Жатва-2026: хлеборобы КСУП «Ворняны» одни из первых в районе начали массовую уборку зерновых

11:00 / 17.07.2026

Па традыцыі апошніх гадоў жніво на Астравеччыне распачынаецца з уборкі азімага ячменю – культуры, якая найхутчэй даспявае і дае магчымасць на старце праверыць гатоўнасць тэхнікі да гэтай важнай аграрнай кампаніі. Другі сезон запар застрэльшчыкамі ў гэтай справе з’яўляюцца хлебаробы КСУП «Варняны». 

Першыя камбайны выйшлі на палі напачатку гэтага месяца. Масавая ўборка стрымлівалася нераўнамерным даспяваннем збожжа на розных участках і дажджлівым надвор’ем. Тым не менш, аграрыі выка­рыстоўвалі кожную пагодную гадзіну і выбарачна абмалочвалі найбольш спелыя ўчасткі. Хоць дажджы ўсё адно стрымліваюць ход і тэмпы жніва, тым не менш, з дня ў дзень яно набірае абароты.

Наш карэспандэнт паназіраў за пачаткам жніўнага мас-старта ў КСУП «Варняны», а таксама даведаўся, хто працуе на новым збожжаўборачным камбайне, з якім настроем распачалі жніво хлебаробы, хто ім дапамагае вазіць сабраны ўраджай.

Некалькі гадоў назад Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паставіў перад аграрыямі краіны задачу павялічыць пасяўныя плошчы пад азімым ячменем, назваўшы гэту культуру выратавальнай ва ўмовах так званага рызыкоўнага земляробства. Па вялікім рахунку, нягледзячы на грунтоўную і старанную падрыхтоўку да ўборкі тэхнікі і зернесушыльнай гаспадаркі, з капрызамі надвор’я не паспрачаешся. 

Больш таго, падобная стра­тэгія дазваляе не толькі атрымаць першае збожжа, але і абкатаць тэхніку і забяспечыць яе плаўны пераход на ўборку азімага рапсу і іншых збожжавых культур. 

Калі ў дзень майго прыезду (13 ліпеня. – Заўв. аўт.) у цэлым па раёне было зжата 40% гэтай культуры, то ў гаспадарцы – 58%. Хоць ураджайнасць тут і не самая высокая ў параўнанні з іншымі сельгаспрадпрыемствамі, тым не менш, сёлета варнянцы з гектара набіваюць на 10 цэнт­нераў больш, чым ў мінулым годзе.

Звычайна працаўнікі расліна­водчай галіны неахвотна робяць прагнозы на ўраджай, але ўжо бачна, што ён паві­нен быць больш важкім за міну­лагодні. «Каб толькі не дажджыла!», «Надвор’е будзе – з хлебам будзем!», «Усё залежнае ад нас зробім» – падобныя выказванні чула ад большасці кам­байнераў, з якімі атрымалася перакінуцца некалькімі словамі. Дзякуй, што на пару хвілін спы­нілі хлеба­ўборачныя машыны і па­дзя­ліліся спадзяваннямі, планамі і хваляваннямі. Так хочацца, каб просьбы хлебаробаў пачулі ў нябеснай канцылярыі, надвор’е не падвяло і нашы камбайнеры спакойна змаглі ўбраць ураджай да апошняга зярнятка.

На ніве ўздоўж дарогі за вёс­кай Больнікі налічыла 8 кам­бай­­наў. Для сябе адзначыла, што ячмень тут вырас неблагі – праўда, пасевы крыху зрэджаныя. Але гэта і зразумела, таму што звычайна першымі пачынаюць убіраць слабейшыя ўчасткі. А яшчэ прыкмеціла размераную і няспешную хаду хлебных машын па збожжавым полі – па ўсім бачна, што за штурваламі камбайнаў прафесіяналы, якія ведаюць сапраўдны кошт хлеба і беражліва ставяцца да кожнага коласа.

 Адзін з самых вопытных ме­ханізатараў КСУП «Варняны» Віктар Міхайлоўскі на жніве заняты больш за 20 сезонаў, а ў сельскай гаспадарцы працуе больш за 30 гадоў.


«Шэсць сезонаў – на «Лідзе», 14 – на «Па­лессі», другі год – на гэтым камбайне. Тут у па­­раў­нанні са старымі мады­фіка­цыямі КЗСа камфортна, – адзначыў хлебароб. – Дзён дзесяць жнём, але масава сталі ўбіраць адносна нядаўна. Дажджы не дазвалялі развярнуцца напоўніцу». 

Меркаванне калегі, што ўбор­цы замінаюць дажджы, па­дзя­ляе і Валерый Дзенюш – трак­тарыст-машыніст са стажам, які неаднойчы ўваходзіў у топ лепшых механізатараў па выніках прафсаюзнага спаборніцтва на вясенне-палявых работах. 

«Летась быў у пары з братам. Сёлета дапамагае Іван Зміт­ро­віч. У лідары не рвуся, але і ў канцы быць не хочацца, – з усмешкай прызнаўся мужчына. – Галоўнае – без страт убраць тое, што саспела. Чым больш намалоцім, тым больш заробім». 

Поруч з вопытнымі хлеба­ро­бамі працуе і новая змена – маладыя і талковыя меха­ні­затары.

Да прыкладу, Уладзіслаў Млын­­коў­скі на жніве ў якасці старшага камбайнера дзявяты сезон. Нагадаю: два гады назад малады чалавек другім ў раёне намалаціў тысячу тон збожжа. Гэты вынік вярнуў варнянцаў у спіс перадавікоў пасля доўгага перапынку. Сёлета хлебароб зноў мае здаровыя амбіцыі і раз­­ліч­вае на поспех у жніўным спа­борніцтве. Пры гэтым прызнаецца: для яго важней не перамога, а сам працэс. 

«Настрой агонь – а інакш і быць не мо­жа! – Улад усмі­хаецца. – Толькі надвор’е крыху нервы псуе. А так усё цудоўна. Ураджай добры, камбайн добрасумленна падрыхтаваў: паставіў новыя элеватары, якія падаюць збожжа ў бункер; замяніў нажы, каб салома рэзалася якасна; праверыў і абнавіў падшыпнікі, каб працэс ішоў без збояў, і яшчэ па дробязях тое-сёё зрабіў. Словам, не паленаваўся! Цяпер усё залежыць ад тэхнікі і ад нас саміх.

– У першых чыслах ліпеня пачалі ўборку, можна сказаць, толькі «вылазкі» выбарачна рабілі, – да размовы далучыўся памочнік Алег Бусловіч. – Толькі трэці дзень нармальна ўбіраем. Учора, напрыклад, жалі да 8 гадзін вечара».

Яшчэ адзін прадстаўнік маладога пакалення варнянскіх меха­нізатараў Раман Мураўскі працуе без памочніка, аднак спраўляцца. Як і ў мі­нулым годзе, кіраўніцтва КСУП «Варняны» зрабіла важны крок па абнаўленні машынна-трактар­нага парку: у межах дзяр­жаў­най праграмы праз ААТ «Прамагралізінг» тут набылі высокапрадукцыйны камбайн айчыннай вытворчасці, які зараз знаходзіцца ў надзейных руках Рамана.

Тым не менш, без паломак не абы­ходзіцца, тым больш калі камбайн па сельскіх нівах «наматаў» не адзін сезон. Аднак пастаянна руку на пульсе жніва трымае інжынерная служба. Замяніць плату (кажучы па-просту кіруючы цэнтр машыны, які адказвае за ўсе маніпуляцыі) Мар’яну Масойцю ў полі дапамагаў галоўны інжынер КСУП «Варняны» Ві­таль Апанасік. 

На зернесушылкі збожжа адвозяць 6 адзінак тэхнікі. Не першы год на роўных з варнянцамі працуе сямейны падрад Праў­луцкіх з Завельцаў.

«Для мяне гэта пятая ўборка, – узгадаў Максім. – Дарэчы, мена­­віта дзякуючы рабоце на жніве змог набыць уласны МАЗ. Наш працоўны графік у гаспадарцы вельмі шчыльны з пачатку лета да позняй восені, пакуль не завершацца ўсе палявыя работы. Учора, напрыклад, за адзін дзень на сушылку перавёз 70 тон збожжа. Спадзяюся, што і надалей тэмпы будуць такімі ж!»

Кампетэнтна

Галоўны аграном КСУП “Варняны” Іван Дзенюш:

– Уборачную кампанію сёлета ўскладніла дажджлівае надвор’е. Жніўны клін дасягае 3 тысяч гектараў, таму нагрузка на адзін камбайн дастаткова вялікая – звыш 400 гектараў. 

Сушыльную гаспадарку падрыхтавалі: у Варнянах комплексы працуюць на прыродным газе, у Вароне – на дызельным паліве. 

Усім задзейнічаным на жніве работнікам даведзены расцэнкі аплаты, арганізавана  двухразовае харчаванне: прывозім абеды з кафэ «Вілія» КСУП «Міхалішкі», на падвячоркі даём гервяцкую тушонку.


Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://telegram.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич