На Островетчине наградили победителей соревнования по итогам первого укоса (спойлер: интриги не получилось)

17:00 / 08.07.2026

Пры назапашванні травяністых кармоў аграрыі робяць стаўку на першы ўкос. Лічыцца, што менавіта ў чэрвені травы найбольш сакавітыя і ўтрымліваюць аптымальную колькасць спажыўных рэчываў. Менавіта ў гэты перыяд раённая арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу праводзіць сярод механізатараў і вадзіцеляў працоўнае спаборніцтва ў некалькіх намінацыях.

Сёлета інтрыгі, як, дарэчы, і ў мінулыя сезоны на “зялёным жніве” не атрымалася: лідарамі сталі добра вядомыя на Астравеччыне працаўнікі, якія атрымалі адпаведныя Дыпломы і грашовыя ўзнагароды.

Нагадаю, пераможцаў у розных намінацыях вызначалі не па аб’ёмах, а па выкананай сярэдняй за дзень норме. Пры гэтым на касавіцы аграрый павінен быў адпрацаваць не менш 5-ці дзён.

З пераможным вынікам перадавікоў павіншавалі першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Валянцін Чырыца і ініцыятар конкурсу, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Юрый Адула. На месцах да іх далучыліся лідары прафсаюзных пярвічак КСУП “Гудагай” і “Гервяты” Ганна Налівайка і Марына Івашка.

Адразу тры “гудагайскіх” аграрыі занялі прыступкі касавіцкага п’едэсталу – зазначу, што цалкам заслужана.

Не ўпершыню сярод камбайнераў корманарыхтоўчых комплексаў роўных не было Сяргею Урліку. У мінулыя гады яго прызнавалі лепшым корманарыхтоўчыкам вобласці, а партрэт заносіўся на раённую Дошку гонару.

Пётр Сяргей стаў лепшым на адвозе зялёнай масы трактарам. Прозвішча гэтага механізатара, мне здаецца, таксама не патрабуе асаблівага прадстаўлення. Тым не менш нагадаю, што мужчына неаднойчы перамагаў і ў гэтым спаборніцтве, а таксама перамагаў у намінацыі “Ворыва” ў прафсаюзным конкурсе па выніках вясенне-палявых работ.

Касец Генрых Млынскі не адстае ад калег – механізатар неаднойчы дэманстраваў перадавыя вынікі не толькі падчас корманарыхтоўкі, але і сяўбы.

Кампанію лідараў з КСУП “Гудагай” разбавіў Яўген Юшкявічус з КСУП “Гервяты”, які хоць і нядаўна ў гаспадарцы, але за адносна непрацяглы час зарэкамендаваў сябе з самага лепшага боку.

Віншуючы пераможцаў першага ўкосу, Валянцін Чырыца падзякаваў кожнаму за работу, а таксама выказаў спадзяванне на хуткую сустрэчу, але на гэты раз ужо на жніве.

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич