Вясковая жанчына напісала баладу пра Казіміра Сваяка
14:00 / 27.06.2026
Акрамя таго, сёлета спаўняецца 125 гадоў з дня смерці Яна Галіча-Сулінскага – таленавітага кампазітара і арганіста, пробашча клюшчанскага касцёла, які хрысціў Канстанціна Стаповіча.
А яшчэ ў гэтым годзе 70 гадоў з дня смерці Яна Семашкевіча (Янкі Быліны) – яшчэ аднаго ксяндза і паэта з клюшчанскай парафіі, калегі і сябра Сваяка.
Праглядваючы папку з матэрыяламі пра Казіміра Сваяка, знайшла пажоўклы аркуш з набраным на пішучай машынцы вершам «Казімір Сваяк», які быў напісаны 30 гадоў таму і прысвячаўся 70-годдзю з дня смерці святара і паэта. Аўтар балады – колішняя жыхарка вёскі Пятрашышкі Браніслава Масцяніца. Памятаю, як чытаў гэтую баладу на адной з першых сваякоўскіх сустрэч у клюшчанскім касцёле яе таленавіты ўнук Эдзік Балюцкіс, тады яшчэ школьнік. І ў гэтыя памятныя дні хочацца ўзгадаць і саму баладу, і яе аўтара, жанчыну незвычайную і шматгранна таленавітую.
Браніслава Адамаўна Масцяніца, у дзявоцтве Валуевіч, нарадзілася ў Пятрашышках у 1922 годзе. Яе ўнікальная памяць захоўвала вялізны запас інфармацыі пра гісторыю спондаўскага краю і клюшчанскага касцёла. Да яе за дапамогай неаднойчы звяртаўся краязнаўца Яська Драўніцкі, ды і мне Браніслава Адамаўна расказвала шмат цікавага. Да таго ж яна была адмысловай ткалляй, вышывальшчыцай. Яе ўнукі і сёння памятаюць незабыўны водар і смак хлеба, які бабуля выпякала ў печы па ўласных рэцэптах.
Казімір Сваяк
Сем вёрст за Клюшчані, за лесам, за кустамі,
Каля быстрай рэчкі – вёсачка Барані.
Кожны добра знае – іх парафія Клюшчані.
Калісь славілася вёска сваімі жыхарамі.
Упраўлялі зямельку сваімі рукамі,
Жылі з сабой дружна, не зналі судоў.
Кожны меў запасы зерня да сотні пудоў.
Зямелька баравая, але ўсё радзіла.
Працавалі шчыра, каб хлеба хапіла.
Расло добра жыта і раслі ляны,
Адзявалі кашулі, што самімі тканы.
Дзяўчаты на кроснах ткалі дываны.
У Баранях былі розныя майстры:
Былі краўцы, шаўцы, былі муляры.
Славіліся далёка баранскія кавалі.
У Баранскай вёсцы ляснік Стаповіч жыў,
Свайго роднага сына за ксяндза вучыў.
У той час нялёгка было дзяцей вучыць:
Прыхадзілася ў Вільню конікам язджаць,
Прадукты для сына трэба падвазіць.
Цягнікі дарагія, не было машын –
Дабрацца ў Вільню не было нічым.
У духоўнай семінарыі вучыўся Стаповічаў сын.
Маладому хлопцу былі шчаслівыя дні.
Здольны да навукі Канстанты, клерык малады,
Здароўе меў благое. Думаў усяляк.
Навучыўся святаром і паэтам
Канстанцін Стаповіч, Казімір Сваяк.
Малады паэт быў добры святар.
Вельмі мала пражыў – Бог здароўя не даў.
Нарадзіўся ў Баранях у сялянскай сям’і.
На Грамніцы ў лютым у вялікія маразы.
А памёр вясной, як цвілі сады.
Лячыўся за граніцай, а ў Вільні памёр.
Малады святар меў 36 гадоў.
На Імшу да алтара больш не прыйшоў.
На Росах у Вільні ён спачынак знайшоў.
У Клюшчанскай парафіі адзін год пражыў.
Усіх ксёндз Канстанты да дабра вучыў.
Пісаў ён паэмы. Каб чыталі, прасіў,
Гарнуў усіх да Бога і спяваць вучыў.
Сумную вядомасць у Клюшчаны падалі:
Малады святар-паэт у Вільні памёр.
Прыбралі ў жалобу наш клюшчанскі касцёл.
Памёр наш святар у росквіце сіл.
Даў Бог век кароткі – вельмі мала жыў.
Не скончыў расказаў, што пачаў пісаць.
Нам ксяндза-паэта нельга забываць.
Лячыўся ксёндз доўга, хацеў дзетак вучыць,
Ксяндза Канстанціна ў Баранях хатка стаіць.
З сваяковай радні старушка жывець.
Бабулька старая выглядзіць бадзёра.
Часта бывае ў клюшчанскім касцёле.
Ганарыўся Казімір Сваяк сваім родным сялом,
А спачыў навекі пад чужым дзярном.
Любіў сваю рэчку, слухаў шум вады,
Навекі заснуў ксёндз-паэт малады.
Любіў свае нівы, летам сенакосы…
Вечна спачывае ў Вільні на Росах –
Пахавалі далёка ад сваёй радні.
Вечны пакой ксёндз-паэт малады!
Вясной засвеціць сонца, зацвітуць сады,
Над паэта магілай запяюць салаўі.
У паэта расказах былі Божыя словы:
Не крыўдзіць нікога і маліцца Богу.
Казімір Сваяк не крыўдзіў нікога,
Гарнуў усіх людцаў толькі да Бога.
Браніслава Адамаўна шмат расказвала пра Сваяка. Яе бацька Адам Валуевіч быў слынным на ўсю акругу кавалём. Прыязджалі да яго з розных вёсак, у тым ліку і з Бараняў, якія зусім недалёка ад Пятрашышак. Пасябраваў ён з бацькам Казіміра Сваяка. У колішнім доме Валуевічаў, дзе сёння жыве ўнук Браніславы Адамаўны Эдуард Балюцкіс, яшчэ ляжыць падлога з брусу, які выдзеліў прадзеду сённяшняга гаспадара ляснік, бацька Кастанціна Стаповіча Мацей.
Адам Валуевіч усяляк падтрымліваў сына свайго сябра, маладога ксяндза Канстанціна Стаповіча ў яго гарачым імкненні весці святую імшу ў касцёле на роднай мове, адкрываць беларускія школы, спяваць беларускія песні.
Браніслава Адамаўна добра запомніла, як аднойчы з упэўненасцю і верай ксёндз Канстанты сказаў яе бацьку: «Запомні, пан Адам, пройдзе нейкіх 100 гадоў – і загучыць беларуская мова ў касцёлах Беларусі!» На шчасце, сёння мы можам засведчыць, што гэтыя словы аказаліся прарочымі.
Іаланта ВАЛУЕВІЧ.