Майстэрня пад адкрытым небам: традыцыйны пленэр мастакоў прайшоў у Трокеніках

08:40 / 24.07.2026

Аграгарадок Трокенікі на цэлы дзень ператварыўся ў сталіцу мастацтва Астравеччыны. Традыцыйна тут ладзіцца пленэр “Лета ў правінцыі” для творцаў, якія жыць не могуць без пэндзля і фарбаў. Выбраўшы для сябе зручную лакацыю, яны малявалі і ўдыхалі жыццё ў белае палатно, каб увечары прадставіць свае работы шырокаму колу гледачоў…

Сімвалічна, што адразу дзве важныя даты прыпалі на гэтую знакавую падзею. Сёлета споўнілася 125 гадоў з дня нараджэння сусветна вядомага мастака, ураджэнца гэтых мясцін Мар’яна Богуша-Шышкі, а ў самаго пленэра невялікі міні-юбілей – 5 гадоў.

Свята падрыхтоўкай багата

Унікальную атмасферу, якая пануе тут штогод, адзначаюць многія ўдзельнікі і наведвальнікі майстэрні пад адкрытым небам. Невыпадкова пяты год запар па задуме кіраўніцтва сектара культуры райвыканкама і цэнтральнай раённай бібліятэкі пры фінансавай падтрымцы прадпрымальнікаў Міхцеевых пленэр праходзіць менавіта ў Трокеніках.

Пра адданаць абранай справе нашых кнігазнаўцаў сведчыць і той факт, што свой юбілейны дзень нараджэння дырэктар бібліятэкі Наталля Ачарэтава правяла на гэтай урачыстасці.

А яшчэ не магу не ўзгадаць і арганізацыю свята на самым высокім узроўні, калі ўсё прадумана да дробязяў, больш таго, зроблена рукамі саміх вяскоўцаў у цесным ўзаемадзеянні з прадстаўнікамі мясцовай улады.

Да свята жыхары Трокенік старанна рыхтаваліся: прадумвалі музычныя нумары і чым будуць частаваць гасцей; наводзілі парадак на тэрыторыі ля сядзібы і цалкам абнаўлялі сцэну летняга амфітэатра; паклапаціліся пра забаўкі для дзяцей і музычнае суправаджэнне… Словам, такі плён і сенэргія жыхароў варты не толькі захаплення, але і пераймання. Па вялікім рахунку, хто, калі не мы, будзем клапаціцца пра дабрабыт ўласны і роднай старонкі, ладзіць святы і прымаць у іх удзел, рабіць наш край прыгажэйшым і славіць яго сваімі справамі?

Асобны дзякуй старшыні Варнянскага сельвыканкама Аляксандру Вярбовічу, які запрасіў на ўрачыстасць мэтраў айчыннага мастацтва: ганаровага дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, члена Расійскай акадэміі мастацтваў, мастака, мастацтвазнаўцу, заслужанага дзеяча мастацтваў Уладзіміра Пракапцова і вядомага беларускага мастака, графіка, плакатыста, геральдыста і дызайнера кніг Уладзіміра Васюка.

Дзякуючы ўдзелу сталічных гасцей гэты творчы форум перарос рамкі лакальнага і местачковага мерапрыемства. І ёсць усе падставы верыць, што ў наступным годзе гасцінная зямля Мар’яна Богуша-Шышкі збярэ пад сваім крылом яшчэ больш мастакоў, якія будуць праслаўляць гасціннасць і прыгажосць нашага краю ў сваіх работах. Тым больш для гэтага ёсць яшчэ адна важкая нагода: Трокенікі і яго жыхары будуць адзначаць 565-годдзе свайго населенага пункта.

Творцы і іх музы

Здаецца, у гэтым куточку застыла вечнасць. Крутая жалезная лесвіца памятае першыя крокі маленькага Мар’яна, а таўшчэзны дуб-асілак на стромкім беразе ракі і векапомная ліпавая алея да гэтага часу хаваюць у сваіх шатах першыя мары будучага “мастака стагоддзя”. Натхнёны гэтай унікальнай, чароўнай прыродай, Богуш-Шышка пачаў свой шлях у вялікае мастацтва.

У гэты дзень сядзіба зноў ажыла: з дзясятак творцаў запаланілі тэрыторыю, каб улавіць душой існасць гэтага месца і перанесці яе на свае палотны. Атмасфера вакол была напоўнена ціхай, медытатыўнай творчасцю.

Слова ўдзельнікам

Лізавета Субач, Астравец:

– З дзяўчатамі займаліся маляваннем у дзіцячай школе мастацтваў у вельмі таленавітага педагога і цудоўнага чалавека Вікторыі Казіміраўны Варановіч. Менавіта дзякуючы ёй мы тут.

Мне было 11 гадоў, калі ўпершыню прыехала ў Трокенікі. Тады была самай малодшай удзельніцай пленэра.

Тут унікальная атмасфера: здаецца, што спыняецца час, ёсць толькі ты і неверагодна прыгожая прырода. Акрылавымі фарбамі я намалявала дрэва, а на заднім фоне – сядзібу Мар’яна Богуша-Шышкі.

Анастасія Кажарская, Астравец:

– Вырашыла занатаваць на паперы гуашшу сядзібу Мар’яна Богуша-Шышкі і дрэвы ля яе. Пейзаж выбрала хутка!

Анастасія Лотах, Астравец:

– Упершыню ўдзельнічаю ў пленэры, эмоцыі перапаўняюць. Вырашыла паехаць у Трокенікі за кампанію з сяброўкамі – і не пашкадавала. Тут не толькі лёгка дыхаецца, але і малюецца!

Ніна, Аляксандра і Варвара Сосны, Смаргонь:

Ніна Аляксандраўна:

– Мастацкія здольнасці ў нашым родзе перадаюцца па крыві. У нас ўсе малявалі, мая мама – не выключэнне. Хоць у апошні час гэтым займаюся рэдка, але стараюся падтрымліваць сямейную традыцыю прыязджаць у Трокенікі на пленэр. Тут цудоўная амасфера для творчасці.

Аляксандра:

– Пленэр штогод чакаю з непрыхаванай нецярплівасцю. Я вельмі люблю ваш раён, які мы з блізкімі называем “астравецкім бокам”.

У Трокенікі прызджаю з добрым настроем: па-першае, выдатна працуецца на ўлонні прыроды. Па-другое, людзі тут асаблівыя – гасцінныя, шчырыя, я б сказала – свае, родныя.

Удзел у такім вернісажы пад адкрытым небам дае магчымасць папрацаваць, пастасавацца з аднадумцамі, падзяліцца з іншымі ўласным бачаннем свету і атрымаць зваротную сувязь ад іншых.

Варвара:

– На пленэр у Трокенікі стараемся заўсёды прыязджаць дружнай тройкай. Праўда, лакацыі для творчасці выбралі розныя. Ад спякотлівага сонца я схавалася ў шатах старадаўніх ліп, але малюю не саму алею, а іншыя дрэвы. Мне больш падабаецца прыродны пейзаж без архітэктуры. Выбрала гуаш – люблю працаваць гэтымі фарбамі менавіта на прыродзе. Бабуля таксама спыніла на іх свой выбар, а вось мама традыцыйна піша алеем.

Дзіяна Ендза, Гудагай:

– Трэці раз удзельнічаю ў пленэры. Ракурс выбірала па поклічы душы, думаю, як і большасць мастакоў. Блукалі па тэрыторыі ля сядзібы, прыглядаліся і, упэўнена, кожны знайшоў сваё ідэальнае для работы месца.

Пісала алеем сядзібу нашага знакамітага мастака. Такімі фарбамі даўно не карысталася. Літаральна перад паездкай сюды разбірала свае запасы і адшукала алейныя фарбы. Мне здаецца, імі прасцей працаць, таму што даўжэй падсыхаюць і можна нешта падправіць.

Ганна Пазлевіч, Астравец:

– На пленэры ў пяты раз. Сюды прыязджаю за натхненнем і магчымасцю напоўніцу адчуць прыгажосць. На жаль, з-за занятасці і хуткага тэмпу жыцця не часта выпадае брацца за пэндзаль. А тут ёсць такая магчымасць, таму заўсёды з радасцю прыязджаю ў Трокенікі.

