Сваё, астравецкае: Будынкі, у якіх у розныя часы размяшчалася рэдакцыя “АП”

13:00 / 29.05.2026
Шостае заданне конкурсу «Сваё, астравецкае», як мы і меркавалі, не выклікала цяжкасцей у нашых чытачоў, нягледзячы на тое, што здымкаў мы далі 5, а ў тэксце напісалі, што іх 4. Тым не менш, дзесяць з адзінаццаці ўдзельнікаў правільна адказалі: аб’ядноўвае ўсе гэтыя будынкі – і двухпавярховы дыхтоўны райвыканкам, і напаўразбураную, зарослую кустоўем хаціну, якую даўно знеслі, – тое, што ў розныя гады тут размяшчалася рэдакцыя газеты «Астравецкая праўда». Скажам па сакрэце (які, думаю, лёгка разгадалі нашы чытачы: гэтае заданне мы прымеркавалі да 85-годдзя з дня першага выпуску «раёнкі»). А не хапала ў гэтым лагічным радзе фота сённяшняй рэдакцыі – і многія канкурсанты даслалі нам яго ў розных ракурсах, за што ім вялікі дзякуй.

На асноўныя пытанні – што аб’ядноўвае і чаго не хапае – амаль усе адказалі правільна. Памылковы быў толькі адзін адказ: нехта Аляксандр пазнаў толькі адну хату і расказаў пра бабулю, што там жыла.

Некаторыя, праўда, абмежаваліся тэлеграфным стылем: размяшчалася рэдакцыя, не хапае здымка сённяшняга офіса па Энгельса, 2А.


Тыя ж, хто ўдзельнічае ў конкурсе з першага задання, ведаюць: чым больш разгорнутыя і падрабязныя адказы, тым больш балаў можна атрымаць – а яны ж, як вядома, падсумоўваюцца, і па іх агульнай колькасці будзе вызначацца пераможца.

Але, паглыбіўшыся ў дэталі, некаторыя канкурсанты пераблыталі ўсё, што можна: назвы газет, гады выхаду, чарговасць будынкаў. Ну што ж, бывае… Здымаць балы за гэта мы не сталі – як гаворыць у падобных выпадках вядучы беларускага інтэлектуальнага клуба Алесь Мухін, «знатакі праніклі ў сутнасць пытання».

Самы дакладны і падрабязны адказ даслала Карына Стаповіч – відаць, уваж­ліва прачытала першую частку кнігі «Праз гады і газетныя старонкі». Больш таго, Карына справядліва ўказала, што ў гэтым лагічным радзе не хапае не аднаго здымка, а некалькіх. 

Так, сапраўды, сённяшняе месца жы­харст­­ва «раёнкі» не шостае, а восьмае. У заданні мы свядома не ўспомнілі хату на вуліцы Ленінскай, дзе ў 1941 годзе раз­мяшчалася рэдакцыя «Большэвіцкага арганізатара» і друкарня, – на гэтым месцы стаіць жылы дом.

Няма ўжо і будынка па вуліцы Валадарскага, дзе размясцілася адноўленая пасля вайны «Сталінская праўда». На гэтым месцы цяпер фірменны магазін «Крышталь».

Зарослая кустоўем хаціна, якую не змаг­ла апазнаць Наталля Блахіна, таксама даўно знесена. 

Карына Стаповіч прыгадала яшчэ адзін будынак, якога не было ў конкурсным заданні: былы райкам партыі па вуліцы Кастрычніцкай (на гэтым месцы цяпер знаходзіцца кінаканцэртная зала «Астравец»), дзе некалькі кабінетаў было адда­дзена пад рэдакцыю.

Затое ўсе пазналі доўгі цагляны бу­ды­нак па вуліцы Набярэжнай. Ён узво­дзіўся за сродкі вобласці спецыяльна для рэдакцыі і друкарні. Карына Ста­повіч прыводзіць успаміны былой супрацоўніцы «АП» Таісы Сямёнавай: 

«Выцягнуты ў даўжыню, ён выгля­даў прыземістым – але толькі звонку. Унутры ж – высокая столь, велічэзныя вокны, якія, тым не менш, давалі няшмат святла, бо выходзілі на зацененую высокімі ліпамі вуліцу. Форткі размяшчаліся амаль пад столлю і ад першага цяпла да першых прымаразкаў заставаліся адчыненымі, у непагадзь  праз іх у кабінеты нацякала дажджу. Агромністыя рамы не адчыняліся, вымыць іх было цяжка, уцяпліць на зіму – яшчэ складаней. Батарэі цэнтральнага ацяплення не маглі нагрэць пакоі-гмахі, таму ў кабінетах стаяла халадэча. Людзі рабілі газету, накінуўшы на плечы паліто або нацягнуўшы тоўстыя свэтры ручной вязкі. Пэўна, праекціроўшчыкі не разлічвалі, што ў іх будынінах будуць працаваць людзі, да таго ж творчыя, у якіх рабочы дзень ненармаваны, і мінімальны камфорт ім ой як патрэбны…»

Калі друкарню ліквідавалі, а рэдакцыю перавялі ў райкам партыі (сённяшні райвыканкам), на Набярэжнай надоўга пра­пісалася раённая бібліятэка. Пасля таго як бібліятэкары перасяліліся ў шматфункцыянальны культурны комп­лекс, будынак на Набярэжнай нейкі час пуставаў. Вячаслаў Саковіч паведаміў, што цяпер там вядзецца рэканструкцыя пад аб'ект па тэхнічным абслугоўванні і ра­монце аўтамабіляў ТАА «ТвойБуд». Ну і добра – абы не змарнавалася! 

Пасля райвыканкама рэдакцыя «Астравецкай праўды» пэўны час кватаравала ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання, займаючы там адно крыло на першым паверсе. 

А напачатку 2016 года журналісты справілі чарговае наваселле ў колішнім будынку раённай пракуратуры на вуліцы Энгельса, 2А.

Карына Стаповіч не толькі падрабязна і дакладна адказала на ўсе пытанні, але і дапоўніла іх фотаздымкамі ранейшых будынкаў і сённяшніх, а таксама расказала гісторыю газеты, узгадала колішніх рэдактараў. Ну вельмі грунтоўная праца! Дзякуй вялікі!

Наталля Блахіна падзялілася сваімі дзі­цячымі ўспамінамі: 

«Памятаю, хадзіла ў будынак па вуліцы Набярэжнай  з дзядулем, ён працаваў ў пашпартным стале і забіраў з друкарні нейкія бланкі. Уражанне ад вялікіх і гучных друкавальных станкоў сённяшнія дзеці выказалі б адным словам: «ваў»! А яшчэ мне далі патрымаць металічныя літары – яны былі вельмі цяжкія, потым ужо даведалася, што адліваліся са свінцу. Паказалі, як іх затым устаўляюць у спецыяльную форму і складваюць з іх словы. Яны былі не звычайныя, а перавернутыя, у люстраным адбітку – цікава і незразумела: як потым чытаць? Магія, дый толькі!

Аднойчы мне спатрэбілася парт­рэтнае фота, каб паслаць сяброўцы, – тады модна было абменьвацца здымкамі. Звярнулася ў рэдакцыю да Уладзіміра Кувалдзіна. Фота ён зрабіў – вядома ж, бясплатна. А ў маёй памяці назаўсёды засталіся ўражанні ад незвычайнага працэсу: праяўка плёнкі, негатыў, друкаванне здымкаў… Як толькі ў школе з’явіўся фотагурток, я адразу ж туды запісалася».

Аляксандра Працута пагутарыла з сынам адной з першых рэдакцыйных наборшчыц Галіны Бунчук Міхаілам – і дапоўніла свой адказ (на жаль, не вельмі дакладны) яго ўспамінамі пра матчыну работу.

На гэтым этапе найбольшую колькасць балаў – 5 – атрымлівае Карына Стаповіч. Чатыры – у Наталлі Блахіной. Па 3 – у тандэма Бабіч і Заруба, Аляксандры Працуты, Ірыны Пунько, Вячаслава Саковіча, па адным – у Вікторыі Анімуцкай, Марыі Чумы, Аксаны Свірскай.

«З вялікім задавальненнем удзель­нічаю ў гэтым конкурсе, дзякуючы яму зрабіла шмат цікавых адкрыццяў пра мясцовых людзей і наогул пра астравецкі край. Не заўсёды ўдаецца знайсці правільны адказ, бо я не мясцовая. Але памылкі не палохаюць: прыемна ўдзельнічаць у конкурсе і адказваць на заданні амаль што  нараўне з тутэйшымі», – такімі словамі пачала адказ на чарговае заданне Ірына Пунько.

І іншым нашым чытачам жадаем не палохацца памылак – яны здараюцца ва ўсіх. Дый перамога ў конкурсе – не галоўнае. Асноўнае – магчымасць даведацца нешта новае пра Астравеччыну і яе жыхароў. Поспехаў усім!

Текст: Нина Рыбик
Фото: из архива АП