Пра медыцыну і медыкаў гаварылі на чарговым пасяджэнні клуба “Астраўчанка”

14:00 / 08.08.2026
Гэтыя словы з вядомай песні часта гучалі падчас чарговага пасяджэння клуба «Астраўчанка», створанага пры раённым савеце ветэранаў. І невыпадкова: на гэты раз яно было прысвечана медыцыне і медыцынскім работнікам. Як справядліва заўважыла, адкрываючы яго, старшыня савета ветэранаў Ірына Шляхтун, здароўе для людзей элегантнага (залатога, сярэбранага – якія эўфемізмы ні ўжывай, усё роўна – пажылога) узросту – самая першая і галоўная ўмова.

Раскажы мне пра сябе

Не мы такія – жыццё такое: сёння кожная з удзельніц клубаўжо мае тыя ці іншыя праблемы са здароўем – узрост, на жаль, бязлітасны. Вядома ж, запрасіць на пасяджэнне клуба для кансультацыі ўсіх урачоў-спецыялістаў немагчыма, ды і не варта. Але рэкамендацыі псіхатэрапеўта Юліі Часнойць, якая прыйшла на сустрэчу, думаецца, былі карысныя ўсім. А яшчэ Юлія Уладзіміраўна дапамагла ўдзельніцам клуба, нават даўно знаёмым, лепш даведацца адна пра адну – для гэтага ім толькі і спатрэбілася, што адказаць на кароткае і вельмі асабістае пытанне: чым я ў сабе ганаруся? І прыадкрыліся патаемныя старонкі душы: адна ганарыцца дзецьмі і ўнукамі, другая – плеядай вучняў, трэцяя – тым, што навучылася плаваць пасля выхаду на пенсію, чацвёртая – што жыццё не змагло яе зламаць, хоць і спрабавала неаднойчы, пятая – што і пасля выхаду на пенсію патрэбна людзям, шостая – што дапамагала абяздоленым дзецям, сёмая, восьмая – у кожнай ёсць нагода для гонару. А хто не змог ці не схацеў назваць яе, таму дапамаглі іншыя, нагадаўшы пра іх добрыя справы і здзяйсненні. 

А яшчэ псіхатэрапеўт напоў­ніла залу пазітывам, падарыўшы ўсім сімвалічны падарунак і прапанаваўшы тое ж зрабіць ас­татнім. Гэтыя віртуальныя прэзенты і цалкам рэальныя па­жаданні, дапоўненыя сардэч­ны­мі поціскамі рук і абды­маш­камі, настроілі ўсіх на пазітыўны лад – і далейшая размова пацякла цёпла, нязмушана, адкрыта…

У жыцці заўсёды ёсць месца подзвігу

Традыцыйна ў клуб запрашаюць ветэранаў той ці іншай галіны, якім ёсць што ўспомніць і ін­шым расказаць. На гэты раз на суст­рэчу з актывістамі клуба прыйшлі медыкі: урачы з 40-гадовым стажам былы педыятр Ала Кузьмінічна Лаўрэнцьева і да гэтага часу практыкуючы тэрапеўт Данута Раманаўна Субаткевіч, былая медсястра Галіна Архіпаўна Вайцяхоўская, фельчар Ганна Тадэвушаўна Сямашка, працоўны стаж якой складае 45 гадоў і якая працуе да гэтага часу, шматгадовая санітарка Палушскага ФАПа Людміла Віктараўна Шлыковіч. Іх расповеды сталі не толькі экскурсам у гісторыю астравецкай медыцыны, але і знаёмствам з людзьмі, жыццё якіх было незаўважным для многіх і неацэненым, у тым ліку і імі самімі, подзвігам. Вы думаеце, словы пра подзвіг – перабольшванне? А вось паслухайце герояў гэтай сустрэчы – і тады вырашыце.

Ала Кузьмінічна Лаўрэнцьева:
 
«У медыцыне мяне цікавіла толь­кі педыятрыя» 

– Мяне ў медыцыне цікавіла толькі педыятрыя! Калі падчас вучобы трэба было працаваць з дарослымі пацыентамі, я, прызнаюся, баялася іх: не ведала, як сябе паводзіць. Кажуць, з дзецьмі цяжка: яны не пажаляцца, дзе ім баліць, не раскажуць, як. А мне і так усё было зразумела – па тым, як дзіцятка ляжыць, у якой позе, як рэагуе на дотык. А яшчэ па­слухаеш яго, аналізы возьмеш – і карціна відавочная.

На першым часе я была адзі­ным педыятрам у бальніцы. Пра­цавала і ў радзільным ад­дзяленні, і ў дзіцячым, і на выкліках. Любіла вучыцца, не пра­пускала магчымасці з’ез­дзі­ць у Мінск на курсы павышэння кваліфікацыі. Іншыя па тэатрах, па магазінах пасля заняткаў хо­дзяць, а мне каб лішні раз на дзяжурствах пабыць, больш даведацца, нечаму новаму навучыцца.

Вядома, працаваць тады бы­ло цяжка, не тое, што цяпер. І медыкаментаў не хапала, і спе­цыялістаў, і абсталяванне было зусім не такое. Шмат было крытычных выпадкаў. Але часам нам удавалася зрабіць, здавалася б, немагчымае. 
 
На ўсё жыццё запомніла, як жан­чына з Падольцаў нара­джа­ла. Я амаль заўсёды пры­сут­нічала на родах. А тут слухаю нованароджанае не­маўля – і не магу зразумець: што булькае ўсярэдзіне? Зра­білі рэнтген, а ў яго рэдкая паталогія: незарослая дыяфрагма, кішэчнік пайшоў у грудную клетку. Са­званіліся з Мінскам: ці пры­муць? Кажуць: прывозьце. Зіма, мароз. Маці паехаць не можа, яна толькі пасля родаў. Прашу ў галоўнага ўрача машыну, бяру кіслародную падушку, бутэлечку з глюкозай хаваю за пазуху, каб цёпленькая была. Хапаю дзіцятка – а яго класці нельга, толькі ў вертыкальным становішчы трэба трымаць. Імчым на поўнай хуткасці ў Мінск. Прыязджаем – а да прыёмнага пакоя не пад’ехаць: гурбы снегу. Я бягу з дзіцям на руках, вадзіцель побач, пад­трымлівае, каб, крый божа, не звалілася. 

Нас ужо чакалі, тут жа ўзялі немаўля на аперацыю. Уратава­лі дзяўчынку. Я потым сачыла за яе лёсам, яна ўжо дарослая жан­чына. 

Вядома, былі і сумныя выпад­кі: урачы не богі. Але дзіцячая смяротнасць у нас была вельмі нізкай. І я ганаруся гэтым і тым, што ўсё жыццё займалася справай, якую любіла і аддавала ёй усю сябе.

Ганна Тадэвушаўна Сямашка:

«Варонскіх дзяцей пазнаю па іх бацьках»

– У юнацтве прачытала кні­гу Івана Шамякіна – і яна так уразіла мяне, што вырашыла звязаць сваё жыццё з медыцынай. Закончыла Слонімскае медыцынскае вучылішча і па размеркаванні трапіла на Аст­равеччыну. Сёлета споў­нілася 45 гадоў з таго дня. Перш крыху замяняла фельчара ў Падольцах,  там і будучага мужа сустрэла. А потым пераехалі ў Варону – аднойчы і на ўсё жыццё. 

Да слова: Ала Кузьмінічна тады курыравала нас, увесь раён. А дзяцей колькі было! У Вароне нараджалася па 18-20 немаўлят у год. А вось летась – ніводнага. На шчасце, сёлета ўжо трое… 

Неяк мы з Алай Кузьмінічнай ратавалі адну нашу парадзіху. У яе была шматплодная цяжарнасць. Жыла сям'я ў Беразоўцы. Як сёння памятаю: 8 лютага 1988 года. Мароз – мінус 36 гра­дусаў.  Ноччу патэлефанаваў мне муж гэтай жанчыны, кажа, што нараджае яна. І сімптомы называе – я разумею, што гэта вельмі цяжкае ўскладненне, якое пагражае жыццю і маці, і немаўлят. А ў мужа машына не завялася ў такі мароз, ён збіраецца ісці ў Варону, каб узяць машыну ў родзіча і везці жонку ў Астравец. Я разумею, што часу на гэта няма. Выклікаю хуткую дапамогу, хапаю свой медыцынскі чамаданшчык, біксы – і бягом у Беразоўку.

Заходжу ў дом, а там поўна людзей, святло гарыць. А пры гэтай паталогіі трэба найперш выдаліць усе раздражняючыя фактары. Прашу выйсці ўсіх – не разумеюць. Пачынаю аказваць першую дапамогу – у жанчыны прыступ, сутарагі, яна траціць прытомнасць… Добра, што «хуткая» тут жа прыехала і наш адзіны ўрач-гінеколаг Аляксандр Пятровіч Апалінскі там быў. Забралі яны парадзіху ў Астравец.

Ала Кузьмінічна:

– І я памятаю гэты выпадак. Нават як тых траіх нованароджаных хлопчыкаў назвалі: Саша, Дзіма і Ваня. У аднаго было дрэннае дыханне, давялося адразу ж рабіць штучнае. А дзіцятка ж малюсенькае… Паклала на адну руку, а другой масажырую. Тады ўратавалі ўсіх – і маці, і дзяцей. На жаль, праз некалькі тыдняў яны зноў паступілі ў бальніцу, ужо з пнеўманіяй. На гэты раз Ваню ўратаваць не атрымалася… Я ж кажу: урачы не богі.

 Ганна Тадэвушаўна:

– А Саша і Дзіма выраслі мужнымі, харошымі мужчынамі. Радуюся, калі іх бачу. Да слова, першая мая варонская парадзіха нядаўна стала бабуляй. І дзяцей малых я пазнаю па іх бацьках: тыя ж рысы, звычкі, характары… 

Галіна Архіпаўна Вайця­хоўская:

«Больш за ўсё люблю нованароджаных немаўлят»

– Я 19-гадовай дзяўчынай пры­еха­ла ў Астравец у 1967 го­дзе пра­цаваць акушэркай  пасля за­кан­чэння Баранавіцкага меды­цын­­­скага вучылішча. Накі­равалі ў ра­дзільнае аддзяленне. У ра­дзіл­цы тады ляжалі і дародавыя, і пасля­родавыя, і цяжарныя жанчыны. На ўсіх адзін урач – Аляксандр Пят­ровіч Апалінскі і адна акушэрка.

Памятаю першае дзяжурства: паступіла цяжарная жанчына з кры­вацячэннем. Нарадзіла яна ў прыёмным пакоі. Санітарка дзі­цят­ка забрала, а я парадзіху па­вя­ла ў палату. Паўшчуваў потым мяне, маладую, Аляксандр Пят­ро­віч: так рабіць ні ў якім разе нельга, бо можа адкрыцца крывацячэнне. Атрымала ўрок на ўсё жыццё. 

Рознае здаралася за час маёй работы. І папярэчнае размяшчэн­не плода было, і разрывы. Раней толькі на ўскладненыя роды ўрачоў выклікалі, з усім ас­татнім акушэркі спраўляліся – і на­ра­джаць дапамагалі, і зашы­валі, калі трэба было.

Найбольш запомніўся выпа­дак, як аднойчы прынеслі дзяў­чынку, якая зімой патанула ў сажалцы. Некалькі хвілін была ў вадзе. Вадзіцель яе нясе, а з яе футра вада сцякае… Дыхання няма, пераахалоджванне… Іосіф Пячурчык, хірург наш, прыбег, сталі з ім на перамену рабіць штучнае дыханне, адаграваць грэлкамі. Паў­гадзіны рэанімавалі, ужо ўсе надзею страцілі – а мы не спыняемся.  І стала дыхаць дзяўчынка! Такая харошая прыгожая жанчына вырасла!  

Трынаццаць гадоў працава­ла я акушэркай. Потым па стане здароўя перайшла ў аддзяленне рэабілітацыі. Але па-ранейшаму больш за ўсё люблю немаўлят, яны для мяне ўсе такія прыгожыя!

Людміла Віктараўна Шлыковіч:

«Не медык – але ў медыцыне!»

– І я марыла стаць мед­ра­бот­нікам. Пасля школы сяброўка прапаноўвала паступаць ра­зам у медвучылішча. Але рана памёр тата. Я малодшая, большыя раз’ехаліся – трэба было дапамагаць маме. Засталася ў вёсцы. Але ні пра што не шкадую, бо ўсё маё жыццё звязана з медыцынай: 48 гадоў працую санітаркай на Палушскім ФАПе, хоць ужо даўно на пенсіі. 

Цяпер, вядома, прасцей. А не­калі ж і людзей было шмат, і работу не параўнаць. Шпрыцы кіпя­цілі, не дай бог зазяваешся – папсуеш. А колькі з загадчыкамі ФАПаў па вёсках хадзілі! Шмат іх за гады маёй работы змянілася, і ўсе такія добрыя, прыемныя лю­дзі трапляліся. Шанцавала мне на загадчыкаў! Найбольш пра­цавалі мы з Марыяй Кошчыц, светлая ёй памяць, залаты быў чалавек. А сённяшняя, Юлія  Сакута, – яна мне як дачка!

Быў час, што і не было загадчыка на нашым ФАПе. Адна гас­па­дарыла. Патэлефануюць з баль­ніцы: урачы прыедуць, людзей трэба сабраць. Раз трэба – збяром: я ж мясцовая, усіх ведаю.

Рада, што жыццё маё склалася так. У нас з мужам дзве цудоўныя дачкі, унучкі, ужо і праўнучку да­чакаліся, дзякаваць богу. І з меды­цынай я ўсё жыццё неразлучная. 

Пра многае гаварылі ў той дзень. Успомнілі добрым словам і тых, каго запрашалі на пася­джэн­не, ды яны па розных прычынах не змаглі прыйсці: Ніну Аляксандраўну Кулакову, Ванду Міхай­лаўну Аўлас, Ніну Міхайлаўну Кандратовіч, Кацярыну Антонаўну Савук, Зою Уладзі­міраўну Віюк, Яніну Іванаўну Ранцаву і многіх іншых. Добрым словам і хвілінай маўчання памянулі тых, хто ўжо адышоў у іншы свет. Хай сагравае іх там светлая ўдзячнасць колішніх пацыентаў.

А тым, хто з намі, ветэранам і маладым, былым і сённяшнім медыкам і іх пацыентам – здароўя. Гэтае пажаданне гучала ў зале найчасцей.

Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик