«Белагро-2026»: что впечатлило и зацепило островчан на масштабной сельскохозяйственной выставке

13:00 / 12.06.2026

Гэтую міжнародную спецыялізаваную выставу смела можна назваць узорнай пляцоўкай дэманстрацыі перадавога вопыту ў сельгасмашынабудаванні, інавацыйных рашэнняў і тэхналогій у жывёлагадоўлі, раслінаводстве, перапрацоўчай і харчовай прамысловасці.

За некалькі дзён выставу наведалі прадстаўнікі 12 краін свету, у тым ліку звыш 40 замежных дэлегацый. На аграрным форуме пабывала рэкордная колькасць людзей: звыш 200 тысяч чалавек, у тым ліку нашы землякі.

Спецыялісты некаторых гаспадарак падзяліліся ўражаннямі.

Галіна Бабіч, галоўны ветурач КСУП “Гудагай”:

– Можна сказаць, што работнікі нашай гаспадаркі – заўсёднікі гэтай выставы. Ужо стала традыцыяй, што летам абавязкова едзем у сталіцу на гэты форум. Адзначыла, што сёлета ў параўнанні з мінулымі гадамі, ён больш масавы і грандыёзны. Ад багацця экспанатаў на адкрытай пляцоўцы разбягаліся вочы.



Хоць гэта і не мой профіль, тым не менш з цікавасцю наведала пляцоўкі айчынных гігантаў машынабудавання, якія прэзентавалі сучасныя агрэгаты, навясное абсталяванне і іншую тэхніку.

Прызнацца, найбольш мяне ўразіў энерганасычаны “Беларус-5425” – гэта самы магутны ў свеце калёсны трактар.

Прыемна парадавала лінейка ветэрынарных прэпаратаў, а таксама тое, што адно з перадавых прадпрыемстваў гэтага накірунку – навукова-вытворчы цэнтр “Белаграген” – вярнулася на айчынны рынак. Яны выпускаюць якасныя і дзейсныя прэпараты шырокага спектру – ад супрацьмасцітных сродкаў да вітамінна-мінеральных комплексаў.

“Белагра” – гэта не столькі дэманстрацыйная пляцоўка, колькі месца сустрэч. Тут можна пастасавацца з калегамі і абмеркаваць з імі актуальныя для сучаснай практычнай ветэрынарыі пытанні. Перасякліся з галоўным аграблогерам краіны і зрабілі на памяць некалькі здымкаў.


Упэўнена, што большасць наведвальнікаў гэтай выставы адчувала неверагодны гонар за айчынны аграпрамысловы комплекс і родную краіну.

Валянціна Казлоўская, галоўны ветурач РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі”:

– Мяне зацікавілі пляцоўкі жывёлагадоўчага сектара і ветэрынарыі, дзе акцэнт быў зроблены на біятэхналогіях, новых кармах, інавацыйнай вакцыналогіі і аўтаматызацыі працэсаў.

Асаблівае захапленне атрымала ад наведвання экспазіцыі жывёл. Перадавыя племстанцыі краіны выставілі элітных быкоў мясных і малочных парод: абердзін-ангускай, лімузінскай, а таксама ўнікальныя помесі з бельгійскай пародай.

Сапраўднай зоркай выставы стаў 900-кілаграмовы бык-вытворца чырвонай дацкай пароды па мянушцы Вальд – яго памеры проста ўражваюць! Гігант у параўнанні з тымі, якія ўтрымліваюцца на нашых фермах па адкорме буйной рагатай жывёлы.

Тарэса Міцкевіч, бухгалтар КСУП “Гервяты”:

– У складзе дэлегацыі нашай гаспадаркі ўпершыню пабывала на аграфоруме. Маштабы выставы складана апісаць, таму што экспазіцыйныя пляцоўкі раскінуліся на 40 тысячах квадратных метраў. Таму за дзень мы не змаглі наведаць усе лакацыі, дзе прэзентавалі прадукцыю заводы айчыннага машынабудавання, фабрыкі і камбінаты.




Падчас дэгустацый прапаноўвалі навінкі малочнай і мясной прадукцыі. Айчынныя вытворцы не баяцца эксперыментаваць і прыўносіць новае ў любімыя беларусамі і не толькі прадукты. Напрыклад, Глыбоцкі малочна-кансервавы камбінат прадставіў згушчонае малако з чорным перцам і куркумой.

Тэхніка, буйная рагатая жывёла, коні – айчынная сельская гаспадарка была прадстаўлена ва ўсім сваім шматабліччы. Дзякуй арганізатарам за магчымасць адчуць маштаб дасягненняў Беларусі.



Фота з архіва суразмоўцаў.

Текст: Алёна Ганулич