Праект “Дзедаўская прылада” атрымаў другое жыццё ў музеі Гудагайскай школы
– Мы іх збіраем, – хітравата ўсміхнулася кіраўнік музея Ірына Жалток. – Думаю, яны нам спатрэбяцца.
Калі прыйшла вестка, што праект «Дзедаўская прылада» атрымаў «Залатую Літару», Ірына Мікалаеўна адной з першых патэлефанавала, каб павіншаваць з перамогай:
– Вы самі, напэўна, не разумееце, якую каштоўную справу зрабілі, распачаўшы гэты праект. Для нашага музея дык дакладна, але, думаю, не толькі для яго.
Ірына Жалток расказала, што сабрала ўсе выпускі конкурсных заданняў і заламініравала публікацыі. Цяпер іх выкарыстоўваюць у музеі падчас правядзення экскурсій і адукацыйных заняткаў. Як? Вядома ж, не ўрокі гучнага чытання па іх праводзяць!

Дзеці і дарослыя не проста ўдзельнічаюць у экскурсіі, дзе, прабачце, усё разжуюць і ў рот пакладуць. Яны праходзяць своеасаблівы квэст: ім прапаноўваюць знайсці сярод экспанатаў музея пэўнае заданне (практычна ўсе яны ёсць у гудагайскім музеі). А затым з газетных публікацый даведацца, як і для чаго выкарыстоўвалася тая ці іншая дзедаўская прылада; як, дзе і чаму яна ўзнікла, які шлях эвалюцыі прайшла. І тады старадаўняя рэч побыту, хай то кош з накрыўкай, шкляная мухалоўка ці машынка для стрыжкі валасоў, пачынаюць гаварыць галасамі мінулых пакаленняў, якія расказваюць звязаныя з ёй гісторыі.
– Менавіта так нараджаецца цікавасць да спадчыны свайго народа, – гаворыць Ірына Мікалаеўна. – Дзеці не проста слухаюць – яны даследуюць, адкрываюць і дзеляцца ведамі з іншымі.

Па словах кіраўніка музея, не меншую цікавасць выклікаюць заданні конкурсу і ў дарослых наведвальнікаў – прынамсі, удзельнікі абласнога семінара музейных работнікаў, якія наведалі музей «Зямля гудагайская: матэрыяльные і духоўнае», з не меншай цікавасцю, чым школьнікі, шукалі адказы на пастаўленыя пытанні.
– Дзедаўская прылада» стала нечым большым, чым звычайнае спаборніцтва. Ён ператварыўся ў сапраўдны ўрок памяці, павагі да сваіх каранёў і любові да роднай зямлі, – дадала да віншаванняў калектыву з высокай узнагародай Ірына Жалток.
А мы можам з радасцю адзначыць: нам прыемна, што конкурс не толькі меў папулярнасць у чытачоў на працягу ўсяго мінулага года і ў выніку атрымаў вышэйшую ўзнагароду Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ. Галоўная яго каштоўнасць – тое, што ён «пайшоў у народ», працягвае жыць нават пасля завяршэння і дае новыя звесткі, абуджае цікавасць да мінуўшчыны.
Фота з архіва Ірыны Жалток.