Ланцужок духоўных пакліканняў на Астравеччыне працягваецца

15:29 / 01.06.2010
13574

У нядзелю сваю прыміцыйную імшу меў малады ксёндз, наш зямляк Юрый Ёдзік.


Пасля заканчэння Астравецкай сярэдняй школы №1 ён паступіў у Гродзенскую духоўную семінарыю, дзе вучыўся на працягу чатырох гадоў. Пяты курс і ступень магістра тэалогіі скарыліся Юрыю ў Беластоцкай духоўнай семінарыі.


У суботу ў галоўным храме нашай дыяцэзіі – Гродзенскай катэдры – ён прыняў высвячэнне з рук біскупа Аляксандра Кашкевіча.
А ў нядзелю маладога святара вітаў Астравец. Уся дарога, па якой у традыцыйным для такой урачыстасці вянку разам са святочнай працэсіяй ён ішоў, была ўбрана зяленівам і кветкамі. Ад незлічоных букетаў пасвятлеў і наш некалькі дзесяцігоддзяў не рамантаваны касцёл святых Казьмы і Дам’яна.
На імшу да прыміцыянта сышліся не толькі вернікі райцэнтра – прыехалі ксяндзы і сёстры законныя з самых розных парафій Беларусі і нават з Польшчы. Прысутнічаў і рэктар Беластоцкай духоўнай семінарыі.
Першую самастойную службу ксяндзу Юрыю дапамог адслужыць пробашч касцёла ксёндз Юзэф Багдзевіч, казанне меў ксёндз Мікалай Ціхановіч.
Святочная імша закончылася яшчэ адным традыцыйным рытуалам – прыміцыянт, бласлаўляючы ўсіх прысутных, усклаў на галаву кожнаму з іх свае рукі.
А далей былі віншаванні – патоку кветак і цёплых слоў, які хлынуў да маладога прыміцыянта, здавалася, не будзе канца.
Да віншаванняў парафіян свае пажаданні нястомнасці і натхнення на няпростым шляху душпастарскай працы дадаём і мы, супрацоўнікі рэдакцыі.


Францішка КРАСКО.
Фота Віталія СПІРЫДОНА.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений