Больш за 40 гадоў машыністам экскаватара працуе Валерый Кацінель

11:00 / 06.06.2026
Астравецкае прадпрыемства меліярацый­ных сістэм піша сваю гісторыю на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў. За гэты перыяд арганізацыя зведала розныя часы: ад сур’ёзных выпрабаванняў да росквіту і стабільнасці. Аднак нязменным заставалася галоўнае – клопат пра меліяраваныя землі. Без нястомнай працы работнікаў гэтай галіны Астравеччына не мела б сённяшніх высокіх ураджаяў і вялікіх надояў. 

З нагоды прафесійнага свята і юбілею прадпрыемства ўзгадваем яго гісторыю і расказваем пра людзей, якія цяпер яе ствараюць.

Валерый Кацінель, машыніст экскаватара:

– З 1984 года тут працую. Пачынаў пры Іване Масальскім. Прывабіла, што ў тыя часы шмат будавалі жылля для работнікаў: збіраўся жаніцца – трэба быў свой куток. Абяцалі, што праз год-два дадуць кватэру, так і сталася. 

Пачынаў вадзіцелем, неўзабаве перавялі ў памочнікі экскаватар­шчыка, а праз паўтара года – у машыністы. Спярша далі тросавы экскаватар «Драглайн» са стралой, як у крана. Памятаю, напачатку стаяў на адным месцы: коўш кідаю, а ён валіцца ў канаву. Каб набіць руку, не адзін дзень спатрэбіўся. (Усміхаецца.) Потым перасеў на гідраўлічную машыну, калі тая састарэла, – на новы экскаватар. З гэтай тэхнікай праблем не ўзнікае. 

За гады работы шмат цікавых выпадкаў было, працуем жа ў асноўным на прыродзе. Запомнілася, як з калегам рыбу лавілі – у літаральным сэнсе гэтага слова! Чысцілі неяк канал, які бабры перакрылі: я каўшом на бераг рыбу выкідваў, а напарнік збіраў. Некалькі вядзёр улову дадому прывезлі! 

…Самому не верыцца, што ў меліярацыі больш за 40 гадоў. За гэты час мой партрэт неаднойчы змяшчалі на Дошку гонару прадпрыемства, атрымаў званне «Ганаровы меліяратар»… Але ведаеце, што для мяне самае важнае? Не граматы і тытулы, а тое, што на нашых палях і землях заўсёды пануе парадак, у тым ліку і дзякуючы маёй працы.  
Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич