Анна и Феликс Гребенцовы: военная история семьи гудогайских медиков

11:00 / 23.06.2026
«Бацькі думалі, што ўцякуць ад бяды, калі дабіраліся з трохмесячным дзіцяткам пад бамбёжкамі з паўднёвага захаду Беларусі на поўнач. Ажно ж гэта была вайна… Што ім давялося перажыць, чаго наглядзецца – жудасць! Толькі плакалі, як пра Вялікую Айчынную загаворыш», – дрыжачы голас Ларысы Савіцкай перарывае ціхая сляза…


З агню ды ў полымя

1941 год. Ганна і Фелікс Грабянцовы ўжо абжыліся на новым месцы: у г. Дамброве, што на Беласточчыне (тады гэта была тэрыторыя Беларусі), у іх нядаўна нарадзіўся першынец – жыві ды цешся. Але цешыцца маладой сям'і давялося нядоўга.

– Бацькі пажаніліся ў 1939 годзе. Родам яны былі з Віцебшчыны, а ў Дамброва прыехалі на працу: тата ўрачом, мама фельчарам-акушэрам, – расказвае дачка Грабянцовых.

Калі фашысты пачалі бамбіць горад, Фелікс Фёдаравіч пабег на дапамогу параненым. А Ганна Лукінічна ў гэты час была дома з трохмесячным сынам.


– Яна выскачыла ў двор з малым на руках, як у гэты  момант адзін са снарадаў трапіў у панадворак. Ад страху мама кінулася ў хату, схапіла, што першае ў вочы кінулася: трое медыцынскіх нажніц са сцяны і ватную коўдру, у якую захутала майго браціка, – дзеліцца жанчына. – Не ведаю, як яна трапіла на машыну, якая вывозіла эвакуіраванных, але да Мінска на ёй дабралася. Часта ўзгадвала, як адстала ад грузавіка, у якім засталося дзіця; як даганяла яго… Як  палаў ад бамбёжак Мінск… Як іх у дарозе цудам заспеў тата…

Муж з жонкай выбралі курс на поўнач – да бацькоўскага парога: у Сенненскі раён Віцебскай вобласці. 


– Да мамінай маці, у вёску Пурплева, падаліся, – удакладняе Ларыса Фелік­саўна.  – Адтуль бацьку ў тэрмі­новым парадку і прызвалі на фронт. Ён трапіў пад Вялікія Лукі.

А неўзабаве была акупавана Віцеб­шчына. Паслужыць на карысць Радзіме і свайму народу доктару Грабянцову давялося  нядоўга: атрымаў цяжкае асколачнае раненне ў нагу. Ганна Лукінічна доўга нічога не ведала пра мужа. Хоць Беларусь ужо і была пад акупацыяй, але парадкі новай улады яшчэ не былі вельмі жорсткімі. Таму як толькі мясцовыя жанчыны, родныя якіх пайшлі на вайну, даведваліся, што недзе прыбыла чарговая партыя палонных, выпраўляліся высвятляць, ці ёсць там хто са сваіх.


Неяк мама ў чарговы раз пачула, што ў суседні раён прывезлі новых палонных, яна з іншымі жанчынамі пайшла высвятляць, ці апынуўся ў іх ліку тата – яго там не аказалася. Дзе ён быў, колькі лячыўся, як лёс засцярог ад палону, не ведаю. Але дакладна, што летам 1943 года апынуўся ў шэрагах народных мсціўцаў – быў урачом 2-га атрада імя А. Суворава Багушэўскай партызанскай брыгады, якая дзейнічала на тэрыторыі Віцеб­скай вобласці, – гаворыць дачка ветэрана. – Узгадваючы пра партызанскія буд­ні, тата кожны раз плакаў... Пойдуць на вылазку – вяртаюцца не ўсе. Расказваў, як бай­цу пасля ранення мусілі нагу ампутаваць – пілавалі нажоўкай, а замест анестэзіі – шклянка водкі, добра што хоць яна была. А тады кляп у зубы – вытрымаеш, значыць, вытрымаеш. Ну і вельмі страшна было, калі пачаўся ўшацкі прарыў: фашысцкія войскі сціснулі такое шчыльнае кальцо, што выйсце ў нашых заставалася толькі адно: рызыкнуць – і прарваць яго. Гэта рашэнне было правільным, шмат людзей выратавалі, у тым ліку і мірнага насельніцтва, але і палягло нямала… 


Даводзілася Грабянцову не толькі выносіць з поля бою параненых і лячыць байцоў, але і самому браць у рукі зброю, пра што сведчыць і характарыстыка з асабовага лістка: «…неоднократно участвовал в боях под огнём противника».

