Што ведаюць чытачы пра скульптуру Аляксея Сарокіна “Час магнатаў”
08:00 / 19.07.2026
«Чарговае заданне аказалася больш складаным, – прызналася актыўная ўдзельніца нашых краязнаўчых конкурсаў Наталля Блахіна. – На жаль, нават у бібліятэцы не заўсёды можна знайсці адказ на пастаўленае пытанне. Давялося пакланіцца інтэрнэту, каб даведацца пра тое, што бачыш кожны дзень».
Так, многія астраўчане штодня праходзяць міма скульптуры на беразе Лошы каля будынка колішняга млына, слізгануўшы вокам па тварах двух барадатых мужчын, адвернутых адзін ад аднаго, напэўна, мала хто задумваўся: хто яны? Чаму постаці іх раздзелены мячамі? Якое дачыненне яны маюць да нашай гісторыі?
Дзякуй нашым канкурсантам, якія, як заўсёды, вельмі ўважліва аднесліся да чарговага задання і падрабязна, многія – з ілюстрацыямі, расказалі пра магнацкія роды Радзівілаў і Гаштольдаў, якія варагавалі на працягу двух стагоддзяў. Іх зацятае супрацьстаянне і адлюстраваў у сваёй вельмі сімвалічнай і філасофскай рабоце скульптар Аляксей Сарокін.
«Калі ў гістарычным цэнтры Астраўца спыніцца каля скульптуры Аляксея Сарокіна «Час магнатаў», першае пачуццё – неразуменне. Хто гэта? Пра што? Не класічны конны помнік і не пафасны бюст, а два суровыя каменныя сілуэты, што стаяць, адвярнуўшыся, нібы ворагі, што застылі ў вечным супрацьстаянні. І толькі веданне гісторыі дапамагае зразумець: гэта ўвасобленае ў камені адлюстраванне барацьбы двух магутнейшых родаў Вялікага Княства Літоўскага, ад зыходу якой часта залежаў лёс дзяржавы», – піша Карына Стаповіч.
Гаштольды ніколі не жылі ў нашай мясцовасці, але, як вядома, упершыню Астравец узгадваецца ў дакуменце 1468 года, у якім уладальнік Геранёнаў Юрый Гаштольд запісаў штогадовы фундуш парафіяльнаму касцёлу Дзевы Марыі і Усіх Святых у Астраўцы: дзве меры мёду са свайго маёнтка Парэчча. Пазней уладальнікам Астраўца стаў Альбрэхт Гаштольд: менавіта яго профіль высечаны на скульптуры.
Яго візаві – Мікалай Радзівіл, прадстаўнік магутнага роду «некаранаваных каралёў» Вялікага Княства Літоўскага.
Гісторыкі сцвярджаюць, што калі размова заходзіць пра Гаштольдаў, то заўсёды побач стаіць імя каго-небудзь з Радзівілаў. Сапернікі і сябры, родзічы і саслужыўцы – яны заўсёды побач. Варожасць змянялася добрасуседствам, нянавісць – сяброўствам.
Найбольш адносіны паміж гэтымі двума магнацкімі кланамі абвастрыліся ў 16-м стагоддзі. Мікалай Радзівіл і Альбрэхт Гаштольд былі ўплывовымі асобамі ў Вялікім Княстве Літоўскім, знаходзіліся ў свіце караля. Але манарху неаднойчы даводзілася мірыць іх, разбіраць маёмасныя спрэчкі, у выніку чаго страчвалі абое, бо штрафы, якія накладваў на іх кароль, ішлі на карысць казны.
І Альбрэхт Гаштольд, і Юрый Радзівіл удзельнічалі ў распрацоўцы Статута Вялікага Княства Літоўскага. Першая версія дакумента была падрыхтавана пад кіраўніцтвам Радзівіла. Калі ж той у 1520 годзе памёр, месца канцлера і ваяводы віленскага заняў Гаштольд і работа над Статутам прадоўжылася пад яго кіраўніцтвам.
Варожасць паміж магнатамі часта спрабавалі спыніць з дапамогай родавых шлюбаў. Так было, калі Станіслаў Гаштольд ажаніўся з Барбарай Радзівіл. Марыя Васілёнак расказвае, што вяселле было пышным, пасаг нявесты вязлі ў Геранёны на двух вазах: парчовае адзенне, скуры гарнастаяў, чапцы венецыянскай работы, вышытыя золатам, сталовае серабро. Станіслаў Гаштольд не застаўся даўжніком: падарыў цесцю і цешчы па 40 собаляў, залатыя ланцугі ды 100 залатых чырвонцаў.
Аднак праз некаторы час Станіслаў памёр, пакінуўшы прыгажуню-жонку бяздзетнай. Так спыніўся род Гаштольдаў. Род Мікалая Радзівіла згас у наступным пакаленні.
Такім чынам, магнацкая варожасць сышла на нішто разам з яе носьбітамі. А памяць пра гэтую старонку нашай гісторыі засталася ў скульптурнай кампазіцыі Аляксея Сарокіна.
Удзельнікі конкурсу падрабязна расказалі і пра скульптара. Ён нарадзіўся ў 1974 годзе ў расійскім Тальяці. У яго беларускія карані, якія і прывялі юнака ў Мінскае мастацкае вучылішча. Пазней Аляксей скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, нейкі час працаваў выкладчыкам скульптуры і малюнка ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце.
Сарокін – удзельнік больш 40 рэспубліканскіх і міжнародных пленэраў, выставак, сімпозіўмаў, конкурсаў. Яго работы ўстаноўлены не толькі ў Астраўцы і суседняй Смаргоні, дзе Аляксей разам з калектывам аднадумцаў афармляў мемарыяльны комплекс, прысвечаны Першай сусветнай вайне, але і ў Расіі, Кітаі, Тайвані, Францыі, Ізраілі. Як адзначае Аляксандра Працута, у яго работах ідэальна прапрацаваныя рэалістычныя элементы спалучаюцца з брутальнай, грубай структурай прыроднага каменя – гэта, да слова, бачна і ў скульптуры «Час магнатаў».
Аляксандра Працута шмат цікавага паведаміла не толькі пра майстра, але і пра камень, з якога зроблена скульптура, і пра асаблівасці работы з ім.
Практычна ўсе ўдзельнікі падрабязна расказалі пра пленэр, які ў 2008 годзе прайшоў у Варнянах і ў выніку якога ў нашым горадзе з’явілася 10 высокамастацкіх скульптурных кампазіцый, якія сталі адметнасцю і візітнай карткай Астраўца. Акрамя «Часу магнатаў» Аляксея Сарокіна, гэта «Дубочак» Эдуарда Астаф’ева, «Папараць-кветка» Карнея Аляксеева, «Званы Марыі» Анатоля Баразеннікава, «Бык» Валянціна Борздага, «Той, хто ідзе» Паўла Вайніцкага, «Арфа» Ігара Засімовіча, «Стронга» Кацярыны Злоцінай, «Матылёк» Валерыя Казлоўскага, «Хмарка» Юрыя Кандрашова. У аўтараў была поўная свабода творчасці ажно да выбару месца, дзе будуць устаноўлены скульптуры, але іх папрасілі, каб работы былі тэматычна звязаны з Астраўцом і яго гісторыяй.
Памеры газетнай старонкі не дазваляюць прывесці ўсе адказы нашых канкурсантаў ці нават вытрымкі з іх – паверце, што ў большасці сваёй яны вельмі цікавыя, падрабязныя, грунтоўныя.
На гэтым этапе 3 балы налічылі Вячаславу Саковічу, па 4 – Марыі Васілёнак, Наталлі Блахіной, тандэму Бабіч – Заруба. Карына Стаповіч і Аляксандра Працута атрымліваюць па 5 балаў.
Фотаілюстрацыі ўдзельнікаў конкурсу і з архіва «АП».
Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://telegram.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.