Формула идеального лета: островчане поделились планами на семейных отпуск

16:00 / 29.06.2026
Нішто так не аб’ядноўвае блізкіх людзей, як сумесна праведзены час, які дорыць незабыўныя ўражанні і эмоцыі. Дзеці з бацькамі разам адкрываюць новыя гарызонты, пазнаюць родны край, і гэтыя ўспаміны назаўсёды застануцца на фота­здымках. Якія маршруты сёлета выбіраюць нашы землякі для сямейнага адпачынку і як плануюць правесці цёплыя летнія месяцы, даведаўся карэспандэнт «раёнкі».

Вольга Ствол, аг. Міхалішкі: 

– Лічу, што ў кожнай сям’і павінны быць свае традыцыі. У нас заведзена, што летам абавязкова разам куды-небудзь выбіраемся, здараецца, што і не раз. (Усміхаецца.) Стараемся ўлічыць інтарэсы дзяцей, хоць, напэўна, з большага ўсе падстройваемся пад нашага Мацвейку, якому 4 гады. 
Гэтым летам ужо пабывалі ў Наносах. Вельмі спадабалася, усім раім. Дачушкі засталіся ў захапленні ад экскурсіі. Атмасфера 19-га стагоддзя, неверагодна прыгожыя пейзажы, выс­тава самавараў – словам, паглядзець ёсць што. Уразіў водны млын, які дзейнічае да гэтага часу. Нам паказалі, як зярняты ператвараюцца ў муку, а потым становяцца хлебам. 

У планах наведаць выставу «Неба. Рака». Гэта маштабная экспазіцыя, у якой сучасныя тэхналогіі спалучаюцца з жывой прыродай. Дачушкі асабліва хочуць убачыць сяміметровую планету і пагойдацца на арэлях над вадой. Калі атрымаецца і хопіць часу, магчыма, зазірнём і ў тэматычны парк «Казачная краіна Малівур». Словам, планаў на адпачынак шмат. 

Мы з мужам шчаслівыя, калі шчаслівыя нашы дзеці. А сумесныя падарожжы, экскурсіі, як і ўвогуле разам праведзены час, напаўняюць наша жыццё сапраўдным сэнсам. 

Аіда Недалтоўская,аг. Варняны:

– Наша сям’я лёгкая на пад’ём: любім актыўны лад жыцця і рух. Хоць малодшай дачушцы толькі 2 гадкі, не сядзім на месцы. Глядзець за Амінкай, у тым ліку ў паездках, дапамагае старэйшая Аліцыя. Наша Беларусь проста неверагодная краіна, у якой літаральна кожны куточак асаблівы і адметны. З мужам вырашылі як мага часцей куды-небудзь выбірацца разам. Калі Андрэй быў у адпачынку, з’едзілі на Нарач пакатацца на катамаранах. Пра незвычайных жывёл даведаліся ва ўнікальным месцы «Альпака-парк» – не толькі паглядзелі на іх, але і пагладзілі. У Лідскім замку дакрануліся да гісторыі. 

…Для такіх вандровак не трэба шмат грошай ці вольнага часу, галоўнае – жаданне. Нават вечарам у тыя ж Гервяты выбрацца і няспешна прагуляцца ля касцёла – і то ўжо новыя ўражанні і эмоцыі.

Стараемся хоць раз у месяц выхадныя ператварыць у маленькае сямейнае падарожжа.

Дар’я Баравік, аг. Гервяты:

– Крыху больш за год назад стала жонкай самага цудоўнага чалавека ў свеце. Разам з Юрам стараемся па магчымасці падарожнічаць. У мінулым годзе дзе толькі ні былі! Пасля вяселля адпачывалі ў Турцыі, потым з’ездзілі на канцэрт гурта «Баста» ў Маскву. Са зборнымі экскурсіямі, якія зладзіла прафсаюзная пярвічка нашай гаспадаркі, пабывалі ў Лідзе, Жодзіне, на шклозаводзе «Нёман».

На Астравеччыне таксама шмат цудоўных месц. Сарачанскія азёры можна адкрываць бясконца, там столькі ўнікальных куточкаў! Любім адпачываць з маімі бацькамі і братам. Думаю, што сёлета абавязкова вырвемся хоць на дзянёк. 

Сёлета зараней адпачынак не планавалі, таму што Юра працуе зернесушыльшчыкам падчас уборачнай кампаніі – вольнага часу няма. Затое як скончыцца жніво, абавязкова нешта прыдумаем.

Фота з архіву суразмоўцаў.

Текст: Алёна Ганулич