Дакументы сведчаць, што старшы лейтэнант медыцынскай службы Фелікс Фёдаравіч Грабянцоў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.», «Партызану Айчыннай вайны» ІІ ступені.


– Тата з мамай як на лязе нажа жылі: ён у партызанах, змагаючыся за здароўе і жыццё падапечных; яна – жывучы наві­давоку ў фашыстаў і дапамагаючы не толькі вяскоўцам, але і параненым, да якіх яе неаднойчы запрашалі пад рознымі пры­чынамі – ніколі не адмаўляла, хоць і ведала, чым гэта можа скончыцца. І медыка­менты перадавала партызанам: пакладзе ў кошык лякарствы, а наверх то кацяня, то з ежы што, каб прыкрыць... –  прыгадвае расповеды дачка Ганны Лукінічны. 

– Фронт зусім блізка ад іх вёскі стаяў. Ужо колькі наша Пурплева нацярпелася, вяскоўцы там як на парахавой бочцы жылі: мама расказвала, што такія жорсткія баі праходзілі: то нашы «ціснуць», то нашых – бывала, і па некалькі разоў на дзень. Пасля адной з такіх хваль фашысцкага налёту загінула ажно шасцёра нашых родзічаў. Як усё сцішылася, пайшлі вяскоўцы гля­дзець, хто жывым застаўся. Маленькі быў у цёткі… Заходзяць у хату і бачаць: яна забітая ляжыць, а васьмімесячнае дзіця, усё у крыві, грудзі яе смокча. Жудасць якая! – Ларыса Феліксаўна на хвіліну прыпыняецца, нібы глытаючы даўкі камяк у горле, і працягвае: –  Чула ад бацькоў, што асабліва лютавалі немцы, калі разгарнуўся партызанскі рух. Сястра стрыечная маміна ішла па вуліцы – злавілі яе, счапілі дзве бярозы, прывязалі да іх, а потым знялі счэпку…  Страх што маім родным давялося перажыць! А што ўжо паліцаі выраблялі, больш за немцаў стараліся! Ці то выслужваліся, ці то няна­вісць да сваіх людзей такая была?..


Гудагайскія лекары

У 1944 годзе, пасля вызвалення Бе­ларусі, Грабянцовы засталіся на Ві­цебшчыне – жылі ў Янаве, там у 1945 го­дзе нарадзілася ў іх дачушка Ларыса. 

– Тата загадваў мясцовым фель­чарска-акушэрскім пунктам, маці працавала акушэркай. А пасля іх накіравалі на Ашмяншчыну – у вёску Крэйванцы, дзе яны арганізавалі радзільны дом, – дзеліцца дачка ветэрана. – Затым пераехалі ў Ашмяны – працавалі ў санстанцыі. Пасля бацькоў перавялі ў Палянскі ФАП – гэта таксама Ашмяншчына. Галеча была: ні адзець, ні абуць нічога не мелі. Тата хадзіў на работу ў залатаных афіцэрскіх штанах…


У 1961-м сям’я прыехала ў Гудагай. Ганна загадвала мясцовым ФАПам, Фелікс працаваў у Астраўцы ў аддзяленні хуткай дапамогі, на ФАПе ў Гудагаі. 

Паняцця «рабочы дзень» у Грабянцовых у прынцыпе не існавала: патрэбна дапамога каму – і ляцяць па вёсках, хоць працоўны дзень даўно скончыўся. І на даму прымалі: прыйдзе чалавек уначы – як адмовіш. Толькі ў сябе дома Ганна Лукінічна роды ў шасцярых жанчын прыняла.

– Дом, у якім мы з мужам жывём, баць­коўскі. Колькі ў таты з мамай было радасці, што ў іх, нарэшце, з’явілася свая хата – першае ўласнае жыллё. Яго дапамаглі купіць мясцовыя людзі – сабі­ралі грошы ўсім мірам, вядома ж, бацькі потым пазыку аддавалі. Тата тут усё сваімі рукамі рабіў! Ён быў выдатным сталяром. А мама прыгожа вышывала… – сумуючы па часе, калі бацькі былі жывымі, а дрэвы былі вялікімі, гаворыць Ларыса Савіцкая.
Текст: Рита Дремо
Фото: Рыты ДРЭМА і з сямейнага архіва Л. САВІЦКАЙ