Весенний сезон охоты на птиц открыт

17:00 / 19.03.2016
охотаАдкрыўся вясенні сезон палявання на птушак. Паляўнічым варта памятаць правілы і тэрміны яго правядзення і прытрымлівацца іх.

З 12 сакавіка па 8 мая дазваляецца здабываць ружэйным спосабам з засады скрадка гуся белабародага, гуся-гуменніка, гуся шэрага, казарку канадскую. Таксама можна паляваць на самцоў крыжанкі, чэрнеці чырвонагаловай, чэрнеці чубатай, чырка-траскунчыка, чырка-свістунка, якія падселі ці падляцелі да падсаднай качкі або чучала, ружэйным спосабам з засады толькі скрадка.
Можна паляваць у светлы час сутак, акрамя перыяду з 11 да 18 гадзін, у вызначаныя паляўнічым карыстальнікам дні.
З 2 красавіка па 8 мая адкрываецца паляванне на самцоў вальдшнэпа ружэйным спосабам з засады (на цязе) з 18 да 22 гадзін. Для гэтага можна выкарыстоўваць гладкаствольную паляўнічую зброю з патронамі, начыненымі шротам, а для пошуку дзічыны – паляўнічых сабак: тэр’ераў, таксаў, выжлаў, спаніэляў, рэтрывераў, водных сабак.
У перыяд вясенняга нерасту, калі дзейнічае забарона на выкарыстанне маламерных судоў у рыбалоўных угоддзях, паляўнічым дазваляецца выкарыстоўваць іх без рухавіка для ўстаноўкі ці зняцця падсадных качак, профіляў, чучал і падняцця здабытай дзічыны.
З 20 сакавіка па 10 мая дазваляецца паляванне на самцоў глушца, цяцерука з 3 да 9 гадзін на токах з засады, з падыходу з выкарыстаннем наразной паляўнічай зброі з дульнай энергіяй кулі звыш 400 джоўляў, гладкаствольнай паляўнічай зброі з патронамі, начыненымі шротам.
Несумленным паляўнічым давядзецца адказаць перад законам за здабычу дзічыны без дазваляльных дакументаў, а таксама здабытыя “чырвонакніжныя” віды. Парушальнікаў чакае штраф у памеры ад 20 да 50 базавых велічынь. Ім таксама давядзецца кампенсаваць нанесеную шкоду за незаконную здабычу жывёл.

Дзяніс ЧАРТОВІЧ, дзяржіспектар Смаргонскай міжрайінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.
Астравецкая райінспекцыя прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя.