Все самые тёплые слова и поздравления – маме!
12:00 / 14.10.2015

Штодня я дзякую сваёй, а дакладней, НАШАЙ маме, якая дала жыццё васьмі дзецям (сыну і сямі сваім дачушкам). Сёння кожная з нас – шчаслівая маці: мама Дана цешыцца сваімі ўжо дарослымі сынамі Дзмітрыем і Паўлам; мама Паліна займаецца выхаваннем сыночка Аляксандра і дачушкі Анечкі; мяне, Чаславу, радуюць Таццяна, Міраслаў і Мацвей; Эліна ганарыцца сваёй Настассяй і перажывае за Віктара; мама Валянціна песціць сваю Юліану; Яўгенія “пасвіць-палюе” неўтаймаванага Паўлючка; самая маладая мама ў нашай сям’і Вераніка забаўляецца з маленькімі прыгажунямі Алінай і Ганнай-Тэрэзай. Увесь гэты шматгалосы хор спявае мілагучны гімн удзячнасці Гражуль-Гульбінскай Тэрэсе Іосіфаўне, нашай маме, самай-самай.
Дзень маці – гэта не напамін, а дадатковая нагода праведаць сваіх матуль, калі яны жывуць побач; патэлефанаваць або напісаць ліст, калі жывуць на пэўнай адлегласці. У сапраўднай Маці святочным можа быць кожны дзень, калі яе дзеці растуць добрымі і сумленнымі людзьмі.
Колькі разоў я ўжо бралася напісаць пра нашу маму!? І кожны раз спынялася, бо не ведала, з чаго пачаць і што такога незвычайнага пра яе можна расказаць. Як і для кожнага чалавека, для нас наша мама – самая добрая, самая лепшая. І як выказаць сваю любоў і павагу да самага дарагога чалавека? Словамі? Іх не заўсёды хапае. Учынкамі? Яны не заўсёды бываюць правільнымі. Адносінамі? А гэта тое, над чым трэба працаваць і працаваць. Але менавіта адносіны адзін да аднаго ў нашай вялікай сям’і з’яўляюцца асновай дружалюбнага жыцця і існавання ў паразуменні такой вялікай колькасці людзей, дзе кожны мае свой характар.
Самы лепшы выхавальнік любых якасцей чалавека – гэта прыклад, які ты бачыш, назіраеш, а потым капіруеш. Нам пашчасціла. Такім станоўчым прыкладам былі адносіны паміж нашымі татам і мамай, паміж іхнымі бацькамі (нашымі бабулямі-дзядулямі), іх адносіны да нас, дзяцей. Тата быў НАСТАЎНІКАМ, а мама была МАМАЙ, са сваімі штодзённымі клопатамі і турботамі. Самы вялікі талент нашай мамы – уменне сабіраць і аб’ядноўваць усіх нас, сваіх дзяцей з сем’ямі. Наша мама ўсё жыццё – МАМА. Спачатку “мамка-нянька” для сваіх пляменнікаў (мама – самая малодшая сярод сваіх братоў-сясцёр, якіх таксама ў бацькоў было восем), потым для нас, сваіх дзяцей, а зараз – для ўнукаў, іх у яе цэлы тузін! Я не гавару, што наша мама ідэал. Я проста хачу сказаць такое простае і адначасова такое важнае і патрэбнае кожнай матулі ДЗЯКУЙ! За тое, што яна ў нас ёсць. І для нас яна асаблівая, бо яна – наша мама, і мы ўсе яе моцна любім.
Дзеці хочуць, каб мамы ў іх былі заўсёды, і мы – не выключэнне.
Пажаданне доўгага радаснага і шчаслівага жыцця адрасую ўсім матулям, сваёй – у першую чаргу.
Мамы! Не шкадуйце сваёй пяшчоты,
Не шкадуйце свайго цярпення,
Адкладзіце свае турботы,
Не дамыйце вы лепш адзенне…
Але сваё дзіцятка, будзь яно не адзіным,
Часцей да сябе туляйце.
Любоў сваю шчыра дзяліце!
--------------------------
З усёй шчырасцю ад імя ўсіх дзяцей Часлава Сідарэвіч.