З Пінска ў Астравец, ці Як малады спецыяліст Аляксеў Іеўлеў трапіў у ПМС

12:00 / 06.06.2026
Астравецкае прадпрыемства меліярацый­ных сістэм піша сваю гісторыю на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў. За гэты перыяд арганізацыя зведала розныя часы: ад сур’ёзных выпрабаванняў да росквіту і стабільнасці. Аднак нязменным заставалася галоўнае – клопат пра меліяраваныя землі. Без нястомнай працы работнікаў гэтай галіны Астравеччына не мела б сённяшніх высокіх ураджаяў і вялікіх надояў. 

З нагоды прафесійнага свята і юбілею прадпрыемства ўзгадваем яго гісторыю і расказваем пра людзей, якія цяпер яе ствараюць.

Аляксей Іеўлеў, майстар будаўніча-мантажных работ:


– У школьныя гады я не ведаў, кім хачу стаць. Бацька параіў паступаць у Пінскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж імя Кляшчова – у нашым горадзе гэта адна з самых прэстыжных навучальных устаноў. Хоць наш рэгіён і лічыцца буйнейшым у Беларуcі па плошчы меліяраваных зямель, спецыялізацыю «меліярацыя і водная гаспадарка» выбраў выпадкова… Як, дарэчы, і трапіў у Астравец. Па-першае, мне хацелася ўбачыць і пазнаць Беларусь з іншага канца; па-другое, як мага далей ад’ехаць ад дому. (Усміхаецца.) 

У каледж на прафарыентацыйныя сустрэчы неаднойчы прыязджалі прадстаўнікі Астравецкага прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Прывабіла жыллё і даплаты маладому спе­цыя­лісту. Дырэктар слова стрымаў.

Працую тут усяго два месяцы, дзякуючы падтрымцы вопытных калег актыўна асвойваю тонкасці прафесіі. Прамыўка дрэнажу, ачыстка каналаў, падсеў травы – з многімі спецыфічнымі задачамі меліярацыі паспеў пазнаёміцца. Парадавала, што на прадпрыемстве прыязна сустрэлі і прынялі як свайго – калектыў аказаўся дружным. 

Пакуль не хачу загадваць нешта глабальнае – наперадзе яшчэ два гады адпрацоўкі. З бліжэйшых планаў – сумясціць работу з вучобай і завочна атрымаць вышэйшую адукацыю па накіраванні ад ПМС у Беларускай сельгасакадэміі.
Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич