай сям’і. Тыя радасці і праблемы, з якімі давялося ім сутыкнуцца восем стагоддзяў назад, актуальныя і да гэтага дня. Гэтая святая сямейная пара выяўляе нам іменна тыя душэўныя і духоўныя якасці, якія неабходны ўсім, хто спрабуе будаваць адносіны з блізкім чалавекам: набожнасць, узаемныя каханне і вернасць, здзяйсненне спраў міласэрнасці і клопат аб сваіх бліжніх. Восьмага ліпеня, у дзень памяці святых Пятра і Фяўроніі, мы адзначаем дзень сям’і, кахання і вернасці.


Дзе шукаць прыклады тым, хто хоча пражыць годнае жыццё ў шлюбе? Няхай ім паслужыць прыкладам аповед пра шчаслівае сужэнства святых Пятра і Фяўроніі. Гэта гісторыя сялянкі, якая выйшла замуж за князя. Просты сюжэт, рускі варыянт казкі пра Папялушку з глыбокім унутраным сэнсам. Тут ёсць месца і спаборніцтву ў мудрасці і здагадлівасці, і цудам, і барацьбе з нячыстай сілай. І пра тое, як некалі знайшлі адно аднаго двое вельмі розных людзей.
Фяўронія – узор пакорлівасці, сціпласці, дабрыні. Яна мудрая, але не выхваляецца сваёй мудрасцю. Пётр жа зусім іншы. Прыняўшы ад Фяўроніі закваску, якой мусіць лячыць свае язвы і струпы, ён вырашае выпрабаваць дзяўчыну ў мудрасці. Каб даведацца, ці вартая яна стаць яго жонкай, князь пасылае ёй маленькі пучок лёну з тым, каб, пакуль ён будзе мыцца ў лазні і намазваць струпы, яна саткала і пашыла кашулю, штаны і пояс (або рушнік). Фяўронія магла б засмуціцца або пасмяяцца, доўга тлумачыць, што гэта немагчыма... А яна пасылае брату князя заданне ў адказ – з невялікага паленца зрабіць для яе (простай сялянкі!) кросны і іншыя інструменты. Пётр нібыта забыўся пра сваё заданне. “Гэта немагчыма!” – адказвае князь. “Вядома, — гаворыць Фяўронія, — з маленькга пучка лёну саткаць адзенне даросламу мужчыну таксама немагчыма”. Ні гневу, ні папроку, просты і мудры адказ.
Узнікае пытанне: хто каго выпрабоўвае? Хто выбірае? Ствараецца ўражанне, што Фяўронія ідзе прамым шляхам: суджана выйсці за Пятра – добра, узяць на сябе клопат аб яго лячэнні – добра, настаўляць яго на правільны шлях – таксама добра. Гэта прыклад паслухмянасці. Пётр жа хоча, каб усё было, як яму заўгодна. Можа сялянка яго вылечыць – а мы паглядзім яшчэ, ці вартая яна таго. Умова вылечвання – шлюб, а мы яшчэ паглядзім, ці падыходзіць яна на ролю княгіні.
Вылечыўшыся, Пётр не ажаніўся з Фяўроніяй. Ён вырашыў адкупіцца падарункамі. Падарункаў дзяўчына не ўзяла: яна ведала, што павінна стаць жонкай. Тут ёсць адзін цікавы момант: калі яна лячыла Пятра ў першы раз, то сказала адзін струп не мазаць лякарствам. Выходзіць, яна сама выпрабоўвала князя? А можа мудрая дзяўчына ведала, што Пётр адразу з ёю не ажэніцца? Але калі гэты шлюб прадвызначаны, трэба нейкім чынам прымусіць Пятра зноў звярнуцца да яе па лячэнне. Так і выйшла. На гэты раз вяселле адбылося.
Калі старэйшы брат памёр, Пётр стаў мурамскім князем. Па навучэнню сваіх жонак баяры сталі нагаворваць Пятру на Фяўронію: маўляў, не прытрымліваецца этыкету, крошкі са стала ў жменю збірае, нібыта галодная. Прыдзіркі дарэмныя: што дрэннага ў тым, што сабранымі крошкамі княгіня пакорміць птушак? Але даўней лічылася, што ў жывёлін усяляюцца нячыстыя сілы. Ці не спрабавалі баяры абвінаваціць княгіню ў чарадзействе?
Пётр вырашае пераканацца ў невінаватасці жонкі. Ён спецыяльна сядае абедаць з ёю, і калі тая сабрала крошкі ў жменю, расціскае ёй рукі. І што ж бачыць? Цуд: крошкі ператварыліся ў фіміям. З тае пары князь больш не сумняваўся ў сваёй суджанай.
Цяпер баяры прыходзяць да Фяўроніі: “Аддай нам тое, што мы ў цябе просім!” – “Бярыце! Але і мне аддайце тое самае”. Фяўронія гаворыць мудрэй за баяр. Яны просяць у яе князя Пятра (у сэнсе: адпусці яго, развядзіся з ім), яна ж у іх – свайго мужа. Тады баяры прыходзяць да Пятра і ставяць яго перад выбарам: або жонка, або княства. Што пераважыць: каханне ці ўлада? Для хрысціяніна адказ адназначны: жывы чалавек даражэй за ўладу. Бо той, хто разводзіцца з жонкай, штурхае яе на пралюбадзейства.
Пётр і Фяўронія сыходзяць з Мурама. Яны плывуць па возеры. І ў лодцы адзін алавек, які едзе разам з жонкай, заглядваецца на Фяўронію, маючы нячыстыя намеры. Княгіня адгадала іх і прапанавала: “Зачарпні вады з левага боку лодкі і з правага і адпі. Ці аднолькавая вада?” “Аднолькавая, спадарыня мая”. “Вось і жаночая існасць аднолькавая”. Некалькімі словамі, проста і даступна Фяўронія растлумачыла непатрэбнасць і бязглуздасць здрады.
На беразе, далёка ад горада, Пётр зноў пачаў раздумваць: а ці правільна ён зрабіў, пакінуўшы княжы прастол дзеля Фяўроніі? А яна адгадала яго сумненні і здзейсніла цуд: блаславіла ссечаныя для кастра сухія галіны дрэў, і яны назаўтра выраслі вялікімі дрэвамі.Тым самым княгіня дала зразумець каханаму: з імі Бог, а значыць, усё будзе добра.
А назаўтра баяры прыйшлі з павіннай: у горадзе распачалася сапраўдная вайна за княжы прастол, таму яны просяць Пятра і Фяўронію вярнуцца ў Мурам і правіць імі. Так яны і зрабілі. Яны правілі мудра, былі як бацька і маці для сваіх падданых і вялі праведнае жыццё. Незадоўга да смерці яны прынялі манаства, Пётр – пад імем Давід (узлюблены), Фяўронія – пад імем Еўфрасіння (радасць). Яны вырашылі памерці ў адзін дзень, і дзеля гэтага Фяўронія-Еўфрасіння пакінула недакончаным вышываны пакроў для храма. Яго мог дашыць хто-небудзь іншы, а выканаць клятву і памерці разам з каханым магла толькі яна.
Сужэнцы запавядалі пахаваць іх у адной труне, але людзі пахавалі паасобку: маўляў, яны манахі, нельга ім разам ляжаць. Тройчы целы мужа і жонкі аказваліся ў сумеснай труне, і ў рэшце рэшт іх пахавалі разам.
Дзіўная гісторыя, праўда? З глыбінь стагоддзяў дайшла яна да нас, пацвярджаючы старую, як свет, ісціну: узаемная вернасць мужа і жонкі – паняцце святое, подзвігі сямейнага жыцця шчодра адораны Госпадам.
Са святам сям’і, паважаныя прыхаджане! Узаемаразумення, кахання і вернасці вам у сямейным жыцці.


Георгій САВІЦКІ, настаяцель храма Святых апосталаў Пятра і Паўла.



Заўтра, 8 ліпеня, запрашаем вас, шаноўныя астраўчане, у 18.00 у храм Святых апосталаў Пятра і Паўла, дзе будзе адслужаны малебен з акафістам у памяць святых Пятра і Фяўроніі. Прыходзьце ўсімі сем’ямі.
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений