Гісторыя і сучаснасць Астравецкага ПМС вачамі яго дырэктара Вадзіма Вянгроўскага
З нагоды прафесійнага свята і юбілею прадпрыемства ўзгадваем яго гісторыю і расказваем пра людзей, якія цяпер яе ствараюць.
Гістарычная даведка
У Астраўцы 19 мая 1961 года было створана будаўніча-мантажнае ўпраўленне. Яго начальнікам стаў Іван Бекрэнь, за подпісам якога значацца першыя загады пра прызначэнне галоўным інжынерам Генадзя Валадзько, галоўным механікам Пятра Карабухіна, галоўным бухгалтарам Казіміра Пачобута і іх паездцы для пераймання вопыту ў калег са Смаргоні і Ашмян.
У 1971 годзе начальнікам прадпрыемства стаў Іван Спорны. БМУ працягвала нарошчваць аб’ёмы вытворчасці.
На капітанскім мосціку восенню 1985 года Масальскага змяніў Здзіслаў Адынец.
Перабудова прынесла не самыя лепшыя змены для арганізацыі. Дэбіторская запазычанасць ПМК дасягала звыш 20 мільёнаў рублёў. Даводзілася зацягваць паясы, скарачаўся і штат работнікаў…
У 1995 годзе ПМК-59 стала рэспубліканскім унітарным Астравецкім прадпрыемствам меліярацыйных сістэм. З назвай яно змяніла і накірунак работ – з будаўнічых на меліярацыйныя.
У 2002-м дырэктарам прызначылі Часлава Магельніцкага, праз год яго змяніў Іван Гупала. У 2004 годзе прадпрыемства ўзначаліў Вадзім Вянгроўскі.
За дастаткова кароткі тэрмін кіраўнік аб’яднаў вакол сябе каманду аднадумцаў і забяспечыў ПМС стабільны рост. Як і напачатку свайго дырэктарства, так і цяпер Вадзім Вянгроўскі перакананы: галоўная каштоўнасць прадпрыемства – людзі.
Сацыяльная сфера
– Пераемнасць пакаленняў – падмурак стабільнасці любой арганізацыі. Лічу, што наша задача і абавязак – цаніць кожнага, хто прысвяціў меліярацыі не адзін год свайго жыцця, і працягвае гэта рабіць.
Напярэдадні святкавання юбілею мы наведалі нашых ветэранаў, якія не змаглі прысутнічаць на ўрачыстасці, падзякавалі ім, уручылі падарункі і ў чарговы раз упэўніліся: пакуль існуе гэтая трывалая сувязь пакаленняў, у нашага прадпрыемства ёсць будучыня.
За апошнія пяць гадоў калектыў крыху зменшыўся, але ўсе на сваім месцы. У нас працуюць і моладзь, і людзі пенсійнага ўзросту – і ў гэтым нічога дрэннага не бачу. Тым больш яны па-ранейшаму ўносяць сваю лепту ў развіццё меліярацыі і перадаюць вопыт новаму пакаленню.
За гады майго кіраўніцтва шмат чаго змянілася. Займаліся добраўпарадкаваннем тэрыторыі, даводзілі да толку механічны двор, адміністрацыйны будынак, падведамаснае жыллё, у тым ліку кватэру, куды неўзабаве заселіцца малады спецыяліст.
Эканоміка і вытворчасць
– Па выніках работы за мінулы год рост аб’ёмаў вытворчасці склаў 132%. Гэта адзін з самых высокіх паказчыкаў у вобласці.
На ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы прыпала некалькі хваль. У 2009 годзе адбылося першае маштабнае «пераўзбраенне» арганізацыі, апошняе – у 2021-2022 гадах.
Летась папоўнілі машынны парк трактарам МТЗ-3522 з навясным абсталяваннем, экскаватарам расійскай вытворчасці, УАЗам для падвозу людзей на аб’екты. Сёлета плануем набыць бульдозер беларуска-кітайскай вытворчасці, трактар МТЗ-82 – яны будуць задзейнічаны на тэхабслугоўванні меліярацыйных аб’ектаў: прамыўцы дрэнажу, абкошванні каналаў, вывазцы драўнінна-хмызняковай расліннасці, дастаўцы грузаў.
Амаль трэцюю частку мясцовых сельгасугоддзяў складаюць меліяраваныя землі. Найчасцей яны выкарыстоўваюцца як сенажаці, а перадавыя гаспадаркі на некаторых участках паспяхова вырошчваюць збожжавыя.
Сёння наш прыярытэт – клопат пра тое, што ўжо створана. На працягу года падтрымліваем меліярацыйныя сістэмы ў належным стане: зімой выдаляем кустоўе, а летам некалькі разоў за сезон скошваем траву. Акрамя гэтага, займаемся рамонтна-будаўнічай дзейнасцю і культуртэхнічнай меліярацыяй, аказваем паслугі насельніцтву і арганізацыям. Словам, работы хапае…
65 гадоў для прадпрыемства – гэта той прамежак часу, калі ёсць і каласальны вопыт, і вялікае жаданне рухацца наперад.