Ісці праз "не магу..."

13:45 / 29.06.2010
12454

Роўна 10 гадоў таму, у 2000-ым у дзверы кляштара кармялітаў у мястэчку Гудагай нехта пастукаўся. Айцец Бярнард Радзік выйшаў на ганак – непадалёк ад сходаў стаяў юнак. Невысокі. Крыху стомлены. З веласіпедам, на якім ён відавочна прыехаў. Хлопец павітаў святара пахвалёнкай, крыху памаўчаў, а потым…
–Я хачу ўступіць у ордэн кармялітаў, – сказаў ён ледзь не шэптам…


Кармяліты прынялі ў сваю сям’ю новага брата. А паколькі Андрэй Авен (а размова ідзе пра яго) марыў стаць яшчэ і святаром, яго накіравалі на вучобу ў Пінскую духоўную семінарыю. Пасля заканчэння вучэльні практыку ён праходзіў ва ўсё таго ж айца Бярнарда, які цяпер працуе ў Нарачанскім касцёле святога Андрэя-апостала. Там жа наш зямляк прыняў з рук папскага нунцыя Марціна Відавіча святарскі сан.
А ў мінулую нядзелю ў касцёле святых Казьмы і Дам’яна адбылася прыміцыйная імша маладога святара, манаха ордэна кармялітаў босых Андрэя Авена.
Жыхары вуліцы Гімбіцкага, на якой прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады Андрэя, звілі з кветак і дубовага лісця прыгожы вянок, у ім прыміцыянт і пайшоў да касцёла, у браме якога яго сустракалі парафіяне на чале з пробашчам касцёла ксяндзом Юзэфам Багдзевічам. Але перш, чым увайсці ў храм, малады святар адправіўся да магілы святара старога…
Менавіта ксёндз Алёйза Тамковіч 10 гадоў таму блаславіў юнага Андрэя на душпастырскі шлях. Удзячны кармяліт не забыў пра гэта і ў дзень прыміцыі пакланіўся праху прэлата і акрапіў яго магілу святой вадой.
Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел каля 20 святароў і клерыкаў. Вядома, саму літургію правёў прыміцыянт, а вось казанне меў яго нядаўні выкладчык, айцец Аркадзій, які працуе ў Пінскай духоўнай семінарыі. Вопытны святар сказаў многа цёплых і добрых слоў у адрас былога вучня, а ў якасці духоўнага прыклада прывёў… жыццё Канстанціна Стэповіча. І нават прачытаў урывак з яго верша.
Асаблівы каларыт і сэнс надавала святочнай імшы музыка. Астравецкія парафіяне ведаюць, што родны брат прыміцыянта Юрый Авен , уладальнік прыгожага тэнара і музыкант, часта іграў на аргане і спяваў падчас імшаў. Цяпер Юрый аддае пачэсны доўг Радзіме – служыць у арміі, але яго камандаванне пайшло насустрач просьбе маладога салдата і прадставіла яму пару дзён адпачынку.
Канешне ж, падчас прыміцыйнай імшы Юрый знаходзіўся на хорах, дапамагаў яму яшчэ адзін выдатны спявак – Дзмітрый Жукоўскі. Сцены нашай немаладой святыні ажылі, пачуўшы знаёмыя галасы і сапраўдную музыку…
Пасля заканчэння літургіі малады святар прымаў віншаванні. Самай глыбокай і кранальнай была прамова дэкана Астравецкага дэканату ксяндза Здзіслава Пікулы.
–Не спадзявайся, Андрэй, толькі на ружы – памятай пра церні, – сказаў, у прыватнасці, варнянскі пробашч. – Памятай, што адзін і той жа натоўп крычаў Хрысту “Асанна!” і “На крыж Яго!”. Не спадзявайся на гладкую дарогу – ісці давядзецца і па амаль непраходнай. І не раз душа будзе рвацца ад натугі, і захочацца пакінуць усё і адрачыся… Але ты – святар, Богам абраны чалавек. Таму і праз уласнае “не магу” ты павінен ісці далей і весці за сабой сваіх парафіян…
У аўторак другая прыміцыйная імша святара Андрэя адбылася ў Нарачанскім касцёле, пасля якой кармяліт адразу рушыў у дарогу. У літаральным сэнсе – павёў моладзь Нарачы ў Будслаў. На галоўны беларускі фэст – да цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай.


Ганна ЧАКУР.
Фота Станіслава ГЕРАСІМА.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений