Вера, спадчына, традыцыі: як прайшоў Троіцкі фэст у Гервятах
Калі кажуць, што Гервяты – унікальнае месца, дзе гарманічна спалучаюцца духоўнае і свецкае, то маюць на ўвазе менавіта Троіцкі фэст. Урачыстасць даўно выйшла за межы звычайнага парафіяльнага свята. Сёння гэта падзея, калі шчырая малітва пераплятаецца з жывой народнай культурай, а неагатычны храм, шпіль якога, здаецца, упіваецца ў самае неба, прымае сотні гасцей…
Хоць гісторыя касцёла Святой Тройцы налічвае крыху больш за стагоддзе, тым не менш другое дыханне ён атрымаў 30 гадоў назад. Менавіта тады ў Гервяты прыбыў новы пробашч – ксёндз Леанід Нясцюк, светлая яму памяць. Дзякуючы яго нястомнасці, здольнасцям і мастацкаму густу святыня ператварылася ў сапраўдны Нотр-Дам.



Незвычайны дэндрапарк, па якім і цяпер прагульваюцца шматлікія госці ці хаваюцца ад спякотнага сонца ў цені экзатычных дрэў. Дванаццаць апосталаў на плошчы – маўклівых вартаўнікоў святыні. Каваныя вароты на ўваходзе ў касцёл, якія ўражваюць не толькі памерамі, але і дэталямі – кветкамі, пялёсткамі, выкрунтасамі. Выявы святых на вітражах, твары якіх, здаецца, ажываюць ад дотыку сонечных прамянёў… І гэта далёка не ўсе адмецінкі гэтага ўнікальнага месца. Менавіта ў такіх дэталях сканцэнтравана прыцягальная сіла, якая на Троіцкі фэст (і не толькі!) вабіць сотні людзей.

А яшчэ варта абавязкова няспешна прайсціся па кірмашы, які расцягнуўся на дзясяткі метраў. Букеты з сухавеек, плеценыя з лазы кошыкі, драўляныя кубкі – майстэрства рамеснікаў, як і іх вырабы, уражвалі. Ну і якое ж свята без салодкага пеўніка на палачцы ці размаляванага перніка!



Звонкімі галасамі і прыгожымі касцюмамі зрок і слых радавалі лепшыя артысты і калектывы раёна. На імправізаванай сцэне за касцёлам да самага вечара выступалі народныя ансамблі песні “Рэха Астраўца”, “Світанак”, “Крынічанька”, “Варняначка” і госці з Гродна – заслужаны калектыў “Белыя Росы”.


Але сапраўдным эпагеем фэсту стала святочная імша. Раздзяліць радасць з парафіянамі і пробашчам ксядзом Паўлам Стволам завіталі святары з суседніх парафій на чале з біскупам Юрыем Касабуцкім. Разважанне іерарха пра веру і яе ролю ў жыцці кожнага чалавека, любоў да малой радзімы і бліжняга працінала да глыбіні душы і пакідала ў ёй радаснае і светлае адчуванне.

…Хочацца спадзявацца, што і праз сотні гадоў наступныя пакаленні захаваюць традыцыю прыязджаць на Троіцкі фэст у Гервяты, любавацца велічным храмам, маліцца ў яго старажытных сценах і адпачываць пад святочныя спевы.
Слова гасцям урачыстасці
Таццяна Тарасевіч, аг. Солы:

– Сюды прыехала з суседкай – гэта для нас добрая традыцыя. Штогод стараемся не прапускаць свята. Урачыстасць для мяне вельмі важная як у рэлігійным, так і ў культурным сэнсе. Тут пануе ўнікальная атмасфера: быццам трапляеш на скрыжаванне духоўнага і свецкага.
У захапленні ад казання біскупа: з яго вуснаў словы пра любоў і прабачэнне ліліся жыватворнай ракой і траплялі ў самае сэрца. Радасць проста перапаўняе!
Вольга і Генадзь Казакевічы, аг. Гервяты

Вольга:
– Троіцкі фэст – гэта значная часцінка нашага жыцця, а ўдзел у ім –сямейная традыцыя. З дзецьмі абавязкова прысутнічаем на імшы (сын паслугуе пры алтары) і ідзём у святочнай працэсіі вакол касцёла: Генадзь нясе крыж, а дачка Караліна з іншымі дзяўчынкамі – фігуру Езуса. Троіцкая ўрачыстасць для нас і іншых аднавяскоўцаў без перабольшвання сапраўднае свята. Радасна на душы ад таго, колькі людзей сёлета прыехала ў Гервяты.
Генадзь:
– Святая Тройца – адно з найвялікшых хрысціянскіх святаў, якое для нашай парафіі штогод становіцца падзеяй года. Усцешыла, што храм поўніўся людзьмі, шмат іх было і на прыкасцёльнай плошчы. Прыемна, што ў апошнія гады гервяцкі фэст стаў не толькі духоўнай, але і культурнай падзеяй у жыцці раёна. Пасля імшы з жонкай прыйшлі паслухаць нашых артыстаў – усе вельмі хораша выступаюць, але асабліва спадабалася “Варняначка”. Цудоўная змена падрастае мэтрам са “Світанка” і “Рэха Астраўца”.
Марыя Бучынская з мужам унучкі Пятром, в. Гелюны

Марыя Станіславаўна:
– Наш фэст вядомы з даўніх дат. Колькі сябе памятаю, столькі на Тройцу ў Гервяты людцы пешшу прыходзілі, прыязджалі на канях ці роварах. Мяне з маленства з сабой сюды бралі бацькі. Усю імшу спакойна стаяла, бо ведала, што потым салодкага пеўніка купяць. (Усміхаецца.) А цяпер столькі прысмакаў прадаюць, абы грошы былі. Наш касцёлік амаль не пуставаў без ойчанькі. Памятаю старэнькага ксяндза Хадыку, харошы быў святар. У малітвах і на фэсце, і на звычайнай імшы заўсёды ўспамінаю спачылага Леаніда Несцюка – і прыгажосць такую зрабіў, і з людзьмі добры быў.
Руслан і Ірэна Масальскія, з дочкамі Кірай і Карынай, аг. Варняны

Ірэна:
– У Гервяты на фэст прыязджаем штогод. Спярша абавязкова абыходзім вакол касцёла тры разы, а потым з дачушкамі ідзём на батуты ці купіць чаго-небудзь смачненькага.
Руслан:
– Радасна, што наведванне фэста стала нашай сямейнай традыцыяй. Калісьці мяне малога з сабой бралі бацькі, а цяпер я тут са сваімі дзецьмі.
Арцём Шасцялінскі, г. Мінск (без фота):
– У Гервятах, як і на Астравеччыне даводзілася бываць падчас экскурсій – і без перабольшвання ўлюбіўся ў ваш край. Прыгожая прырода гарманічна спалучаецца з архітэктурнымі помнікамі. Чаго толькі варты касцёл Святога Міхала Арханёла ў Міхалішках, які ўзвышаецца на стромкім беразе Віліі. На Троіцкі фэст прыехаў спецыяльна і не пашкадаваў. З задавальненнем паслухаў цудоўнае казанне біскупа, адпачыў на лавачцы ў дэндрапарку, а падчас шпацыра па кірмашы прыдбаў пляменнікам слодычаў.