Пісала на адным дыханні. Выбар спыніла на акварэлі. Работа з гэтымі фарбамі патрабуе хуткасці і ўпэўненасці. Літаральна за дзве гадзіны на белым аркушы паперы сваім жыццём стала жыць сядзіба Богуша-Шышкі. Старалася дакладна адлюстраваць пейзаж, адзінае, што дадала ад сябе – гэта пульхныя аблокі ў глыбокім блакітным небе.

Яўгенія Шыманская, Астравец:

– У Трокеніках працую ўпершыню, і не ўтойваю радасці, што, нарэшце, атрымалася сюды трапіць! Пленэры неверагодна люблю – гэта мая аддушына.

***

У межах пленэра па традыцыі ладзяцца персанальныя выставы мастакоў – прызнаных і пачынаючых. На гэты раз можна было пазнаёміцца з маладым дараваннем Канстанцінам Внуковічам, жыццё якога цесна звязана з нашым раёнам, дзе жывуць яго блізкія людзі.

Канстанцін Внуковіч, Мінск:

– Стараемся па магчымасці прыязджаць з бацькамі на Астравеччыну, але, на жаль, бывае гэта найчасцей летам.

Маляваць люблю. Пяць гадоў займаўся ў гімназіі-каледжы мастацтваў імя Ахрэмчыка. Лічу, што мне хапіла года, каб узяць усё карыснае і неабходнае для творчасці.

Сёлета паступіў у ліцэй Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, выбраў інфарматыка-фізічны профіль. Хоць бабуля і дастаткова вядомы настаўнік фізікі на Астравеччыне, тым не менш, выбар рабіў сам. Разумею, што цяпер менавіта той узрост, калі варта канкрэтна задумвацца пра прафесію.

Урачыстая частка

Вяскоўцаў і шматлікіх гасцей прывіталі старшыня Варнянскага сельвыканкама Аляксандр Вярбовіч, дырэктар цэнтральнай раённай бібліятэкі Наталля Ачарэтава, загадчык сектара культуры райвыканама Ангеліна Навасельская і мастакі са сталіцы. Усе ўдзельнікі атрымалі дыпломы, сувеніры і букецікі з лаванды.

А завяршыўся пленэр выставай работ, забаўкамі для дзяцей і цудоўным канцэртам, зладжаным работнікамі мясцовай бібліятэкі-клуба. А ўвечары цёмнае неба над сядзібай Мар’яна Богуша-Шышкі расквецілі дзясяткі рознакаляровых агеньчыкаў святочнага салюта.

З прывітальных слоў

Наталлі Ачарэтавай:

– Адной з галоўных падзей “Славянскага базара” стала вяртанне ў Віцебск упершыню за доўгія гады карціны Марка Шагала “Над горадам.” Так і карціна Мар’яна Богуша-Шышкі “Сонца” сёння заняла ганаровае месца ў радавым маёнтку нашага земляка.

Уладзіміра Пракапцова:

– Нам сёння аказаны вялікі гонар быць запрошанымі і прысутнічаць на такой адметнай культурнай падзеі. Вельмі ўразіла, як мясцовыя жыхары ўшаноўваюць свайго знакамітага земляка і зберагаюць пра яго памяць, захоўваюць нацыянальную культуру. Гэта яскравая праява вашай любові да сваёй малой радзімы і ўсёй Беларусі

Хочацца спадзявацца, што межы пленэра і яго геаграфія будуць пашырацца. А мы закладзём добрую традыцыю, каб мастакі пакідалі тут свае творы, і з цягам часу гэта сядзіба стане мастацкай галерэяй імя Мар’яна Богуша-Шышкі.

Уладзіміра Васюка:

– Тут настолькі гарманічна суіснуюць прырода з чалавекам, што гэта проста цуд, Трокенікі – амаль што рай. Што тычыцца работ удзельнікаў пленэра, то яны проста цудоўныя! Упэўніўся, што ў вас шмат таленавітых дзяцей і моладзі. Як выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, вельмі рады буду бачыць ураджэнцаў вашых краёў у нашай навучальнай установе.

P.S. У адным з нумароў газеты прапануем вашай увазе эксклюзіўнае інтэрв’ю з Уладзімірам Пракапцовым.


Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://telegram.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.


Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич